СЛУХАЦЬ:
У прыёмнай Міхаіла Паўлава наўпрост не сказалі, у якім стане зараз гораданачальнік і дзе ён у гэты момант знаходзіцца:
“Ну, мы чыталі гэтую інфармацыю. Але лепей пагаварыце з прэсавай службай. Ня ведаю, што там вам скажуць…”
Кіраўніца прэс-цэнтру Менгарвыканкаму Алена Лёгкая таксама спаслалася на канфідэнцыйнасьць падобных зьвестак:
“Паняцьця ня маю, няма ніякай інфармацыі”.
Карэспандэнт: “Дык ён увогуле ў шпіталі цяпер?”
“Ня ведаю. Вы ж самі зразумейце, што гэта такая канфідэнцыйная інфармацыя, якая не разгалошваецца... Прачытала я на “Беларускім партызане”, але зь іх таксама “ўзяткі гладкі”.
Аднак кулюарна супрацоўнікі Менгарвыканкаму пацьвярджаюць: апошнім часам Паўлаў сапраўды хварэў і ў шпітальнай палаце часу праводзіў больш, чым на працы.
Міхаілу Паўлаву 57 гадоў, нарадзіўся ён у вёсцы Ардаць Шклоўскага раёну. Вучыўся ў палітэхнічным тэхнікуме і Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце. Сталіцай кіруе ад сакавіка 2000 году, замяніўшы на гэтай пасадзе будучага прэм’ер-міністра Ўладзімера Ярмошына.
Пасьля абраньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам у Менск са Шклоўскага раёну наўпрост ці акружнымі шляхамі трапілі многія “выбітныя землякі” — Уладзімер Канаплёў, Алег Бажэлка, Надзея Ермакова, Міхаіл Паўлаў, Валерый Іваноў, іншыя ўраджэнцы Магілёўшчыны. Аднак ці да двара прыйшоўся Паўлаў у Менску? Вось меркаваньне колішняга кіраўніка жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менгарвыканкаму Івана Анташкевіча:
“Мая асабістая пазыцыя была досыць насьцярожаная ў адносінах да Паўлава. Усё ж маштабы ня тыя, досьвед не таго ўзроўню. Да таго ж ён ні інжынэр-будаўнік, ні камунальнік; у мінулым — кіраўнік адносна дробнага прадпрыемства. Увогуле тое рашэньне ўнікальнае, такога не было вельмі даўно, прынамсі на маёй памяці — а я ў сыстэме гарвыканкаму з 1980-х. Каб прызначалі чалавека з боку — такога ня памятаю. Але на дзіва, як мне падаецца, ён урэшце, можа, нават аказаўся ня горшы за іншых. Я не кажу пра палітычныя працэсы, розныя там дэманстрацыі афіцыйныя і забароненыя — гэтага не кранаю. Але ў цэлым, з улікам існуючай сыстэмы (бо зразумела, што ў іншых каардынатах зусім іншыя патрабаваньні), у рамках вось гэтай збудаванай канструкцыі, магчыма, ён быў на сваім месцы. Хоць, натуральна, характарыстыкі я чуў розныя, але ня буду пра гэта гаварыць”.
Сваю дзейнасьць на пасадзе старшыні гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў адзначае найперш праз маштабныя будоўлі — гандлёвыя цэнтры, офісныя комплексы, паркінгі, спартовыя збудаваньні. Аднак у будаўнічым імпэце ён часта гатовы быў ахвяраваць помнікамі гісторыі і культуры: на час ягонага кіраўніцтва прыпадае самае масавае руйнаваньне аб’ектаў, уключаных у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Лісты абаронцаў Верхняга гораду да менскага галавы асаблівага плёну ня маюць, застаючыся пераважна без адказу.