Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Грузіны змагаюцца з Пуціным на музычнай пляцоўцы”


“Грузіны змагаюцца з Пуціным на эўрапейскай музычнай пляцоўцы” – у артыкуле пад такой назвай “International Herald Tribune” расказвае пра песьню, якую грузінская каманда вязе на “Эўрабачаньне”.

Грузінская група “Stefane and 3G” паедзе на конкурс “Эўрабачаньня”, які адбудзецца ў траўні ў Маскве, з ангельскамоўнай песенькай “We don’t wanna put in”.

Даслоўна гэта значыць “Ня хочам мы ўносіць”, але назва ўтрымлівае гульню словаў: put in – Пуцін – і яе можна прачытаць як “ня хочам мы Пуціна”. Яшчэ ў песьні гучыць радок “your better change you perspective” – “памяняў бы ты свой пункт гледжаньня”, а таксама прыпеў “I love Europe” – “я люблю Эўропу”.

Першапачаткова Грузія меркавала байкатаваць конкурс у расейскай сталіцы на знак пратэсту супраць леташняй вайны і прызнаньня Масквой незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, але потым перадумала. Грузінскія тэлегледачы і журы выбралі “Stefane and 3G” з 10 канкурэнтаў, каб кінуць выклік Пуціну ў ягонай сталіцы.

Стэфан Мгебрышвілі, кіраўнік гурту, у якім, акрамя яго, тры грузінскія сьпявачкі, гаворыць, што разьлічвае на рэзананс ад гэтай песьні і называе яе “рэклямным трукам”. Песьня ўжо вывешаная ў інтэрнэце на youtube.

Мгебрышвілі, які ўдзельнічаў у вулічных акцыях пратэсту супраць расейскай вайны ў Грузіі, кажа, што ягоны гурт заручыўся маральнай падтрымкаю ад некаторых міністраў грузінскага ўраду.

Інфармацыя пра гэта выклікала выбух абурэньня ў Расеі. Яна Рудкоўская, прадусарка Дзімы Білана, леташняга пераможцы “Эўрабачаньня”, заявіла ў інтэрвію “Эху Москвы”, што лічыць выбар грузінамі песьні на конкурс амаральным. Паводле яе, і журы, і Першы канал расейскага тэлебачаньня павінны адхіліць гэтую песьню, бо “яна зьневажае Расею”.

Першы канал расейскага тэлебачаньня будзе весьці трансьляцыю конкурсу ў жывым эфіры. І сапраўды няясна, як ён будзе перадаваць выкананьне гэтай песьні, якое наўрад ці парадуе расейскага прэм’ера.

Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар Пуціна, назваў песьню “хуліганствам” і заўважыў, што Грузія робіць няўдалы выбар, выкарыстоўваючы сьпеўны конкурс для “рэалізацыі псэўдапалітычных амбіцыяў”.

Дарэчы, на сайце конкурсу зьявіліся дзясяткі камэнтароў адносна таго, што традыцыя блёкавага галасаваньня на “Эўрабачаньні” можа даць магчымасьць краінам Балтыі і Ўсходняй Эўропы ператварыць фінал конкурсу ў публічнае прыніжэньне прэм’ер-міністра Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG