Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва і Беларусь: 1000 гадоў побач


Сёньня ў амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Менску адбыўся круглы стол “Тысячагодзьдзе Літвы. Літва і Беларусь. 1000 гадоў побач” з удзелам гісторыкаў, дыпляматаў, афіцыйных асобаў дзьвюх дзяржаў.

Навукоўцы называюць нават дакладную дату першай згадкі Літвы ў пісьмовых крыніцах — 9 сакавіка 909 году. Таму менавіта гэтымі сакавіцкімі днямі адзначаецца 1000-годзьдзе Літвы. Беларускія і літоўскія гісторыкі на пачатку 1990-х гадоў ня раз аб’ядноўвалі намаганьні ў стварэньні праўдзівай і дакладнай гісторыі братніх народаў, разам шукалі агульныя карані. Потым быў перапынак. Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас такімі словамі адкрыў сёньняшнюю імпрэзу:

Эдмінас Багдонас
“Апошні раз літоўскія і беларускія гісторыкі ў такім фармаце сустракаліся ў 1993 годзе. Не прайшло і 15 гадоў, як другі раз сабраліся. Я вельмі рады, што ў нас ёсьць такая магчымасьць паразмаўляць, паспрачацца пра нашу агульную спадчыну”.

Круглы стол быў прадстаўнічым: амбасадар Літвы, намесьнікі міністраў замежных спраў, вядучыя гісторыкі абедзьвюх дзяржаваў. Зь беларускага боку быў прадстаўнік акадэмічнага Інстытуту гісторыі Георгі Галенчанка, Васіль Варонін зь Белдзяржунівэрсытэту, а таксама Генадзь Сагановіч, Адам Мальдзіс, Вячаслаў Насевіч, пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

Дасьледчык гісторыі ВКЛ Алесь Краўцэвіч кажа:

Алесь Краўцэвіч
“Калі гаварыць пра гісторыкаў Літвы гэтага пэрыяду, былі найлепшыя, самыя дасьведчаныя, вядомыя. Зь беларускага боку вельмі прадстаўнічая таксама была дэлегацыя. І я спадзяюся, што гэта толькі пачатак аднаўленьня дыялёгу. Тое, што гэты дыялёг аднавіўся, гэта прыкмета сілы незалежнай беларускай навуковай гістарыяграфіі. З намі зноў пачалі размаўляць”.

Часам дыскусія набывала вельмі эмацыйны характар. Намесьнік міністра замежных спраў Валеры Варанецкі даў такую ацэнку імпрэзе:

Валеры Варанецкі
“Сёньня дыскусія праходзіла ў такім вельмі канструктыўным, добрасуседзкім духу. Ёсьць жаданьне прыслухацца да іншых меркаваньняў. Зразумела, што ва ўмовах фармаваньня новай літоўскай і беларускай дзяржаўнасьці на першым этапе больш пераважалі канфрантацыйныя погляды. Зараз прайшло ўжо 15 год, і зьявіліся новыя прыярытэты, жаданьне зразумець адзін аднаго”.

Самі гісторыкі сьцьвярджаюць, што хоць сустрэч і дыскусій на такім прадстаўнічым узроўні 15 гадоў не было, яны супрацоўнічаюць, удзельнічаюць у супольных праектах. Алфрэдас Бумблаўскас, загадчык катэдры тэорыі гісторыі і гісторыі культуры гістфаку Віленскага ўнівэрсытэту, распавёў:

“У нас ёсьць праект «Падзел спадчыны Вялікага Княства Літоўскага», у якім мы бяром удзел разам зь беларускімі калегамі-навукоўцамі. І ўжо цесна кантактуем цягам двух гадоў. Таму для навукоўцаў, гісторыкаў гэта не навіна. У палітычным кантэксьце гэта, можа, і навіна. Вельмі цікавыя, пэрспэктыўныя канцэпцыі зьяўляюцца. Спрэчкі ёсьць, але адрозьненьні чыста навуковыя, а не палітычныя, не ідэалягічныя. Шмат цікавых пэрспэктываў наперадзе”.

Намесьнік міністра замежных спраў Валеры Варанецкі выказаў такое пажаданьне:

“Я перакананы, што самым лепшым вынікам усёй гэтай працы гісторыкаў беларускіх і літоўскіх стала б напісаньне агульнай гісторыі. Я маю на ўвазе, каб літоўскія і беларускія гісторыкі напісалі нашу адну агульную гісторыю”.

Дарэчы, новыя дасьледаваньні гісторыкаў выходзяць літаральна штогод. У 2005 годзе зьявілася грунтоўная праца Эдвардаса Гудавічуса “Гісторыя Лтвы”, летась была выдадзеная “Энцыкляпэдыя Вялікага Княства Літоўскага”, толькі што выйшла новая праца Алеся Краўцэвіча “Стварэньне ВКЛ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG