Фэдэральная служба вэтэрынарнага нагляду Расеі абмежавала пастаўкі жывёлагадоўчай прадукцыі зь сямі прадпрыемстваў Беларусі — маўляў, беларускія харчы не адпавядаюць расейскім стандартам якасьці. Сярод прадпрыемстваў, якім забаронена пастаўляць прадукцыю ў Расею, — Мсьціслаўскі масла-сыраробны завод. Паводле расейцаў, абястлушчанае сухое малако з Мсьціслава ўтрымлівае антыбіётык — тэтрацыклін.
Прадстаўнік адміністрацыі заводу кажа, што канкрэтнай інфармацыі пра прэтэнзіі расейскіх вэтэрынараў пакуль няма. Аднак абмежаваньне сур’ёзна адаб’ецца на эканамічным стане прадпрыемства — 90% ягонай прадукцыі экспартуецца ў Расею:
“Па гэтым пытаньні ня кажуць нічога канкрэтна. Я езьдзіў у Маскву. Хацеў удакладніць у Маскве гэтае пытаньне. Мне сказалі: “Ты замежны грамадзянін, у вас ёсьць сваё Міністэрства сельскай гаспадаркі — і разьбірайцеся ў сваёй рэспубліцы”.
Паводле галоўнага дзяржаўнага вэтэрынарнага інспэктара Расеі Мікалая Ўласава, сутнасьць канфлікту — у розных падыходах да стандартаў якасьці прадукцыі. У Беларусі антыбіётыкі ўводзяць жывёле, каб тая была больш устойлівая да інфэкцыяў. У Расеі гэта забаронена.
Незалежны эканаміст Андрэй Юркоў цьвердзіць, што мяса-малочная прадукцыя заводу насамрэч не адпавядае якасным патрабаваньням:
“На сёньня хоць заводы і сэртыфікаваныя, аднак сыравінная зона, то бок фэрмы, калгасы, — ніхто гэтым не займаецца. Адзінкі на ўсю Беларусь. Пачынаецца летні сэзон, запасы малочнай прадукцыі ў Расеі вялікія, таму няма ніякага сэнсу няякасную прадукцыю пускаць на свой рынак”.
Акрамя Мсьціслаўскага масласырзаводу, расейцы абмежавалі ўвоз прадукцыі зь Бярэзінскага сыраробнага заводу, Берасьцейскага мясакамбінату, Слуцкага сыраробнага камбінату, Калінкавіцкага й Сьветлагорскага малочных заводаў, а таксама з акцыянэрнага таварыства “Клецкая крыначка”.
***
На Бярозаўскім шклозаводзе “Нёман” інжынэры і тэхнікі працуюць па скарочаным графіку. Ад пятніцы тут пачаўся сэзон адпачынкаў і для рабочых. Працаўнікоў шклозаводу найбольш хвалюе, што сёлета не растуць заробкі. Выдзімальнік шкла спадар Алесь кажа:
“У прынцыпе, заробак атрымліваем той самы. Прыкладна сярэдні па заводзе — больш за 600 тысяч, а некаторыя могуць атрымліваць каля 300, а некаторыя — і звыш мільёна”.
Рабочыя кажуць, што выжываць стала нашмат складаней. Ужо з траўня ў іх пачынаецца сэзон адпачынкаў, і галоўная тэма, якая абмяркоўваецца, — каб своечасова выплацілі заробак. Надзею дае тое, што прадпрыемства зараз абслугоўваецца ў новым банку: там, маўляў, не затрымліваюць выплатаў.
А вясной, летам, заўважае спадар Мікалай, пражыць становіцца лягчэй. Ратуюць лецішчы.
“Кожны мае тут побач зь Бярозаўкай надзел зямлі, лецішча. Зараз вось, як выхадныя — Бярозаўка мёртвая, усе на лецішчах бульбу садзяць”.
Шклозавод у Бярозаўцы заснаваны ў 1883 годзе. Першапачаткова гэта было маленькае прадпрыемства з адной шклаварнай печчу і 20 рабочымі. Цяпер тут асвоеная вытворчасьць 3 тысяч відаў вырабаў з крышталю, каляровага і бясколернага шкла. На заводзе працуюць больш як 4 тысячы чалавек.
***
Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Баранавічах цяпер найменшыя сярод прамысловых цэнтраў заробкі. Своеасаблівае адлюстраваньне гэтага — імклівы рост колькасьці безьбілетнікаў у грамадзкім транспарце. Штраф за безьбілетны праезд — 7 тысяч рублёў. Талёнчык у гарадзкім транспарце каштуе 500 рублёў. Гараджане, як кажа начальнік службы перавозак Баранавіцкага аўтапарку Віталь Курэцкі, стараюцца зэканоміць менавіта на праезьдзе:
“Колькасьць выяўленых безьбілетных пасажыраў, несумненна, расьце. Арыенціровачна складае каля 1000 чалавек у месяц. Асноўны кантынгент, які выяўляецца, — моладзь. Таксама гэта людзі, якія ня маюць пэўнага месца працы, людзі сталага веку, якія ня маюць дастатковых сродкаў для існаваньня”.
Галоўная прычына, на чым сыходзяцца ўсе, — ускладненьне агульнага эканамічнага становішча насельніцтва. Гаворыць інжынэр па арганізацыі кантролю Леанід Таранда:
“Хутчэй за ўсё, я так думаю, што безграшоўе. Дабрабыт грамадзян на 30—40% зьменшыўся. Раскажу такі выпадак. Едзе жанчына гадоў 35 і яе сын. Яна едзе без талёну: прабачце, няма за што купіць хлеба, крэдыты два месяцы не выплачваем”.
Супрацоўнікі аўтапарку скардзяцца, што рост колькасьці безьбілетнікаў адчувальна б’е і па прыбытках арганізацыі, і па іхніх заробках. Леанід Таранда дадае, што, акрамя штрафаў, ужываюцца і іншыя віды пакараньня:
“У прэсе публікуем. Калі чалавек працуе, пасылаем на працу на рэагаваньне. А з працы прыходзіць адказ — “праведзена гутарка”. Ёсьць заводы, напрыклад, “Атлянт”, там вельмі строга. Там залежыць ад дырэктара. Будзем павялічваць колькасьць рэйдаў з прыцягненьнем супрацоўнікаў міліцыі”.
***
У вёсцы Сакалова Слонімскага раёна фэрмэр адмаўляецца ад арэнды возера. Фэрмэр Чэслаў Хільмон стварыў возера ў 2000 годзе на месцы ручайка, які быў паросшы лазою. На працягу 8 гадоў ён гандляваў рыбай:
“Браканьеры ў мяне выцягнулі амаль 10 тон рыбы. Таму я ад яго адмаўляюся катэгарычна, хай зарастае ізноў бур’янам. І зь міліцыяй, і з участковым езьдзіў, але ўсё роўна таблічкі зьбіваюць і па 40 чалавек ловяць рыбу. Прыяжджалі экалягічныя службы, штрафавалі, але нічога не дало. Людзі, як саранча, як галыцьба нейкая, палезьлі нахабна, і нічога зь імі ня зробіш”.
На месца канфлікту выяжджаў слонімскі журналіст Сяргей Чыгрын. Яго ўражаньні:
“Было ўсё вельмі ўпарадкавана, а калі наскочылі гэтыя рыбакі, то пачалі лавіць рыбу суткамі, палілі там вогнішчы, пілі гарэлку...”
Арэндная дамова на возера ў фэрмэра Хільмона — да 2018 году. Мясцовыя ўлады ня хочуць перарываць тэрміну арэнды. Чэслаў Хільмон кажа, што дзяржава яму ніколі не дапамагала, ён ня браў крэдытаў, калі ствараў возера і разводзіў рыбу. А вось каб яе прадаць, яму толькі чыняць перашкоды:
“Рэалізоўваць рыбу — ізноў жа праблемы. На рынак у Горадню заяжджаю, а мяне не пускаюць. Даводзілася нават на поле выкідаць гэтую рыбу нерэалізаваную. Налятаюць, як каршуны — падатковая і ўсе астатнія, бо ў краме па 7 тысяч, а я па 4 тысячы прадаваў”.
Спадар Хільмон будзе дамагацца скасаваньня арэнды на возера ў Сакалове. Ён кажа, што ў яго яшчэ ёсьць возера ў Чамярах, а там жывуць зусім іншыя людзі. Яны паважаюць чужую працу.
***
У Магілёве прыпынілі парадкаваньне рэчышча ракі Дубравенкі. Прычына — адсутнасьць фінансаваньня. Парадкаваць Дубравенку пачалі яшчэ ў 1997-м. За дзесяць гадоў упарадкавалі 3 кілямэтры, але, паводле супрацоўніка ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва гарвыканкаму, у лютым працы спыніліся:
“Камітэт абласны аховы прыроды паведаміў, што інвэстыцыйная праграма, падпісаная прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, пераглядаецца, і прасілі прыпыніць працы”.
На парадкаваньне рэчышча Дубравенкі летась выдзялялася каля аднаго мільярда рублёў. Будаўнікі пасьпелі скарыстаць толькі 135 мільёнаў. Калі адновяцца працы й калі яны завершацца, у абласным камітэце прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя ня ведаюць:
“Указа пра фінансаваньне ў нас пакуль няма. Ёсьць толькі праект. І ў гэтым праекце добраўпарадкаваньне ракі Дубравенкі ёсьць, але калі гэта ўсё пачнецца… Пакуль гэта толькі праект”.
Заадно з парадкаваньнем рэчышча ўлада мае намер зьнесьці найстарэйшы ў Магілёве Быхаўскі рынак. Колькі гадоў таму яго перайменавалі ў Магілёўскі. Рынку больш за дзьвесьце гадоў. Ён дае працу не адной тысячы гандляроў.
***
У ліку першых крызісныя зьявы зазнала фінансавая галіна. На тле складанасьцяў з крэдытаваньнем юрыдычных і фізычных асобаў паўстала праблема вяртаньня ўжо ўзятых пад працэнты сродкаў. Зь іншага боку, як кажа старшыня праўленьня “Хоўм Крэдыт Банку” Альгердас Табатадзэ, і ахвотных зьвязвацца з банкамі ў такі складаны час асабліва няма. Крэдытная актыўнасьць беларусаў — практычна на мінімуме:
“Зыходзячы з досьведу, перад пачаткам лета актыўнасьць назіраецца, потым спад, пасьля бліжэй да восені і ўрэшце перад Новым годам таксама рэзкі ўздым. І калі ацэньваць працу ўвогуле за год мінулы, калі наш банк вельмі імкліва разьвіваўся, дык калі параўнаць сярэдзіну мінулага году і пачатак гэтага, то мы ў аб’ёмах попыту адкаціліся на паўгода ці нават болей назад. То бок у нас грошы на крэдытаваньне ёсьць, а вось з попытам — ня вельмі”.
***
Стала вядома, што найбуйнейшы вытворца самазвалаў і цягачоў — Менскі аўтамабільны завод спыняе працу мінімум да 10 траўня. Як паведаміў старшыня прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч, людзей адпраўляюць на 2/3 заробку. Перадусім гэта зьвязана з адсутнасьцю збыту. Калі няма продажу, на прадпрыемства не паступае “зваротных грошай”. Дагэтуль працаваў толькі аўтобусны цэх. Але зараз, па зьвестках спадара Фядыніча, прыпыняецца праца ўсяго заводу. Валянцін Лопан, які 10 гадоў працаваў памочнікам генэральнага дырэктара МАЗу, кажа, што асноўная праблема прадпрыемства — перавытворчасьць машынаў і адсутнасьць рынкаў збыту. Да таго ж вырабленую тэхніку папросту няма дзе захоўваць:
“Зразумела, што мы зараз гаворым пра запасы на складах, што пераўтварылася ў вялізную праблему. То бок, калі мы ўмоўна кажам пра лядоўні, то яны ўсё ж захоўваюцца ў памяшканьнях. І калі ў завода ёсьць свае склады, то праблема хоць неяк вырашаецца. Але калі, як у выпадку з МАЗам, неабходна дадаткова арандаваць немалыя плошчы, то гэта значныя выдаткі на ўтрыманьне, захоўваньне транспарту, на арэнду, ахову. Трэба аддаваць камусьці на адказнае захоўваньне і г.д.”
Ад пачатку 2009 году некаторыя цэхі Менскага аўтазаводу пачалі працаваць у скарочаным рэжыме — тры дні на тыдзень. Сур’ёзна “ўрэзалі” заробкі працоўных, людзей адпраўляюць у вымушаны адпачынак. У лютым МАЗ перастаў быць унітарным прадпрыемствам і стаў адкрытым акцыянэрным таварыствам. Аднак ад зьмены шыльды нічога не зьмянілася. Падчас прастою працаўнік губляе як мінімум 40% ад заробку. З ранейшых 1,5 мільёна рублёў зараз зарплаты на МАЗе зьнізіліся да 800 тысячаў.