Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радаўніца: жалоба ці сьвята?


На аўторак пасьля Велікоднага тыдня — традыцыйнае старажытнае ўшанаваньне памяці продкаў. Гэты дзень — адзін з галоўных у календары беларусаў.

Радаўніца — настолькі ж старажытная зьява народнага календара, як і Вялікдзень. Як тлумачыць фальклярыст Янка Крук, невыпадкова яна супадае з часам, калі трэба было пачынаць сеяць, займацца гародам. Перад пачаткам сяўбы трэба было прыбраць, давесьці да ладу месцы пахаваньня продкаў. А пасьля — разьдзяліць зь імі трапэзу, завершыць велікодны рытуал. Але, на думку стваральніка партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца, апошнім часам нярэдкія праявы сапраўднай бездухоўнасьці:

Павал Севярынец
“І на Радаўніцу, і на Тройцу, і на Вялікдзень людзі едуць на могілкі і там ладзяць п’янку. Сьвятое месца пустое не бывае. Калі ў чалавека ў душы няма веры і надзеі на лепшую будучыню для сябе і для сваёй краіны, то там з’яўляецца вось такі разгул, які ўдала маскіруецца пад нібыта традыцыю”.

Янка Крук пагаджаецца з высновамі Паўла Севярынца, аднак лічыць, што сёньняшняя бездухоўнасьць — вынік савецкіх дзесяцігодзьдзяў, калі людзей пазбаўлялі ведаў аб іх традыцыях, у тым ліку і рэлігійных:

“Людзі сёньня тысячамі прыходзяць на могілкі — здорава. Але яны ня ведаюць, што там рабіць, як там рабіць. Нам трэба весьці актыўную, даруйце за савецкі тэрмін, але прапагандысцкую працу”.

На Радаўніцу шануецца памяць продкаў. Гэта, як кажа Янка Крук, — асноўны сэнс сьвята:

Мы ўшаноўваем свой род аж да сёмага калена, таму з сабой на могілкі трэба было прынесьці сем рытуальных страваў.
“Мы ўшаноўваем свой род аж да сёмага калена, таму з сабой на могілкі трэба было прынесьці сем рытуальных страваў. Гэта нешта зь пітва — медавуха альбо піва, зваранае на аснове бярозавага соку, чарачка, талерачка, наверх клалі кавалачак хлеба, яшчэ гэта абавязкова яблык — яшчэ адна страва, зьвязаная з ушанаваньнем памерлых і, натуральна, сымбаль колазвароту жыцьця і прыроды — велікоднае яйка, а таксама чацьвярговая, велікодная соль”.

Пасьля таго, як магілу прыбралі, аздобілі, можна было пераходзіць да памінальнага абеду:

“Перад гэтым трэба было прыбраць, абкласьці магілкі сьвежым зялёным дзёрнам на сымбаль аднаўленьня жыцьця. Потым пасыпалі жоўтым пяском на знак таго, што тут нельга садзіць нічога жывога. Таму ўпрыгожвалі нежывымі кветкамі. Потым слалі абавязкова левым бокам настольнік-абрус, усе станавіліся, як правіла, на каленкі. Нехта, хто старэйшы, сядаў на лавачку і пачыналася рытуальная трапэза. Велікоднае яйка, якое адмыслова пакідалі для гэтага сьвята, дзялілі на тую колькасьць людзей, што прысутнічалі за сталом. Гэта — знак паяднаньня”.

Далей навуковец расказвае пра рытуал ужываньня алькаголю на Радаўніцу:

“Па кругу пускалі чару, аддаўшы першаму — самаму старэйшаму. Ён браў чару, некалькі кропель выліваў на магілку (першы чым сабе — памерлым). Сярэднюю частачку выпіваў, на дне пакідаў „сьлязу“. Потым чара далівалася, перадавалася наступнаму па ўзросьце. І гэтак вось ціха яна ішла па кругу, выконваючы функцыю паяднаньня”.

Сёньняшняя жыхарка Менску Натальля Карневіч паходзіць з Гомеля. А яе бацькі — зь Лельчыцкага раёна. Зь дзяцінства яна памятае, як адзначалася і адзначаецца цяпер Радаўніца ў трох суседніх вёсках, якія хавалі сваіх продкаў на адным пагосьце. Цікава, кажа Натальля, што традыцыя як датычыла менавіта гэтых трох вёсак, так і засталася дагэтуль. Ніякай асыміляцыі да суседніх вёсак:

“Гэта датычыць толькі трох вёсак: Крупцы, Берзавод і Лазьнішчы. Гэтай традыцыі, паводле старажылаў, каля 40-50 гадоў. Атрымалася так: перад Радуніцай бацюшка ж павінен абысьці магілы, асьвяціць, малітву прачытаць і гэтак далей. Тады, за савецкім часам, адзін бацюшка быў на тры пагосты. Ён проста не пасьпяваў. І ў якасьці выйсьця вырашыў: гэтыя тры вёскі, якія хаваюць сваіх продкаў на адных могілках, будуць сьвяткаваць Радуніцу ў чацьвер пасьля Вялікадня”.

Напівацца на Радаўніцу ды за памінальным сталом — вялікі грэх.
Апроч розьніцы ў часе сьвяткаваньня Радаўніцы, ёсьць істотныя разыходжаньні і ў яго фармаце: як старажытнай, так і цяперашняй. Асобна стравы разьмяшчаюцца на могілках, яны — для памерлых. А памінальны абед — за сталамі, якія ставяцца ўздоўж агароджы могілак:

“Паколькі гэта лічыцца Вялікаднем памерлых, то на могілкі непасрэдна ня ставяцца гарэлка з хлебам, як у некаторых вёсках. Толькі яйкі асьвячоныя, кулічы, цукеркі… А на памінальным стале гарэлка дапушчальная, але ў вельмі ўмераных памерах. Выпіваць можна, толькі памінаючы. І вельмі ўмерана, бо напівацца на Радаўніцу ды за памінальным сталом — вялікі грэх”.

У гэты дзень за адным сталом зьбіраюцца разам жывыя, каб успомніць памерлых. І людзі зьяжджаюцца ў родны куток з усяго сьвету:

“Сядаюць менавіта па родах, а таксама па вуліцах вёсак, адпаведна з тым, як жывуць ці жылі. Большая частка прыяжджае з усіх куткоў: з Масквы, Менску, Расеі, Украіны. На 100 чалавек будзе 70 ужо нетутэйшых, тых, хто прыехаў наведаць магілы сваіх родных і сваякоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG