Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі губэрнатар не задаволены папярэднікам


Як зазвычай, пад Новы год па ўсёй краіне падводзяцца вынікі за 12 мінулых месяцаў ды праходзіць разьмеркаваньне бюджэтных сродкаў на чарговы гадавы пэрыяд. На Віцебшчыне склалася ўнікальная сытуацыя: са справаздачным дакладам перад дэпутатамі аблсавету выступаў губэрнатар Аляксандар Косінец, прызначаны на гэтую пасаду каля месяца таму. І ён мусіў канстатаваць, што праца пад кіраўніцтвам ягонага папярэдніка была недастатковай, а часам і нездавальняючай.

Перадусім, на думку Аляксандра Косінца, вінаватая кадравая праблема. Паводле падлікаў адмыслоўцаў, у сельскагаспадарчым комплексе вобласьці бракуе больш за тысячу некваліфікаваных працаўнікоў і больш за 250 спэцыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Паводле новага губэрнатара, людзі , асабліва маладыя, ня хочуць працаваць на вёсцы, бо ім плацяць дужа нізкія заробкі, а таксама не заўжды забясьпечваюць жытлом. Таму спадар Косінец прапанаваў кожнаму адмыслоўцу, які адпрацаваў у сельскай гаспадарцы 5 гадоў, перадаваць дзяржаўнае жытло ў асабістае карыстаньне. Апрача гэтага, губэрнатар згадаў, што ў вобласьці не хапае фінансаў на абнаўленьне вытворчай базы – да прыкладу 935 жывёлагадоўчых фэрмаў вобласьці знаходзяцца ў аварыйным стане. Аляксандр Косінец лічыць, што варта папрасіць дзяржаўных крэдытаў і грашовай дапамогі ў гарадзкіх прамысловых прадпрыемстваў, каб у наступным годзе вобласьць магла сама сябе забясьпечваць малаком, мясам і гароднінай.

Прадпрыемствам таксама цяпер нялёгка, і яны мусяць шукаць шляхоў выжываньня. Да прыкладу, вядомы на ўсю краіну Аршанскі льнокамбінат мае перапоўненыя нерэалізаванай прадукцыяй склады. Аляксандар Косінец прапанаваў тэрмінова адчыніць новыя фірмовыя крамы, а таксама перагледзець тэхналёгію вытворчасьці гатовых вырабаў: як высьветлілася, толькі 20 адсоткаў ільняной тканіны выкарыстоўваецца на камбінаце для пашыву адзеньня і пасьцельнай бялізны – астатняя сыравіна закупаецца ў Турцыі. У пэрспэктыве губэрнатар прапанаваў аб’яднаць ільнокамбінат і ўсе льнозаводы вобласьці ў адзіны холдынг – каб лепей каардынаваць дзейнасьць сузалежных прадпрыемстваў.

Спадар Косінец зазначыў, што ў прамысловай галіне вобласьці таксама бракуе кваліфікаваных кадраў. Тым ня менш, ён мусіў канстатаваць, што кожны чацьвёрты жыхар вобласьці не заняты ў эканоміцы: пры тым, што ў Віцебскай вобласьці працоўныя рэсурсы складаюць каля 800 тысяч чалавек, 209 тысяч працаздольных людзей шукаюць сабе працы дзе заўгодна, толькі не на прадпрыемствах Віцебшчыны. Перадусім таму, што ў вобласьці самы нізкі сярэдні заробак у параўнаньні з іншымі рэгіёнамі – 834,4 тысячы рублёў, тады як сярэдні заробак па краіне складае 958,4 тысяч рублёў.
Кожны чацьвёрты жыхар вобласьці не заняты ў эканоміцы

Кажуць, што адным з першых распараджэньняў губэрнатара на новай пасадзе быў загад пра перадкаляднае ўпрыгожваньне гарадоў і райцэнтраў. У Віцебску, да прыкладу, ніколі не было такой паўсюднай ілюмінацыі, як сёлета: ужо пасьля 16-й вечара рознакаляровымі лямпачкамі зьзяе ці ня кожнае дрэва каля якой-небудзь установы, і нават дах абсэрваторыі мясцовага унівэрсытэту. Дасьціпнікі цьвердзяць, што ўсё гэта задумана, каб разагнаць панічныя ды змрочныя думкі тутэйшага насельніцтва.

Але варта зазначыць, што справаздачы візытаў Аляксандра Косінца на прадпрыемствы ды ўстановы вобласьці пэрыядычна друкуюцца ў мясцовых газэтах, і ў іх ня дужа шмат суцяшальных фактаў. Зноў-такі варта згадаць, што сёлета Віцебшчына ня выканала 6 з 19-ці паказьнікаў па галоўных накірунках разьвіцьця. Такім чынам, новаму губэрнатару прыйшлося падводзіць далёка не пасьпяховыя вынікі працы вобласьці пад кіраўніцтвам свайго папярэдніка, Уладзімера Адрэйчанкі. Які цяпер, дарэчы, пайшоў, як кажуць, “на падвышэньне” – стаў дэпутатам Парлямэнту, і будзе ўдзельнічаць у кіраваньні жыцьцём ужо не адной вобласьці, а ўсёй краіны.

А што да далейшага жыцьця вобласьці, то рэалізоўваць пляны новага губэрнатара Аляксандра Косінца ўсім давядзецца ў больш складаных умовах, чымсьці былі сёлета. На наступны год чакаецца скарачэньне бюджэтных сродкаў на разьвіцьцё адукацыі, мэдыцыны і сацыяльных паслугаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG