Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераможцам Эўрабачаньня стане Аляксандар Рыбак


Аляксандар Рыбак
Аляксандар Рыбак

Да такой высновы, як паказала апошняе галасаваньне, прыйшла большасьць акрэдытаваных на конкурсе Эўрабачаньне 2009 журналістаў і спэцыялістаў, якія прагледзелі ў канцэртнай залі “Алімпійскі” рэпэтыцыі ўсіх удзельнікаў.


Згодна з апытаньнем, у дзясятку фаварытаў першага паўфіналу, які адбудзецца 12 траўня, уваходзіць і 29-гадовы беларускі выканаўца Пётар Ялфімаў. Ён, паводле рэйтынгу, пакуль на 9-й пазыцыі. Сярод бясспрэчных лідэраў — вакалісты з Босьніі і Герцагавіны, а таксама Ісьляндыі, Партугаліі, Швайцарыі.

Абсалютным пераможцам другога паўфіналу (14 траўня) называюць народжанага ў Менску канкурсанта з Нарвэгіі Аляксандра Рыбака. 13 траўня яму спаўняецца 23 гады.

Аляксандар Рыбак, згодна з апошнім апытаньнем, мае стаць і ўладальнікам Гран-пры конкурсу. Фінальны канцэрт “Эўрабачаньня-2009” адбудзецца 16 траўня.

“Гэта проста асалода — працаваць з Аляксандрам. Ён добры артыст і, дзякуючы свайму абаяньню, адразу знаходзіць кантакт з аўдыторыяй. Ягоная “Казка” — гэта сапраўдны хіт”, — кажа нарвэскі пастаноўшчык нумару Ульф-Арнэ Ёхансэн.

У пастаноўцы Ёхансэна Аляксандар ня толькі сьпявае, а яшчэ і акампануе сабе на скрыпцы. Шоў суправаджаюць танцоры. Паводле крытыкаў, харэаграфія досыць складаная.

Сам Аляксандар Рыбак, размаўляючы з журналістамі, устрымліваецца ад прагнозаў. “У мяне няма нейкіх асаблівых чаканьняў”, — кажа ён. — “Мяне вельмі радуе, што ў Нарвэгіі мяне ведаюць і любяць, і гэтая любоў будзе падтрымліваць мяне ў часе выступу ў Маскве. Я ганаруся, што выступаю пад сьцягам Нарвэгіі”.

Паводле кіраўніка беларускай дэлегацыі на “Эўрабачаньні” Аляксандра Мартыненкі, нарвэскі беларус Аляксандар Рыбак выявіўся нашмат большым патрыётам, чым афіцыйны прадстаўнік Беларусі на гэтым конкурсе Пётар Ялфімаў.

Пасьля апошняй рэпэтыцыі Рыбака намесьнік кіраўніка Беларускага тэлебачаньня заявіў Інтэрфаксу:

“Я зразумеў, колькі ў Александра патрыятызму. Можна ня жыць у краіне, але ў душы цёпла і пяшчотна ставіцца да радзімы. Зьяўляючыся бясспрэчным фаварытам “Эўрабачаньня”, Аляксандар сказаў: “Калі я выступлю добра — можаце лічыць палову маёй перамогі беларускай”. Яму ня трыццаць, а толькі дваццаць, і вельмі прыемна, што ў такім юным узросьце чалавек можа паводзіць сябе настолькі годна”.

Тым часам, паводле “Комсомольской правды”, другая рэпэтыцыя ў “Алімпійскім” афіцыйнага беларускага канкурсанта Пятра Ялфімава прайшла не без чарговага скандалу з польскім харэографам — пастаноўшчыкам нумару Янушам Юзэфовічам. Юзэфовіч вядомы тым, што паставіў болей за 30 м’юзыклаў як у Польшчы, так і за мяжой. У прыватнасьці, ён ставіў харэаграфію і для спэктаклю Анджэя Вайды ў Тэль-Авіве.

Гэтым разам на рэпэтыцыі ў канцэртнай залі “Алімпійскі” Юзэфовіч і Ялфімаў паскандалілі з-за пастаноўкі сьвятла.

У шэрагу сёньняшніх расейскіх ды эўрапейскіх СМІ зьявіліся паведамленьні пра беларускую вечарыну, якая праходзіла гэтай ноччу ў клюбе фэстывалю “Эўрадом”.

Згодна з выданьнямі, вечарына, як і ў мінулыя гады, прайшла ў лепшых традыцыях беларускай гасьціннасьці. На вялікім экране круціліся відэаролікі канкурсанта Пятра Ялфімава. Усе напоі былі аплачаныя гаспадарамі. Кажуць, што сьпявак замовіў для журналістаў багата беларускага марозіва (дзе-нідзе пішуць аж пра 36 000 порцыяў), ня кажучы пра астатнія прэзэнты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG