Начальнік прэс-службы смаленскай мытні Ўладзімер Сафонаў сказаў Інтэрфаксу, што цягам паўгадзіны чакаецца пісьмовае распараджэньне. А пакуль — паводле вуснага распараджэньня — малочны груз зь Беларусі “прапускаем у ранейшым аб'ёме, за выключэньнем сухога малака”.
Першы намесьнік старшыні дзяржаўнага мытнага камітэту заявіў, што “пакуль ніякай інфармацыі ад расейцаў пра пропуск беларускай малочнай прадукцыі не прыходзіла”. Намесьнік начальніка Віцебскай мытні Яўген Савельеў сказаў, што яму таксама невядома пра такія крокі расейскага боку. Далейшыя дзеяньні беларускіх мытнікаў будуць залежаць ад распараджэньня беларускага мытнага камітэту.
Старшыня Савета Фэдэрацыі Расеі Сяргей Міронаў мяркуе, што беларуска-расейская “малочная вайна” будзе завершана “намаганьнямі профільных міністэрстваў”. Ён адзначыў, што “галоўныя прычыны міждзяржаўных праблемаў знаходзяцца ў сфэры суб'ектыўных, а не аб'ектыўных фактараў”.
Мэр Масквы Юрый Лужкоў скрытыкаваў кіраўніка Мінфіну Расеі за дзеяньні ў час крызісу і за адносіны да Беларусі. У эфіры “ТВ-Центр” ён сказаў: “Лічу, што палітыка Кудрына не зьяўляецца ўдалай, асабліва ў крызіс. Я пярэчу супраць яго палітыкі, я апанірую”, — заявіў Юрый Лужкоў. Ён адзначыў, што “ня вельмі разумее” выказваньні Аляксея Кудрына на адрас кіраўніцтва Беларусі.