Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнікі-хрысьціяне аб’ядналіся


Выступае Павал Севярынец
Выступае Павал Севярынец

У сядзібе партыі БНФ адбылася прэзэнтацыя творчага аб’яднаньня пісьменьнікаў-хрысьціянаў “Дабравест”.

Паэты, пісьменьнікі, барды кажуць, што насьпела неабходнасьць аб’ядноўвацца ў творчыя саюзы, каб словам папулярызаваць хрысьціянскія каштоўнасьці ў грамадзтве.

Адным са сустаршыняў аб’яднаньня “Дабравест” зьяўляецца палітык Павал Севярынец. Ідэю стварэньня аб’яднаньня хрысьціянаў-пісьменьнікаў падтрымалі многія.

Павал Севярынец: “Ідэя стварыць аб’яднаньне пісьменьнікаў-хрысьціянаў узьнікла з таго відавочнага факту, што за тысячу гадоў існаваньня Беларусі хрысьціянская культура зьяўлялася галоўнай плыней хрысьціянскай культуры.

На жаль, у апошняе стагодзьдзе і асабліва ў апошнія гады мы бачым беларускую хрысьціянскую культуру на пэрыфэрыі. Для нас істотна, што беларуская нацыянальная сьвядомасьць можа фарміравацца перш за ўсё на гістарычных хрысьціянскіх каштоўнасьцях.

Таму адраджэньне нацыянальнай ідэі для нас неадрыўна ад ідэі адраджэньня хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, галоўнае культуры.

Мы запрасілі да ініцыятывы стварэньня аб’яднаньня “Дабравест” хрысьціянаў розных канфэсіяў. Гэта першая прэзэнтацыя. Вершы, песьні, проза — усё выконваюць хрысьціяне“.

У актавай залі на сядзібе партыі БНФ не было вольных месцаў. Адзін за адным выступалі паэты, пісьменьнікі і барды. Вечарыну вяла паэтка і бард Валерыя Кустава. Яна прадстаўляла кожнага выступоўцу.

“Нашу арганізацыю дабраславіў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, у творчасьці якога ці не найяскравейшым чынам выявілася яднаньне Беларусі і Бога.

Беларускія паэты — тыя самыя званары, у чыіх душах Бог і Беларусь ёсьць той асновай, той існасьцю, на якой яны стаяць, якой мацуюцца, пра якую яны гавораць іншым.

Адсюль, падаецца, вымалёўваецца новы лёзунг маладой Беларусі: “Будзьма беларусамі, будзьма з Богам”“.

Галіна Каржанеўская
Галіна Каржанеўская прачытала свае вершы, прысьвечаныя тэме веры, суадносінаў чалавека і ягоных уяўленьняў пра свае месца ў гэтым сьвеце і стаўленьня да Бога.

“Дык няма нас, ці ўсё ж мы ёсьць?
Мо народзін працэс зацягнуўся?
Ну, яшчэ трошкі! Вось-вось
і разродзіцца Бог Беларусьсю.

Меў задуму, намеціў і грань,
назапасіў сабе матэрыялу.
Ты яму, Беларусь, памагай.
Ну, давай, бо, каб позна ня стала.”


Андрэй Мельнікаў
Перад слухачамі выступіў са сваімі песьнямі, прысьвечанымі Богу бард Андрэй Мельнікаў.

Пра свой шлях да веры распавёў пісьменьнік Міхась Кулеш.

Свае творы чыталі аўтары Эльвіра Ярчак, Барыс Жанчак, Тацяна Беланогая, Мікола Бакас, Алесь Сьпіцын і вядучая вечарыны Валерыя Кустава.

Сябры аб’яднаньня “Дабравест” выказалі сваю ўпэўненасьць у тым, што колькасьць пісьменьнікаў-хрысьціянаў павялічыцца і кола сяброў аб’яднаньня стане значна большым. Час ад часу “Дабравест” будзе ладзіць вечарыны для моладзевай аўдыторыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG