Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаўнакам абвяшчаюць “вайну”


Старшыня мытнага камітэту Аляксандар Шпілеўскі настойвае на зьніжэньні верхняй плянкі бязмытнага ўвозу тавараў у Беларусь фізычнымі асобамі да 200 эўра. На сёньняшні дзень дзейнічае норма, якая ў пяць разоў перавышае гэтую прапанову. Грамадзянам Беларусі пакуль можна ўвозіць бяз мыта тавараў на 1000 эўра і вагой да 35 кіляграмаў. Як адаб’ецца ініцыятыва спадара Шпілеўскага на жыхарах Беларусі?

Спадар Шпілеўскі тлумачыць сваю пазыцыю абаронай нацыянальных інтарэсаў:

Аляксандар Шпілеўскі
“Калі ацэньваць эканамічную сытуацыю ў краіне, то сёньня яна не такая, якая была ўчора. Тое, што ўчора было дазволена, сёньня ўжо дастаткова складана. Сёньня ўвоз тавараў з трэціх краінаў іншымі асобамі, адрознымі ад юрыдычных асобаў, складае да 4 мільярдаў даляраў. А ўвоз тавараў фізычнымі асобамі, на мой погляд, — адна з пагрозаў эканоміцы краіны”.

На пытаньне журналісткі, чаму гэта пагроза, спадар Шпілеўскі адказвае:

— Таму што гэта складае канкурэнцыю лёгкай прамысловасьці Рэспублікі Беларусь.

—А што, чаўнакі шмат увозяць?

—Вядома, шмат.

— А калі, напрыклад, я еду за мяжу і набываю сабе гарнітур за 200 даляраў. У мяне дзьве дарослыя дачкі, якія патрабуюць падобныя ж гарнітуры. Што мне рабіць у гэтай сытуацыі?

— Набывайце ў Рэспубліцы Беларусь. Купляйце беларускае!

Яраслаў Раманчук
Эканаміст Яраслаў Раманчук не сумняецца: ні ад заклікаў, ні ад дзеяньняў накшталт тых, пра якія кажа старшыня дзяржаўнага мытнага камітэту, склады пустымі ня стануць:

“Нічога не разгрузіцца. Тыя тавары, што на складах, немагчыма прадаць. Каму яны патрэбныя?! Гэта тыповы прыклад, калі захады, якія прапануюцца, не супадаюць з мэтамі нашых уладаў”.

Эканаміст Леў Марголін таксама ня лічыць прапанову Аляксандра Шпілеўскага слушнай:

Леў Марголін
“Калі чалавек ня хоча купляць беларускае, калі яно яго не задавальняе, ён яго ўсё роўна купляць ня будзе. І рабіце гэтую норму хоць 200, хоць 100 даляраў, нічога ня зьменіцца. Можа, гэта спроба спадара Шпілеўскага вылучыцца? Але нічога добрага з гэтага ня будзе.

Калі мы дазваляем чалавеку вывезьці з краіны, нават не дэкляруючы, да трох тысяч даляраў, то ён жа іх вывозіць для чагосьці. Ён жа хоча нешта набыць сабе там. А тут атрымоўваецца так: вязеш — вязі, але глядзі. Бо калі, скажам так, ты патрацісься, то, атрымліваецца, ты парушыў закон“.

Па-першае, прапанова старшыні дзяржаўнага мытнага камітэту скіраваная на тое, каб пазбавіцца ад канкурэнцыі, лічыць Яраслаў Раманчук:

“А па-другое, гэта спроба пайсьці насустрач нашым манапалістам.
Замест таго, каб праводзіць рэформы, яны хочуць выйсьці са складанага становішча за кошт людзей.
Замест таго, каб праводзіць рэформы, яны хочуць выйсьці са складанага становішча за кошт людзей. Тыя прадпрымальнікі, якія ўвозілі шмат тавараў, і надалей будуць гэта рабіць. Хіба што хабар павялічыцца. Але гэты крок вельмі балюча адаб’ецца на жыхарах Гарадзеншчыны і Берасьцейшыны, якія вялі памежны гандаль. А таксама на тых людзях, якія езьдзілі па тавары ва Ўкраіну. У сытуацыі, калі цэны скачуць уверх, такія захады падобныя да таго, каб закрыць кляпан бясьпекі ў сытуацыі сацыяльнай напружанасьці”.

Чаму прадпрымальнікі завозяць у Беларусь адзеньне, абутак ды іншыя тавары лёгкай прамысловасьці з-за мяжы? Прадпрымальнік Аляксандар Макаеў кажа, што, тут найперш спрацоўвае цэнавая палітыка:

Аляксандар Макаеў
“Найбольшая прычына — ва Ўкраіне, краінах Балтыі, той жа Расеі кошты таньнейшыя. І нашы грамадзяне могуць там набываць рэчы і везьці іх без дэклярацыі на тысячу эўра. А то кажуць: склады трэба разгружаць. Каб разгрузіць дзяржаўныя склады, неабходна, каб наша прадукцыя выглядала прыгожа, каб яна была таньнейшай, як у тых жа кітайцаў, якія пасьпяваюць за прагрэсам”.

Аляксандар Шпілеўскі ў размове з журналістамі сказаў, што норма ў 200 эўра ўжо ўведзена ва Ўкраіне. Яраслаў Раманчук кажа: такое параўнаньне — некарэктнае:

“Усе ведаюць, якія там існуюць законы. Там можна растаможыць тавары ўсяго за 3-4% ад іх кошту. Таму там і імпартныя тавары такія танныя. А тое, што прапануе спадар Шпілеўскі, гэта добры падарунак шэраму бізнэсу, крымінальнаму бізнэсу. Яны, безумоўна, будуць гэтым карыстацца. І замест звычайных людзей, якія сёньня гэтым зарабляюць на сябе і свае сем’і, сытуацыю скарыстаюць структуры, якія маюць свой „дах“ у намэнклятуры ці сілавых структурах”.

Дарэчы, старшыня дзяржаўнага мытнага камітэту прызнаецца, што карупцыя на мытні існуе:

“Узровень карупцыі застанецца такім жа. Мы з гэтым змагаемся. Але ён як і сёньня мае месца ў асобных рэдкіх сытуацыях, так ён будзе і надалей”.

Анатоль Шумчанка
Старшыня рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка ставіцца да ўвядзеньня бар’еру ў памеры 200 эўра нэгатыўна. Ён, як і Яраслаў Раманчук, лічыць, што такая норма моцна адаб’ецца на тых, хто жыве з памежнага гандлю. А таксама кажа, што сытуацыя нагадвае абвяшчэньне своеасаблівай вайны чаўнакам з боку Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі.

Эканаміст Леў Марголін не бярэцца прагназаваць, ці падвысяцца кошты на імпарт ад захадаў старшыні мытнага камітэту:

“Цяжка сказаць. У нас звычайна дзеяньні ўраду скіраваныя на падвышэньне цэнаў імпарту. Але, з другога боку, яны і так высокія. І ўжо магчымасьці пакупнікоў дзейнічаюць, так бы мовіць, у адваротным напрамку. І што будзе мацней, цяжка сказаць”.

А тым часам Нацыянальны статыстычны камітэт паведаміў, што запасы гатовай прадукцыі на складах беларускіх прадпрыемстваў дасягнулі амаль 92% да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG