Анатоль Лябедзька сёньня заявіў: за 20 дзён, якія мінулі з часу афіцыйнай прэзэнтацыі антыкрызіснай плятформы, дакумэнт патрапіў да вялікай аўдыторыі:
“З удзелам газэт “Народная воля”, “Intex-press”, “Борисовские новости”, “Свободные новости плюс”, “Брестский курьер”, “Белорусы и рынок”, тэлеканалу “БелСат”, Радыё Свабода, Радыё Рацыя, Эўрапейскага радыё мы зрабілі вялікую справу. Што датычыць друкаванай прадукцыі, дык было выдадзена больш за 200 тысяч асобнікаў розных газэт з тэкстам самой плятформы, адказамі на пытаньні чытачоў і артыкуламі нашых экспэртаў. Гэта азначае, што ня менш за 700—800 тысяч людзей маглі пазнаёміцца з тым, што прапаноўваюць аб’яднаныя дэмсілы”.
На чарзе — новы, другі этап распаўсюду антыкрызіснай плятформы, паведамілі на прэсавай канфэрэнцыі:
“Зараз мы будзем рабіць акцэнт на ўлёткі, на спэцыяльныя выпускі газэт і брашур. Плянуецца надрукаваць агульным тыражом — паўмільёна. І давесьці гэта да людзей”.
24 красавіка плянуецца другое паседжаньне грамадзкай кансультатыўнай рады, якую ачольвае кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей.
На пытаньне, ці будуць АДС скарыстоўваць гэтую магчымасьць для прэзэнтацыі свайго праграмнага дакумэнта, спадар Лябедзька адказаў:
“Антыкрызісная плятформа — гэта наша эканамічнае пасланьне да ўладаў і грамадзянаў Беларусі. І мы хочам выкарыстаць і гэтую раду, хаця, на наш погляд, яе стварылі ў піяраўскіх мэтах. Ёсьць Станіслаў Багданкевіч, які зьяўляецца адным з трох галоўных распрацоўшчыкаў антыкрызіснай плятформы. І ён жа — галоўны дакладчык на паседжаньні гэтай рады. Прафэсар перадаў свой даклад уладам яшчэ зь месяц таму. Там яго ўсебакова вывучылі. І ён на 80% абапіраецца на антыкрызісную плятформу АДС”.
Прафэсар Багданкевіч пацьвердзіў “Свабодзе”, што гатовы прадставіць эканамічнае пасланьне на паседжаньні грамадзкай кансультатыўнай рады. Але яго турбуе, што губляецца час, што ўдзельнікаў рады доўга не зьбіралі:
“Толькі арганізацыйнае паседжаньне адбылося. У красавіку мы павінны былі ўжо абмяркоўваць выбарчае заканадаўства, у траўні — гуманізацыю пэнітэнцыярнай сыстэмы. Мабыць, паступіла каманда не завіхацца лішне каля абмеркаваньняў. Але ж лібэралізацыю трэба праводзіць”.
ВІДЭА