Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марк Урноў: “Ціск Крамля на Беларусь будзе гранічна ўзрастаць”


Марк Урноў
Марк Урноў

Маскоўскі палітоляг Марк Урноў, дэкан факультэту прыкладной паліталёгіі Вышэйшай школы эканомікі, пракамэнтаваў “Свабодзе” разьвіцьцё супрацьстаяньня паміж Масквой і Менскам пасьля байкоту А. Лукашэнкам саміту АДКБ.

“У Крамлі не хаваюць раздражненьня палітыкай Лукашэнкі. Адзін з чыноўнікаў у атачэньні Мядзьведзева нават заявіў газэце “Коммерсантъ”, што, відаць, Лукашэнку надакучыла быць прэзыдэнтам Беларусі. Як далёка Крэмль гатовы пайсьці ў гэтым супрацьстаяньні?”

“Адносіны расейскай улады да Лукашэнкі гранічна адмоўныя. Тое, што рыхтуецца газавая атака на Беларусь, зараз стала агульнавядомым фактам. У любым выпадку ціск будзе гранічна ўзрастаць. Наколькі Крэмль гатовы да таго, каб скінуць Лукашэнку такімі дзеяньнямі, сказаць цяжка. Але тое, што ціснуць будуць максымальна, незраўнана мацней, чым гэта было з Украінай, гэта відавочна. Лукашэнку досыць доўга лічылі сваім чалавекам, хаця Пуцін даўно да яго кепска ставіцца... А калі чалавека доўга разглядаюць як свайго, а потым ён робіць жорсткі манэўр, тут эмоцыі бываюць вельмі моцныя. Да таго, як ананімны чыноўнік з Крамля заявіў, што Лукашэнку надакучыла быць прэзыдэнтам, выказваўся Канстанцін Затулін. Гэты чалавек вядомы сваёй падтрымкай Лукашэнкі, ён ранейшы адвакат Лукашэнкі. Але і ён гэтым разам назваў дзеяньні Лукашэнкі недальнабачнымі, якія могуць дорага яму каштаваць. Тут Затулін выступае як баромэтар адносін Крамля да Беларусі. Цяпер зразумела, што зачэпак для Аляксандра Лукашэнкі ўнутры ў расейскай эліце амаль не засталося.

Іншае пытаньне, наколькі гэта атрымаецца ў Крамля. У нас жа такая ўстойлівая матрыца адносін з былымі савецкімі рэспублікамі. Спачатку ідзе пасыл: “Мы вас купім!”, потым, калі яны не купляюцца і вядуць сябе незалежна, — “Мы вас задушым”. І кожны раз Расея напорваецца на адно і тое ж: у гэтых краінах пачынаецца кансалідацыя нацыі, як гэта было і ў Грузіі, і ў балтыйскіх краінах, і ў значнай ступені ва Ўкраіне. Там наступае кансалідацыя, рэжым умацоўваецца, і мы пачынаем крыўдаваць на амэрыканскі імпэрыялізм і падкопы з боку Эўропы, замест таго, каб зразумець, што нашая палітыка ня вельмі эфэктыўная... Але ў гэтым выпадку ўносіцца і іншы фактар: прынамсі ў расейскай прэсе мусіруецца, што беларускія спэцслужбы, якія зьвязаныя са спэцслужбамі Расеі, цяпер настроеныя па-антылукашэнкаўску, бо той не дае ім кавалак пірага, і што ў напружаных умовах яны могуць Лукашэнку “засунуць”, які пісалі ў адной з газэт. Можа, Крэмль робіць стаўку на гэта”.

“Якая мэта гэтага расейскага ціску: каб Лукашэнка адвярнуўся ад Эўропы, прызнаў Абхазію, вярнуўся да інтэграцыі?”

“Мэты відавочныя. І іх сапраўды некалькі. Вядома, надзея была, што Лукашэнка прызнае Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, і пад гэта былі яму абяцаныя крэдыты, а ён узяў і не прызнаў. Па-другое, Крэмль жахліва ставіцца да пераарыентацыі любых былых савецкіх рэспублік на Захад і на аддаленьне ад Расеі. Гэта падрывае асноўную стратэгічную мэту Расеі — забясьпечыць сабе становішча рэгіянальнай супэрдзяржавы. Акрамя таго, Расеі важнае стратэгічнае становішча Беларусі. Яе пераарыентацыя на Захад істотна, на парадак ускладняе расейскую пазыцыю ў адносінах з Украінай... Такім чынам, відавочная пераарыентацыя Лукашэнкі — кепскі падарунак для Крамля. Адсюль і хваравітая рэакцыя. Па-трэцяе, расейская эліта разьлічвала ўзяць пад кантроль кавалкі ўласнасьці ў Беларусі, газавую сыстэму, шэраг заводаў. І гэта застаецца нявырашаным. Гэта вельмі значныя для расейскай палітыкі пазыцыі. І апошняе — гэта ўчарашняя сымбалічная поўха: АДКБ разглядалася як рэальная структура і наш расейскі адказ пашырэньню НАТО, а калі Беларусь так ці іначай з АДКБ выпадае, то арганізацыя становіцца дзіўнай і наўрад ці патрэбнай. Бо рабіць сыстэму калектыўнай бясьпекі з цэнтральнаазіяцкімі рэспублікамі, дый не з усімі, — гэта сьмешна...”

“А як вы ацэньваеце спрэчку Масквы і Менску наконт легітымнасьці ці нелегітымнасьці ўчарашніх рашэньняў саміту АДКБ, у прыватнасьці — стварэньня Калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня?”

“Зараз пачнецца спаборніцтва юрыстаў: Беларусь будзе спасылацца на 12 артыкул Статута АДКБ, напэўна, знойдуцца дасьведчаныя юрысты-міжнароднікі, якія скажуць іначай. Насамрэч размовы пра легітымнасьць ці нелегітымнасьць паміж двума аўтарытарнымі рэжымамі, якія ў сваіх паводзінах меней за усё клапоцяцца пра рэальную легітымнасьць і выкарыстоўваюць гэта як нейкую фразу для лепшага абгрунтаваньня сваіх інтарэсаў, малаістотныя. Усе цудоўна разумеюць, што праблема ня ў тым, што гэта легітымна альбо не. А што гэта гранічна нявыгадна для Расеі з пункту гледжаньня яе зьнешнепалітычнай піяр-дактрыны. А для Беларусі, для Лукашэнкі гэта выгадна, бо гэта эфэктны інструмэнт дэманстрацыі ўласнай незалежнасьці і гульні на Захад, для таго каб прадэманстраваць свой радыкальны паварот і гатоўнасьць так ці іначай інтэгравацца ў заходнеэўрапейскую сыстэму”.

“А наколькі эфэктыўныя, на вашую думку, гэтыя адчайныя крокі Лукашэнкі? Ці не атрымаецца, што ён пасварыцца з Расеяй і не пасябруе з Захадам?”

“Хутчэй за ўсё, так яно і будзе. Зразумела, што Захад ня вельмі любіць Лукашэнку, ставіцца да яго зь вялікім недаверам і падазрэньнем. Так што Лукашэнку ня варта разьлічваць на брацкія абдымкі. Але ён чалавек насамрэч азартны і рызыкоўны. Фактычна ён гуляе ва-банк. Ён, відаць, пралічвае варыянт, што такога кшталту паводзіны рэзка абмяжоўваюць свабоду ягонага манэўру, бо калі ён канчаткова пасварыцца з Расеяй, то апынецца пад ціскам заходніх структур, у якіх свае ўяўленьні пра дэмакратыю і правы чалавека, некамфортныя для Лукашэнкі. Адзінае, на што ён можа разьлічваць, дык гэта тое, што, кінуўшы выклік Расеі, ён змабілізуе насельніцтва. Бо, як паказваюць апытаньні, сярод беларусаў папулярнасьць Масквы невысокая, жаданьне аб’ядноўвацца з Расеяй даўно прайшло, і калі Масква пачынае дэманстраваць свой ціск на Беларусь, б’ючы па болевых кропках, і гэта будзе адбівацца на жыцьцёвым узроўні, тут Лукашэнка можа чакаць кансалідацыі вакол яго беларускай грамадзкай думкі і ўсплёску антырасейскіх настрояў. Гэта, напэўна, адзіны фактар, які працуе яму на плюс, на што ён можа абаперціся, кажучы людзям, што наш сусед, якога мы лічылі братам, насамрэч пагражае нам усім, чым можа. Таму трэба аб’яднацца і перанесьці ўсе цяжкасьці з гонарам, вартым беларускага народу як цэнтральнаэўрапейскай нацыі... У іншых краінах гэтая карта спрацоўвала, можа, і ў яго спрацуе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG