Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Брэскі: У Вялікдзень нельга ўвайсьці празь дзяржаўны ўнівэрсалізм


Алег Брэскі
Алег Брэскі

Алег Брэскі – кандыдат юрыдычных навук, навукоўца і практыкуючы юрыст. Cёньня – ягоны дэбют на Радыё Свабода. Спадару Брэскаму выпала дзяжурыць паміж двума Вялікаднямі – каталіцкім і праваслаўным. Гэта і прадвызначыла тэматыку разваг чарговага грамадзкага рэдактара.


– Вялікадні – не падзеленыя паміж сабой глухой сцяной. Тая частка народу, што сьвяткуе раней, ня можа не заўважаць іншай часткі, якая сьвяткуе пазьней… І як не заўважыць! Для адных паміж Вялікаднямі – самая вялікая радасць, для другіх – смутак.

Алег Брэскі – кандыдат юрыдычных навук, навукоўца і практыкуючы юрыст. Кансультант Беларускай праваслаўнай царквы ў прававых пытаньнях. Суўтар (з Вольгай Брэскай) кнігі «Ад транзыталёгіі да тэорыі Памежжа: нарыс дэканструкцыі канцэпту «Ўсходняя Эўропа» (Вільня, 2008), артыкулаў па філязофіі права і рэгіянальнай палітыцы. Жанаты, мае дваіх дзяцей. Жыве ў Берасьці.

І такім чынам узьнікаюць пытаньні, што да ўпублічненьня Сьвятаў, асабліва да карыстаньня зь іх у мэтах будаваньня нацыянальнай еднасьці. Бо ў сучаснай Беларусі гэтыя Вялікадні маюць публічнае значэньне. Яны – ня толькі "сьвята канфэсій”, але і сьвята народу беларускага. Але мэханічна паяднаць два Вялікадні – немагчыма.

У Вялікдзень нельга ўвайсьці празь дзяржаўны ўнівэрсалізм, які можа ўпублічніць сьвята, але ня можа спалучыць адначасова смутку і радасьці, ня можа ўнівэрсалізаваць іх. І частка народу на тыдні – смуткуе, а частка – радуецца.

Гэта важнае пытаньне аб ідэнтычнасьцях – і рэлігійных, і нацыянальных. І, так выглядае, што невырашальнае нейкім штучным чынам. Бо гэтыя ідэнтычнасьці суіснуюць і не замяшчаюць адна адну, а калі такая замена адбываецца і хтосьці кажа, што сапраўдны беларус – гэта праваслаўны ці католік, то звычайна мы ня бачым ні добрых беларусаў, ні добрых хрысьціянаў, а бачым даволі смутныя падзеі выкарыстаньня канфэсій у палітычных мэтах – што разбурае і нацыянальны, і канфэсійны лад. Бо тыя сумнаслаўныя апалячваньне ці русыфікацыя з дапамогай касьцёлу і царквы маюць свае нэгатыўныя наступствы ў першую чаргу для касьцёлу і царквы.
З падменай і замяшчэньнем адной ідэнтычнасьці другою губляецца разьмернасьць ладу.

Хочацца прыгадаць імя Адама Станкевіча – вялікага беларуса і вялікага хрысьціяніна, яго думкі аб тым пажаданым прыманьні і пашырэньні хрысьціянства паводле духоўных патрэбаў асобы і ўстрыманьня ад ужываньня хрысьціянства паводле сацыяльна-палітычнага фактару, інакш кажучы – устрыманьня ад інструмэнталізацыі хрысьціянства. У гэтым абмежаваньні карыстаньня з інтэгральнай функцыі хрысьціянства як пэўнай ідэалёгіі, – як ні парадаксальна, – адзін з залогаў здаровага грамадзтва.

***
Але ж і рафінаваць сьвята – зрабіць яго ачышчаным, так званым "высокадухоўным", вольным ад нацыянальнага, сямейнага і іншага –немагчыма. Бо ў Царкву прыходзіць ня нейкі там абстрактны чалавек, а прынамсі грамадзянін адмысловай дзяржавы, той жа элін, юдэй ці беларус, бацька ці дачка – з усім іх культурным, і грамадзянскім, і маральным узроўнем. Рафінаваныя сьвята ці вера – ачышчаныя ад эмоцый, сантымэнтаў, чалавечых перажываньняў – ручнічкоў, напрыклад, ці наіўнай паэзіі – і простай сардэчнай мудрасьці і калі-нікалі глупства – такое сьвята і такая вера, напэўна, мёртвыя і абстрактныя. Яны ніяк не спалучаюцца з чалавечым жыцьцём і выглядаюць як таталітарная ідэалёгія. Сучасныя дасьледаваньні ствараюць наступны малюнак такой рэлігіі:

"Сучасныя вернікі, поўнасьцю падпарадкаваўшы сваё жыцьцё жыцьцю царкоўнаму, абмежаваўшы сваё кола кантактаў, а пры магчымасьці і сваё кола дзейнасьці царкоўнай агароджай, становяць сабой маргінальную групу, вельмі разнародную паводле сацыяльнага складу і адукацыйнага ўзроўню яе сяброў. [Яны] выключаюць "мірскія" ўплывы, узорам для іх зьяўляецца манаскі аскетычны ідэал". (А. В.Тарабукіна)

***
Здаецца, што спалучэньне нацыянальнага і канфэсійнага адбываецца на іншым ўзроўні – не афіцыйным, не мэханічным, на ўзроўні нарматыўнай барацьбы – на ўзроўні, аздобленым публічнай уладай і яе спакусамі. Гэта значыць – на ўзроўні фальклёру – самым дэмакратычным, адкрытым і свабодным месцы спалучэньня шмат якіх традыцый, плыні чалавечых рэфлексій, дыскусій і кансэнсусаў, якія набываюць нефармальнае сацыяльнае прызнаньне.

Па словах Дандэса, сучаснага знаўцы фальклёрных традыцый, такія традыцыі ў фрагмэнтаваным выглядзе існуюць заўсёды – і ў вёсцы, і ў сучасным мэгаполісе – і зьяўляюцца прыналежнасьцю супольнасьцяў – сацыяльных, этнічных, рэлігійных і іншых. Натуральна, фальклёр часта знаходзіцца на пэрыфэрыі афіцыйнай ідэалёгіі. Але яна існуе толькі ў пераламленьні праз фальклёр, які надае ёй кантэкст і чалавечае вымярэньне. Гаворка, вядома, не аб штучным фальклёры ў выкананьні прафэсійных ансамбляў – але аб жывой дзейнасьці публіцыстаў, плеткароў, блюзьнераў, блогераў, пісьменьнікаў, настаўнікаў, палітыкаў і г.д.

Фальклёр ня ёсьць нейкім цудам і жыватворным элексірам. Ён – толькі спантанны паток народнай творчасьці – кожны раз – як імгненны здымак самога маральнага і культурнага становішча. У ім народ адбіваецца такім, якім ёсьць – без аздоб і штучных прыладаў – у сваёй нэндзе і харастве. І можна быць добрым хрысьціянінам, можна быць добрым грамадзянінам, – як можна таксама выдаваць сябе за такіх, – але выдаваць сябе проста за чалавека, ды яшчэ добрага, ня ўдасца. Такім, якім ёсьць – чалавекам, беларусам, адукаваным, выхаваным ці не – і ўваходзіць Беларусь у Вялікдзень. І Вялікдзень рассыпаецца на мільёны часьцінак – бо ў кожнага свой Вялікдзень – і толькі потым зьбіраецца ў адно. Такой жа, якой яна ёсьць – разнастайнай – будуе Беларусь нацыю і дзяржаву.

І гэты карэнны паток фальклёру аточвае самі сьвяты і дзяржаўную палітыку нацыябудаваньня. Ён ня жывіць нацыю і ня жывіць Царкву, ён надае ім неабходнае чалавечае вымярэньне, – і ў царкоўным ладзе, і ў ладзе грамадзкім. Без фальклёру чалавеку вельмі самотна і няўтульна ў вялікіх абстракцыях гэтага сьвету і амаль немагчыма паразумецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG