Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрабачаньне: два беларускія полюсы


Два беларусы, якія бралі ўдзел у “Эўрабачаньні-2009” у Маскве, паказалі адрозныя вынікі. .

Аляксандар Рыбак, які 18 апошніх гадоў жыве ў Нарвэгіі і прадстаўляў на сьпеўным конкурсе менавіта гэтую краіну, перамог з амаль двухразовым адрывам ад канкурэнтаў. Удзельнік ад Беларусі - Пётар Ялфімаў - не прайшоў у фінал і заняў месца ў чацьвёртым дзясятку. За Пятра Ялфімава і пасьля за Аляксандра Рыбака - як сьведчаць вынікі галасаваньня - заўзелі ў Беларусі. Пра беларусаў на сёлетнім "Эўрабачаньні" наш рэпартаж.

Упэўненая перамога Аляксандра Рыбака на конкурсе “Эўрабачаньне” спарадзіла магутную хвалю абмеркаваньняў ня толькі прычынаў такога посьпеху нараджэнца Беларусі. Яна абвастрыла і іншае пытаньне: што перашкаджае годна выступаць артыстам, якія прадстаўляюць Беларусь? Ці абавязкова трэба апынуцца дзесьці за яе межамі, каб пазбавіцца ад гнёту розных кантрольных структураў ды разьняволіцца? Як крыху аціхлі жарсьці, я затэлефанаваў адной зь беларускіх бабуль Аляксандра — Марыі Барысаўне Савіцкай, якая жыве ў Віцебску. Ці ўдалося павіншаваць унука зь перамогай?

Аляксандар Рыбак
“Ведаеце, пакуль што не — ні ён не тэлефанаваў, ні я пакуль яго асабіста не павіншавала. Але я яго павіншавала з днём нараджэньня, накіравала яму віншавальную паштоўку з добрымі пажаданьнямі. А вось сын сёньня тэлефанаваў мне з Нарвэгіі, расказаў, што Сашу вельмі добра сустрэлі ў аэрапорце і ўвогуле радасьць была па ўсёй краіне. Ну і таксама прывітаньне я Сашачку перадала, калі вядучы Андрэй Малахаў мне затэлефанаваў і я празь яго перадала свае пажаданьні ўнуку, а таксама віншаваньні ягоным бацькам, бо мой сын — гэта ягоны бацька. І тады я яго, натуральна, павіншавала. Так што яго і сваіх дзяцей я павіншавала праз Малахава. Да таго ж ён паабяцаў, што ўвосень, магчыма, наведае Беларусь. Шчыра кажучы, я і сама ў Нарвэгію зьбіралася ехаць менавіта ўвосень, але калі ён прыедзе сюды, дык я, натуральна, ужо не паеду”.

Пасьля вынікаў фіналу, якія былі агучаныя ў ноч на нядзелю, сталі вядомыя і месцы іншых удзельнікаў “Эўрабачаньня-2009”. Так, Пётар Ялфімаў у сваім паўфінале заняў 13-е месца, набраўшы 25 ачкоў, тым часам як для выхаду ў фінал трэба было трапіць у дзясятку. У агульным табэлі, з улікам адборачных і фінальных выступаў, Ялфімаў дысьлякаваўся на 32 пазыцыі. Нагадаю, што за ўвесь час удзелу ў “Эўрабачаньні” (ад 2004 году) прадстаўнік Беларусі толькі аднойчы трапіў у фінальную стадыю: у 2007 годзе Дзьмітрый Калдун заняў шостае месца сярод усіх удзельнікаў.

Музычны крытык Вітаўт Мартыненка перакананы, што абодва беларусы, якія апынуліся ў Маскве, надзвычай таленавітыя. Аднак падыход да справы ў кожнага прынцыпова розны:

Вітаўт Мартыненка
“Два вельмі таленавітыя артысты. Ялфімава я чуў яшчэ на фэстывалі „Басовішча“, і яму таксама не пашанцавала. І ўсё ж гэта талент, якім мы яшчэ будзем ганарыцца. Але яму падсунулі песьню 1980-х гадоў. З такой стылістыкай у 1974 годзе можна было паспаборнічаць нават з гуртом АВВА. Але сёньня песьня не кранае нічым. І тое, што першае месца заняў нарвэскі беларус, дык ягоная песьня ў літаральным сэнсе з катушак валіць. Дарэчы, памятаеце, якія былі камэнтары, калі ўзяла галоўны прыз Руслана? Маўляў, у яе падтанцоўка добрая. Я ехаў у машыне, гучала Руслана, дык песьня валіць з ног да гэтага часу. То бок я да таго, што ў нас прыдумляюць стэрэатыпы і ўжо пад іх танчаць. У нас ніхто не „дэгустуе“ песьню. Песьня павінна быць незвычайнай. Зьдзіўляць Эўропу песьнямі, якія там гучалі 15-20 гадоў таму, няма сэнсу. І яшчэ такі момант: трэба вельмі любіць сваю радзіму, каб прадстаўляць яе на міжнародных форумах”.

Творчы лёс сьпявачкі Насты Някрасавай у чымсьці нагадвае біяграфію Аляксандра Рыбака. За мяжой яе ведаюць лепш, чым дома. Зусім нядаўна з гуртам “Folkroll” яна атрымала ў Варшаве гран-пры фэстывалю “Новая традыцыя” і прэмію імя Чэслава Немэна. Насту прызналі лепшай з тузіну ўдзельнікаў конкурсу. Ці ня прыкрая тэндэнцыя, што таленавітых беларусаў усё часьцей успрымаюць празь міжнародную прызму?

Каб стаць зоркай альбо каб цябе заўважылі, — думаю, зьяжджаць не абавязкова.
“Мне з гэтай нагоды прыгадаліся словы: каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць. То бок дакладна зразумець, як ты яе любіш. А тое, каб стаць зоркай альбо каб цябе заўважылі, — думаю, зьяжджаць не абавязкова. Але калі ёсьць магчымасьці, калі можаш рэалізавацца дзесьці, то гэта права кожнага чалавека”.

Карэспандэнт: “На ваш погляд, усё ж Рыбак сутнасна застаўся беларусам?”

“Пра гэта трэба пытацца толькі ў яго, бо адназначна ніхто збоку ня зможа гэта вызначыць. Але важна тое, што Беларусь багатая на такіх вось таленавітых людзей. Натуральна, шмат залежыць ад таго, куды, у якія абставіны чалавек трапляе. Ніхто ня ведае, якім тут быў бы Рыбак, праўда? Ня выключана, што такія песьні тут ён увогуле не сьпяваў бы. Цалкам зразумела, што жыцьцё моцна зьмяняецца ў залежнасьці ад таго, дзе ты знаходзісься. Але кім ты зьяўляесься — гэта таксама ўплывае”.

Пётар Ялфімаў
Тым часам як у Аляксандру Рыбаку бальшыня экспэртаў і шараговых гледачоў адзначалі адкрытасьць і адсутнасьць усялякай фанабэрыстасьці, шлях да “Эўрабачаньня” Пятра Ялфімава адпачатку суправаджаўся скандальнымі сытуацыямі. Яшчэ на адборачным этапе ў рамках “Эўрафэсту” музыкі напісалі калектыўны ліст да кіраўніцтва Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі з патрабаваньнем зьняць Ялфімава з конкурсу — ягоны кантракт ускосна даваў зразумець, што лёс беларускага ўдзельніка “Эўрабачаньня” быў вырашаны загадзя. Празь некаторы час Ялфімаў і ягоная прадусарка Тацяна Касмачова перасварыліся з усімі, хто адказваў за падрыхтоўку канкурсанта — намесьнікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандрам Мартыненкам, куратарам “Эўрафэсту” Аляксандрам Ціхановічам і польскім рэжысэрам Янушам Юзэфовічам, якога нанялі, каб паставіць нумар сьпевака.

Колішні генэральны прадусар Беларускага тэлебачаньня Ўладзімер Максімкоў лічыць, што ў дадзеным выпадку амбіцыі Ялфімава саслужылі дрэнную службу ўсёй агульнай справе:

“Увогуле тэма „Эўрабачаньня“ для мяне на сёньня не зьяўляецца актуальнай, паколькі я ўжо гэтую гісторыю праходзіў і для сябе яе закрыў. Але маё меркаваньне такое, што атмасфэра ў пэўным сэнсе павінна быць нэрвовай, каб у артыста адкрываліся дадатковыя энэргетычныя магчымасьці. Але той скандал вакол Ялфімава, мне здаецца, і яйка выедзенага ня варты. Калі гэта нават і праўдзівы скандал, то гэта, хутчэй за ўсё, несупадзеньне творчага бачаньня якіхсьці двух творчых людзей. Аднак як рэжысэр па прафэсіі, я, хутчэй, усё ж на баку рэжысэраў і прадусараў, таму што яны ў большай ступені кіруюць працэсам, як правіла. А артыст — гэта ў бальшыні выпадкаў матэрыял, зь якога лепяць якісьці нумар і падзеі”.

За апошнія гады “Эўрабачаньне”, як і шмат якія іншыя сфэры жыцьця, адчувае подых глябалізацыі. Усё больш артыстаў выступаюць не за сваю радзіму, а за іншыя краіны, дзе яны часова ці стала аселі. Беларускі сьпявак грузінскага паходжаньня Тарыэл Майсурадзэ таксама быў бы ня супраць паўдзельнічаць у эўрапейскім сьпеўным конкурсе за адну са сваіх радзімаў. Аднак кажа, што паступова “Эўрабачаньне” траціць рысы нацыянальнай адметнасьці, а гэта вельмі трывожная тэндэнцыя:

“Мне хацелася б і Беларусь прадстаўляць, і Грузію ў тым ліку. Я магу і на грузінскай мове выступаць, бо гэта ж мая родная мова, але ў прынцыпе мог бы засьпяваць і на беларускай мове. Але ўсё ж хацелася б на гэтых конкурсах шырэй паказваць ня толькі вынік глябалізацыі, а менавіта вынік творчай самастойнасьці. Таму што ўсё ж мы самастойныя — і Беларусь, і Грузія. Ёсьць свая культура, якіясьці свае амбіцыі, свая мова, літаратура. Таму мне падаецца, што на такіх фэстывалях у рамках глябалізацыі і аб’яднаньня ўсё ж трэба паказваць індывідуалізм, арыгінальнасьць, уласьцівыя нацыі, фальклёру. Гэта маё бачаньне як творчага чалавека”.



Пасьля перамогі на “Эўрабачаньні” Аляксандар Рыбак стаў у Нарвэгіі амаль што нацыянальным героем. Асабліва адданыя прыхільнікі ягонай пераможнай “Казкі” заклікаюць зрабіць песьню нацыянальным гімнам. А вось Пётар Ялфімаў пасьля вяртаньня ў Менск заявіў, што мае намер разабрацца, куды насамрэч пайшлі выдаткаваныя на яго падрыхтоўку немалыя грошы зь бюджэту. Арганізатары нацыянальнага конкурсу “Эўрафэст”, у сваю чаргу, кажуць, што наступным разам да выбару кандыдатаў будуць ставіцца нашмат больш абачліва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG