Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнішчаюць адзін з найпрыгажэйшых куткоў Віцебску


Работнікі ЖКГ кажуць, што некаторыя дрэвы вывезуць і перасадзяць у іншых месцах гораду.
Работнікі ЖКГ кажуць, што некаторыя дрэвы вывезуць і перасадзяць у іншых месцах гораду.
Жыхары абураныя: у сквэры на Плошчы Перамогі выкарчоўваюць дрэвы і кусты. Паводле распараджэньня старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца ўсю тэрыторыю “зялёнай зоны” выкладуць пліткай, пазбавіўшы гараджанаў традыцыйнага месца адпачынку.

Днямі на пасяджэньні грамадзкай ветэранскай арганізацыі старшыня аблвыканкаму Аляксандар Косінец заявіў, што цэнтар Віцебску будзе “перасунуты” у іншае месца. Дакладней, усе масавыя імпрэзы, якія раней праводзіліся на цэнтральнай плошчы Свабоды, губэрнатар вырашыў перанесьці на Плошчу Перамогі.

Цяпер травы ў сквэры ня будзе зусім, затое плітка — паўсюдна

Тэрыторыя гэтай плошчы займае больш за 7 гектараў і складаецца зь дзьвюх частак — мэмарыяльнай зоны і зоны адпачынку. Мэмарыяльную зону, дзе каля манумэнта вызваліцелям гарыць Вечны агонь і б’юць так званыя “фантаны сьлёз”, вырашана не чапаць, затое ў зоне адпачынку на загад губэрнатара ўжо пачаліся пераўтварэньні. Тут працуе спэцтэхніка, якая выкарчоўвае дрэвы і руйнуе альпійскія горкі.

Гэтыя дрэвы садзілі ў 1973-м, калі закладалі сквэр на Плошчы Перамогі.

Гараджанам паабяцалі, што усю тэрыторыю сквэру выкладуць пліткай, а на Каляды менавіта тут будуць усталёваць галоўную гарадзкую ёлку. Аднак гэтае рашэньне нядаўна прызначанага губэрнатара Аляксандра Косінца людзей толькі абурае:

— Кусты толькі пачалі распускацца. І іх вось так, зь зялёнымі пупышкамі, зьнішчаюць!

— Тут былі такія ружы белыя, бэз, і нікому гэта не замінала…

— Але ж прыйшоў нейкі новы кіраўнік і пачаў усё пляжыць! У мяне ўсё гэта пад вокнамі, дык я нават дома быць не магу!

— Прыбіраць гэтага губэрнатара трэба. Прыбіраць! Хіба ж ён такім шляхам мусіць ісьці?

Сваё абурэньне жыхары Віцебску выказвалі непасрэдным выканаўцам — працаўнікам камунальных службаў. Кіроўца трактару спрабаваў супакоіць узнэрваваных мінакоў і патлумачыць, што ён не вінаваты, бо толькі выканвае загад кіраўніцтва:

— Тут ня толькі абурэньне — я сьлёзы, як па бацьках на могілках плачуць, тут чуў. А што я зраблю? Пры чым тут я? Ня буду рабіць, дык мяне выганяць, а іншага прышлюць. Нам жа загад такі далі!

Тут была альпійская горка

Нехта зь мінакоў вырашыў паскардзіцца ў аблвыканкам, аднак там паведамілі, што выконваюць пастанову губэрнатара № 35, і што дрэвы ў сквэры на Плошчы Перамогі выкарчоўваюць законна. Нехта нават патэлефанаваў на тэлебачаньне, але на “гарачай лініі” тэлеканалу ОНТ кінулі слухаўку. Паводле цытатаў у афіцыйных СМІ, старшыня аблвыканкаму спадар Косінец неаднаразова заклікаў землякоў быць неабыякавымі да лёсу роднага гораду. Толькі якім чынам можна выказаць неабыякавасьць, калі ў іх нічога не пытаюцца і ні пра што ня раяцца, жыхары Віцебску сёньня ня ведаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG