Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінаіда Бандарэнка: " Калі закрыюць незалежныя газэты, то хто нас пачуе? "


Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікае чытачоў "Народнай волі" і "Нашай нівы" зьвяртацца ў Міністэрства інфармацыі з просьбай адклікаць судовы пазоў аб закрыцьці газэт. У падтрымку незалежных выданьняў выказваюцца таксама вядомыя беларускія дзеячы і міжнародныя грамадзкія арганізацыі. Адначасна міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі заявіў, што незалежным газэтам дараваньня ня будзе.

"Не душыце апошняй пляцоўкі вольнага слова ў нашай краіне, пакіньце людзям права мець свае меркаваньні і свабодна іх выказваць празь любімыя газэты — "Народную волю" і "Нашу ніву" — гэта радкі адкрытага звароту да Аляксандра Лукашэнкі, зь якім са старонак газэты зьвярнулася народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка:

Зінаіда Бандарэнка
"Мне падаецца, што ён зробіць выгляд, што не заўважыў гэтага звароту. Маленечкая надзея ёсьць, ну і потым — калі насамрэч закрыюць газэты — гэта наша апошняя магчымасьць зьвярнуцца да яго. Больш такой магчымасьці ня будзе. Калі закрыюць газэты, то хто нас пачуе? Афіцыйныя СМІ надрукуюць наш боль і крык душы? Не, канечне. Таму я на гэта разьлічваю".

Як паведамляюць у рэдакцыях газэт "Наша ніва" і "Народная воля", гэтымі днямі да іх тэлефануюць чытачы са словамі падтрымкі і прапановамі дапамогі. Тым часам міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі пацьвердзіў намер міністэрства закрыць незалежныя выданьні праз суд, заявіўшы, што ім ня будзе дараваньня за тое, што "адважыліся дапамагаць некаторым палітыкам скакаць на касьцях пасьля тэракту". Вось як гэтую заяву пракамэнтавала намесьніца рэдактара "Народнай волі" Марына Коктыш:

Марына Коктыш
"Нас сёньня шакавала заява міністра інфармацыі. Прэтэнзій да "Народнай волі" за асьвятленьне тэракту ў мэтро не было, не было ніводнага папярэджаньня. Мы даволі аб'ектыўна асьвятлялі падзеі, якія адбыліся 11 красавіка, але мы ставілі пытаньні. Пытаньні, якія сёньня ставяць тысячы беларусаў".

Каб папярэдзіць працэс у Вышэйшым гаспадарчым судзе адносна двух незалежных выданьняў, грамадзкая арганізацыя "Беларуская асацыяцыя журналістаў" заклікала чытачоў і ўсіх неабыякавых людзей накіроўваць у Міністэрства інфармацыі звароты з просьбай адклікаць судовы пазоў. Вось як гэта тлумачыць юрыст БАЖу Андрэй Бастунец:

Марына Коктыш
"Калі справа дойдзе да суду, то, хутчэй за ўсё, рашэньне будзе прынятае не на карысьць незалежных СМІ. Таму важна было б маральна паўплываць на прадстаўнікоў органу, які зьвярнуўся з пазовам у суд — маецца на ўвазе Мін'юст — каб яны адчулі, што гаворка ідзе ня толькі пра два незалежныя выданьні, а пра чытачоў — людзей, якіх пазбаўляюць абраных выданьняў".

Міжнародная журналісцкая арганізацыя "Рэпартэры бязь межаў" заклікала Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі адмовіцца прымаць да разгляду пазоў Міністэрства інфармацыі да "Нашай нівы" і "Народнай волі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG