Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч: “У Беларусі творацца страшэнныя беззаконьні”


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Дзясяты дзень у менскім сьледчым ізалятары трымае галадоўку пратэсту прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Сёньня вязьня наведаў адвакат.

24-га красавіка адвакат Павал Сапелка наведаў свайго падабароннага Мікалая Аўтуховіча, які ад 16-га красавіка трымае галадоўку пратэсту ў менскім сьледчым ізалятары.

Павал Сапелка: “Працягваецца галадоўка. Стан здароўя ў Мікалая ўжо зусім ня той, які быў на пачатку галадоўкі. Бачна, як ён аслабеў. Трымаюць яго ў мэдычнай частцы ізалятара. Там у яго бралі аналізы, выявіліся праблемы зь пячонкай — наступствы гепатыту. Але ён працягвае галадаць, і спыняць галадоўку да выкананьня ягоных патрабаваньняў не зьбіраецца”.

Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага паводле падазрэньняў у падрыхтоўцы замаху на міліцыянта. Пазьней па гэтай жа справе былі арыштаваныя Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка. Адно з патрабаваньняў Мікалая Аўтуховіча — каб вызвалілі іх таксама.

Стаў вядомы тэкст заявы Мікалая Аўтуховіча, якую ён падпісаў 16 красавіка.
Стаў вядомы тэкст заявы Мікалая Аўтуховіча, якую ён падпісаў 16 красавіка. “Зьвяртаю ўвагу беларускай і сусьветнай грамадзкасьці на страшэнныя беззаконьні, якія творацца ў Беларусі. І ня толькі па нашай справе. Скончыла жыцьцё самагубствам праваабаронца Яна Палякова, болей за 900 чалавек зьвярнуліся да ўладаў Беларусі з прапановай стварыць незалежную грамадзкую камісію па пераглядзе крымінальных і грамадзянскіх спраў. Гэта ўжо не адзінкавыя выпадкі. Гэтак працуе праваахоўная сыстэма ў Беларусі”.

У сярэдзіне 2000-х гадоў прадпрымальнік ужо быў асуджаны і адбыў за кратамі 4 гады паводле эканамічных абвінавачаньняў, якія грамадзкасьць лічыць насамрэч палітычнымі. Аўтуховіч заяўляе, што яго і гэтым разам перасьледуюць за грамадзянскую пазыцыю. У прыватнасьці, ён згадвае пра спробу зарэгістраваць аб’яднаньне вэтэранаў баявых дзеяньняў “Абаронца Айчыны” — Мікалай Аўтуховіч у 80-х удзельнічаў у баявых дзеяньнях у Аўганістане.

Ёсьць зьвесткі, што сьледзтва грунтуецца не на доказах, а на асабістых меркаваньнях сьледчых.
Адносна расьсьледаваньня справы, паводле якой Аўтуховіча цяпер трымаюць за кратамі, ён кажа, што ўжо трэці месяц зь ім не вядуцца ніякія сьледчыя дзеяньні:

“Ёсьць зьвесткі, што сьледзтва грунтуецца не на доказах, а на асабістых меркаваньнях сьледчых. Дапытваюць нашых знаёмых, але не пра абставіны справы, а наконт захоўваньня нейкай зброі”.

Паводле Мікалая Аўтуховіча, сьледчыя нібыта схіляюць сьведак да непраўдзівых паказаньняў.

Як ставіцца турэмная адміністрацыя да галадоўкі пратэсту Мікалая Аўтуховіча? Павал Сапелка кажа, што ягоны падабаронны фактычна патрапіў у інфармацыйную ізаляцыю:

“Скардзіцца на тое, што не даходзяць да яго лісты, хоць вядома, што вельмі шмат людзей дасылаюць яму лісты з падтрымкай. Літаральна прыйшло тры паштоўкі на Вялікдзень, і ўсё”.

Зь Юрыем Лявонавым і Ўладзімерам Асіпенкам, паводле іх сваякоў, сьледчых дзеяньняў таксама болей за 2 месяцы не праводзілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG