Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч стартуе ў прэзыдэнцкай гонцы?


Сёньня рада руху “За свабоду” на сваім паседжаньні ў Менску афіцыйна ініцыявала правядзеньне Эўрапейскага форуму “як мабілізуючага мерапрыемства для ўсіх прыхільнікаў эўрапейскай інтэграцыі Беларусі”. Прапанавана таксама стварыць арганізацыйны камітэт, а на пасаду яго старшыні рэкамэндаваць Аляксандра Мілінкевіча. Мяркуецца, што кангрэс адбудзецца ў лістападзе 2009 году.

Намесьнік старшыні руху “За свабоду” Віктар Карняенка кажа, што на форуме трэба разгледзець толькі адно пытаньне:

Віктар Карняенка
“З нашага пункту гледжаньня, на форуме ня могуць разглядацца ніякія іншыя пытаньні, акрамя пляну і стратэгіі інтэграцыі Беларусі ў Эўропу. Напрыклад, у нас ёсьць праграма эўрапейскага партнэрства, а ў ёй — некалькі плятформаў. І мы павінны на гэтым кангрэсе прапанаваць плян дзеяньняў, напрыклад, па спрашчэньні візавага рэжыму. І прызначыць адказных, хто гэтым будзе займацца і праводзіць пэўную працу. Мы павінны перайсьці на тэхналёгіі ў нашай дзейнасьці і адмовіцца ад прыняцьця заяў”.

Палітоляг Юрась Чавусаў лічыць: Эўрапейскі форум — гэта імпрэза перадвыбарчага характару:

Юры Чавусаў
“Нягледзячы на тое, што прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча ўвесь час адмаўляюцца ад таго, што там будзе вылучацца адзіны кандыдат, па-першае, іх меркаваньне можа зьмяніцца. А па-другое, гэтае мерапрыемства носіць палітычны характар пад Аляксандра Мілінкевіча. Справа ў тым, што яму нязручна даволі доўгі час існаваць у ролі, так бы мовіць, дэзавуаванага лідэра аб’яднанай апазыцыі. Для гэтага яму патрэбна падтрымка шырокага кола грамадзянскай супольнасьці. Аднаго руху „За свабоду“ тут недастаткова, патрэбна кааліцыйная падтрымка. І такую падтрымку яму выкажа гэты форум. Нават калі там ня будзе фармальнага рашэньня, тое, што ён зьяўляецца старшынём аргкамітэту, сьведчыць пра тое, што форум зьбіраецца пад яго. І напэўна з гэтага кангрэсу пачнецца ягоны старт у выбарчай кампаніі”.

Віктар Карняенка не хавае: пытаньне пра адзінага кандыдата сёньня абмяркоўвалася.

“Трэба выходзіць на прэзыдэнцкія выбары аб’яднаўшыся. Мы — прыхільнікі такога аб’яднаньня. Але мы павінны абіраць адзінага паводле аб’ектыўных і зразумелых крытэраў. І не спадзявацца, што статус адзінага дазволіць гэтаму чалавеку сканцэнтраваць вакол сябе рэсурсы і ўсё астатняе. Трэба выходзіць на варыянт адзінага кандыдата ад усіх дэмакратычных сіл. А не ад Аб’яднаных дэмсілаў толькі”.

Дарэчы, група вядомых актывістаў Партыі БНФ зьвярнулася да фронтаўцаў з заклікам “падтрымаць маральную нацыянальна-дэмакратычную пазыцыю”. У лісьце адзначаецца, што “некаторыя дзеячы палітычнай сцэны Беларусі ўжо фактычна пайшлі па сьлізкай дарожцы прыслугоўваньня ўладзе. Яны пачалі пераконваць міжнародную супольнасьць і беларускі народ, нібыта цяперашні рэжым стаў на шлях “лібэралізацыі”.

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч, якога я папрасіў сёньня выказаць сваё стаўленьне да гэтага дакумэнту, сказаў так:

“Я не лічу, што маю права камэнтаваць унутрыпартыйныя дакумэнты. Вельмі хацеў бы, каб БНФ быў моцнай структурай. Я ніколі не спрычыняўся да яго разбурэньня. Наадварот, лічу, што БНФ мае быць адной з асноўных сіл у нацыянальным беларускім руху. Жадаю, каб так і адбылося. Каб яны захавалі і свае старыя выдатныя кадры, і не адштурхнулі ад сябе моладзь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG