Ён адзначыў, што вынікі разьвіцьця эканомікі Беларусі за апошнія 4-5 месяцаў даюць упэўненасьць, што “падзеньне зафіксавана і далей будзе рост”. Які гэта будзе рост – “будзе вызначана ў выніку абмеркаваньня зь міністрамі”.
Паводле С.Сідорскага, у 2008 годзе валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырас на 10%, а па выніках 4-х месяцаў 2009 года – толькі на 1,2% супраць 1,1% за I квартал 2009 года. Кіраўнік ураду чакае невялікі прырост ВУП за студзень-травень адносна вынікаў чатырох мінулых месяцаў.
"У кароткія, сьціслыя тэрміны мы павінны значна прыбавіць – такую задачу паставіў прэзыдэнт", - заявіў С.Сідорскі. Ён заявіў, што цяпер на зьнешніх рынках склаліся "ўнікальныя магчымасьці для эканомікі Беларусі".
Цяпер галоўнай праблемай, паводле С.Сідорскага, зьяўляецца нарошчваньне экспарту.
Астаткі гатовай прадукцыі ў Беларусі дасягнулі амаль 7 трыльёнаў рублёў. У красавіку яны павялічыліся на 191 мільярда.
“Нам трэба прадаваць больш, чым мы вырабляем” - заявіў С.Сідорскі.
Паводле віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова, стратэгічнай мэтай ураду зьяўляецца дасягненьне па выніках першага паўгодзьдзя росту ВУП на 6%. Гэты паказчык зьяўляецца “першай прыступкай да выкананьня прагнозу на 2009 год". Сярод ключавых мераў антыкрызіснага пляну А.Кабякоў назваў скарачэньне адмоўнага сальда зьнешняга гандлю, стымуляваньне ўнутранага попыту і аптымізацыю бюджэтных выдаткаў.