Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На судзе над Кур’яновічам забаранілі аўдыёзапіс


Павал Кур’яновіч ля суду
Павал Кур’яновіч ля суду

У Першамайскім судзе Менску праходзіць суд над актывістам “Маладога фронту” Паўлам Кур’яновічам, які расклейваў улёткі з заклікам браць удзел у “Маршы незалежнасьці”.

СЛУХАЦЬ:


Суд над актывістам Паўлам Кур’яновічам пачаўся з высьвятленьня абставін затрыманьня. Падчас расповеду Паўла пра тое, як ён клеіў улёткі і як на яго палявала міліцыя, судзьдзя Леанід Ярмоленка забараніў журналісту “Свабоды” весьці аўдыёзапіс:

“Каля 17-ці гадзінаў я быў на праспэкце Незалежнасьці, распаўсюджваў там улёткі, якія заклікаюць да ўдзелу ў Маршы незалежнасьці, але гэтым я рэалізоўваў сваё права на ўдзел ў мітынгах і дэманстрацыях...”

Судзьдзя Ярмоленка: “Калі ласка, адключыце дыктафон. Забараняю весьці аўдыёзапіс”.

Раней былі забароненыя фотаздымкі ў Першамайскім судзе, у тым ліку яшчэ да пачатку працэсу.

Павал Кур’яновіч пад наглядам міліцыянтаў

Паўла Кур’яновіча затрымалі 12 траўня. Разам зь ім затрымалі непаўналетнюю актывістку Віку Ладзіс. 13 траўня ў судзе Павал заявіў, што дзяўчына не распаўсюджвала ўлёткі, а толькі знаходзілася побач. Актывіст прызнаў сваю віну цалкам. Адвакат Павал Сапелка не настойваў на тым, каб у судзе былі заслуханыя паказаньні сьведак-міліцыянтаў, якія затрымлівалі Кур’яновіча і Ладзіс. Аднак судзьдзя Леанід Ярмоленка вырашыў выклікаць іх заўтра, 14 траўня, у суд і абвясьціў перапынак. Да аднаўленьня працэсу Паўла Кур’яновіча вызвалілі з-пад варты. Заўтра ён абавязаны прыйсьці ў суд.

Адвакат Павал Сапелка не выключае, што справу Кур’яновіча перакваліфікуюць. Цягам году актывіст ужо прыцягваўся да адказнасьці за парушэньне парадку правядзеньня вулічных акцый, і таму яму могуць выставіць больш сур’ёзнае абвінавачаньне.

Сёньня ж ноччу ў Баранавічах міліцыя затрымала актывіста “Маладога фронту” Пятра Рузава. Яго вінавацяць у нанясеньні графіці ў падтрымку Мікалая Аўтуховіча на сьцены мясцовага мясакамбінату. Актывіста ўжо вызвалілі, але папярэдзілі, што яго выклічуць позвай у суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG