Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва адзначае пятыя ўгодкі сяброўства ў NATO


Выступае пасол Літвы Эдмінас Багдонас; леваруч — gрадстаўнік Міністэрства аховы краю Літвы Саўліс Гасюнас.
Выступае пасол Літвы Эдмінас Багдонас; леваруч — gрадстаўнік Міністэрства аховы краю Літвы Саўліс Гасюнас.

Сёньня ў амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі адбылася канфэрэнцыя “Літва — NATO: 5 гадоў разам”.

У ёй узялі ўдзел літоўскія й беларускія дыпляматы і вайскоўцы, студэнты-міжнароднікі.

У красавіку 2004 году Літва стала паўнавартасным сябрам NATO — дарэчы, на месяц раней, чым сябрам Эўразьвязу. Праўда, дырэктар дэпартамэнту эўраатлянтычнага супрацоўніцтва ў літоўскім Міністэрстве аховы краю Саўліс Гасюнас удакладніў:

“Літва ў альянсе 5 гадоў, але гэта не зусім праўда, таму што з NATO мы супрацоўнічаем ужо 15 гадоў, з 1994 году”.

Надзвычайны і паўнамоцны пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас так акрэсьліў мэту сёньняшняй імпрэзы:

Эдмінас Багдонас разразае сьвяточны торт з сымболікай NATO.
“Мэта адна — каб як мага менш у вас склалася стэрэатыпаў пра гэты альянс, які на самой справе робіць велізарную працу па захаваньні міру, па забесьпячэньні міру”.

Саўліс Гасюнас паспрабаваў разьвянчаць стэрэатыпы, якія існуюць у грамадзтве:

“Па-першае, NATO — гэта чыста палітычная арганізацыя. Вайскоўцы там не вырашаюць наагул нічога. У NATO няма ўзброеных сіл, няма ніводнага жаўнера. Кожны жаўнер, кожная адзінка вайсковай тэхнікі належаць толькі нацыянальным дзяржавам. Ніводзін вайсковец не атрымлівае ад NATO ні заробку, ні зброі. Любое рашэньне NATO — гэта толькі кансэнсус. Калі 28 мінус 1 — рашэньня ня будзе. Толькі ўсе 28”.

Прадстаўнік Міністэрства аховы краю Літвы спадар Гасюнас падкрэсьліў, што з-за гэтага кансэнсусу некаторыя рашэньні прымаюцца няпроста і даволі доўга. Так, калі ў Іраку ішлі ваенныя дзеяньні і Турцыя папрасіла ўзмацніць яе межы, два тыдні доўжылася дыскусія — абгрунтаваная гэтая просьба ці не.

Прадстаўнікі Літвы распавялі пра канкрэтную карысьць і магчымасьці сяброўства ў NATO. Менш бюджэтных сродкаў пачало ісьці на войска:

“У Літве вайсковыя выдаткі — 1% ад ВУП. Я асабіста хацеў бы, каб было 2%. Бо нічога вельмі сур’ёзнага за гэты 1% мы ня зробім. Але палітыкі думаюць: калі мы ў NATO — можна і з 1% абысьціся”.

На натаўскія праграмы выдаткоўваецца ў сярэднім 10% вайсковага бюджэту Літвы. Распавёў спадар Гасюнас і пра мінусы сяброўства Літвы ў NATO. Да прыкладу, два літоўскія жаўнеры загінулі ў гарачых пунктах: адзін — у Босьніі, адзін — у Аўганістане.

Іван Грыневіч
У дыскусіі ўдзельнічалі і беларускія афіцыйныя асобы: супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў і Міністэрства абароны. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў праграме “Партнэрства дзеля міру”, распавёў дарадца Ўпраўленьня міжнароднай бясьпекі і кантролю над узбраеньнямі МЗС Беларусі Іван Грыневіч:

“Беларусь і NATO працуюць паводле наступнага графіку: як краіна-партнэр мы маем права і магчымасьці ўдзельнічаць у тых мерапрыемствах, якія нам прапануе альянс. NATO актыўна ўдзельнічае ў дасьледчых, адукацыйных праектах, сумежных сфэрах бясьпекі: у барацьбе з наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй, кібэртэрарызмам, у кіраваньні паветраным рухам”.

Дзьмітрый Кулікоўскі
Прадстаўнік Міністэрства абароны падпалкоўнік Дзьмітры Кулікоўскі распавёў пра супрацоўніцтва беларускіх узброеных сіл з NATO, пра сумесныя вайсковыя вучэньні, удзел у гуманітарных акцыях, адукацыйныя праграмы:

“У 2009 годзе праграма партнэрства прадугледжвае ўдзел беларускіх прадстаўнікоў у 123 мерапрыемствах 23 галінаў супрацоўніцтва. У першым цыкле — „Працэсе плянаваньня ў ацэнцы сіл“ — Беларусь прыняла 21 мэту партнэрства, 5 мэтаў партнэрства было выканана. З 2008 году ў новым цыкле прынята 5 новых мэтаў”.

У канфэрэнцыі бралі ўдзел студэнты-міжнароднікі, якія задавалі шмат вострых пытаньняў, у тым ліку і прадстаўнікам Беларусі. Да прыкладу, чаму беларускія дзяржаўныя мэдыі ствараюць па-ранейшаму адмоўны імідж NATO. Даволі прыстойна адказвалі студэнты і на пытаньні віктарыны. Пераможцы віктарыны атрымалі майкі з сымболікай NATO і пачаставаліся прыгожым сьвяточным тортам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG