Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольнае беларускае слова гучала ў Кіеве


Марыя Мартысевіч
Марыя Мартысевіч
Фэст “Беларуская вясна” завяршыўся ўчора ва Ўкраіне. Цягам яго адбылася выстава твораў мастака Алеся Пушкіна, прайшлі дзьве аўтарскія вечарыны пісьменьніка Ўладзімера Арлова, маладыя літаратары паўдзельнічалі ў супольным з украінскімі конкурсе мастацтва чытаньня вершаў (гэтак званы слэм) і круглых сталах па надзённых праблемах беларускай культуры. Былі наладжаныя і шматлікія вулічныя акцыі ў падтрымку вольнага слова ў Беларусі. Пра вынікі фэсту гутарым зь ягонай куратаркай Марыяй Мартысевіч.

Гэта быў ужо трэці падобны фэст ва Ўкраіне. Ягоная мэта — прапаганда непадцэнзурнай беларускай культуры. Самай уражлівай і прыгожай акцыяй фэсту быў, лічыць Марыя Мартысевіч, паэтычны слэм, хоць беларусы яго і прайгралі ўкраінцам. Ён прайшоў на беразе Дняпра пры вялікай колькасьці слухачоў.

“Было вельмі весела. Усё гэта адбывалася на Андрэеўскім спуску на адкрытай пляцоўцы. Калі ты стаяў там, ты бачыў панараму гораду. Усё было вельмі таямніча і фаерычна”.

Сёлета так атрымалася, што адначасова ва Ўкраіне праходзіў і міжнародны літаратурны фэст “Кіеўскія лаўры” і арганізатары прапанавалі паўдзельнічаць у ім таксама маладым беларускім творцам, кажа Марыя Мартысевіч.

Віктар Жыбуль і Вера Бурлак прадстаўлялі беларусаў на гэтым вечары. Я таксама прачытала верш. Я была мадэратарам на вечарыне і мне здаецца, што Віктар і Вера мелі сапраўдны посьпех там, прынамсі, вельмі цёпла іх прымалі”.

Шмат кіянаў прывабіла і акцыя фэсту “Беларускі кантэкст”, кажа спадарыня Мартысевіч.

“Гэта цэлая гадзіна чытаньня, якая адбывалася ў кіеўскім Доме настаўніка. Там выступала я, выступаў Сяргей Прылуцкі з паэтычнай справаздачай за паўгоду, якія ён жыве ў Кіеве — вельмі моцныя вершы, на мой погляд, напісаў там Сяргей. Таксама Вера Бурлак і Віктар Жыбуль выступалі. Ну і прыемнай неспадзяванкай стаў удзел Дзьмітра Строцава ў “Беларускім часе”.

Дамоў з Украіны беларусы прыехалі са спадзевамі на новыя сустрэчы, падсумоўвае Марыя Мартысевіч.

“Апошнія гадоў пяць вельмі шчыльна супрацоўнічаюць і літаратары, і выдавецтвы ўкраінскія цікавяцца беларускай літаратурай. Іншая справа, што гэта ўсё адбываецца даволі стыхійна і няма нейкай такой плянавай палітыкі, але самае галоўнае, што завязваюцца сувязі паміж украінскімі аўтарамі і беларускімі. І самае цікавае, што апошнім часам найбольш нават праз Украіну ідуць кантакты з расейскамоўнымі аўтарамі з Расеі і Ўкраіны і беларусамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG