Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто кіруе Менскам: менчукі ці чыноўнікі?


Зачыненыя шапікі на прыпынку ў Менску
Зачыненыя шапікі на прыпынку ў Менску

Зь менскіх вуліц зьнікаюць гандлёвыя шапікі, сотні гандляроў становяцца беспрацоўнымі, а жыхары сталіцы страчваюць магчымасьць карыстацца звыклымі паслугамі.


Праблемы парадкаваньня вулічнага гандлю ў Менску зноў ставяць пытаньне пра адсутнасьць рэальнага самакіраваньня ў сталіцы Беларусі.

Два месяцы Марыя Ёфэ ляжыць ў ложку з дыягназам “перадынфарктны стан”. За гэты час уладальніцу гандлёвага міні-пункту ў Малінаўцы раённыя ўлады папярэдзілі: шапік праз колькі дзён зьнясуць. За 14 гадоў працы прадпрымальніца сплаціла тысячы даляраў падаткаў, давала зарабіць дзьвюм гандляркам, бухгальтарцы і прыбіральніку, ды яшчэ “добраахвотна-прымусова” пералічвала ў раённы бюджэт мільёны рублёў на добраўпарадкаваньне, разьвіцьцё раёну, на будаўніцтва Дома міласэрнасьці. Да сябе міласэрнасьці Марыя Ёфэ не дачакалася. Днямі чыноўнік у райвыканкаме на просьбу адтэрмінаваць знос шапіка заявіў наступнае:

“Сказаў: “Ха-ха-ха! Як гэта вы “дапрацуеце”? Паспрабуйце толькі перапрацаваць хаця б два дні! У нас ёсьць службы, якія разьбяруцца з вамі хутка. Накіруем санстанцыю, падатковую, міліцыю, і яны знойдуць у вас парушэньні ды ліцэнзіі вас пазбавяць на наступны дзень. Ды яшчэ штрафаў заплаціце, што вы за год не напрацавалі, і будзеце ўсё жыцьцё плаціць”. Вось якое стаўленьне. І вось ў выніку я не працую, знаходжуся на бальнічным, і ў мяне, скажу шчыра, стаіць пытаньне пра тое, як заплаціць за кватэру”.

Марыя Ёфэ мяркуе, што агульнага рашэньня пра знос шапікаў няма і кожны выканкам дзейнічае самастойна, знаходзячы сваю падставу. Актывістка прадпрымальніцкай арганізацыі “Пэрспэктыва” спасылаецца на вэртыкальнікаў Маскоўскага раёну сталіцы. Аднак кіраўніца гарадзкой управы гандлю Ларыса Камарова гэта рашуча абвергла. Паводле яе, зносу шапікаў папярэднічала шматгадовая праца чыноўнікаў:

“Было некалькі рашэньняў, яны ішлі адно за адным з 2000 году. Апошняе рашэньне было за нумарам 2580 ад лістапада 2007 году. Дакладна ня памятаю, але там ішла гаворка пра графікі зносу шапікаў і замены іх на павільёны”.

Неабходнасьць такой замены Менгарвыканкам тлумачыць “добраўпарадкаваньнем гораду”. У якую суму абыдзецца гэтае “добраўпарадкаваньне”?

Паводле зьвестак “Пэрспэктывы”, да 2003 году, калі здарыўся першы наступ на вулічны гандаль, у
Да 2003 году ў енску працавала 4 тысячы шапікаў. Цяпер засталося ня болей за сто, і да канца году ўсе іх зьнішчаць.
Менску працавала 4 тысячы шапікаў. Зараз засталося ня болей за сто, і да канца году ўсе іх зьнішчаць. Лідэр арганізацыі Анатоль Шумчанка падлічыў: новы шкляны павільён абыходзіцца гарадзкому бюджэту ад 4 да 5 тысяч даляраў. І гэта без уліку выдаткаў на асфальтаваньне. Такім чынам, гарадзкі бюджэт недалічваецца дзясяткаў мільёнаў даляраў. Анатоль Шумчанка мяркуе: зьнесьці шапікі загадаў нібыта сам кіраўнік гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў.

Анатоль Шумчанка
“Гэта наша інфармацыя, якую нам давялі розныя крыніцы. Што гэта толькі ягонае рашэньне. І ў гарвыканкаме, і дэпутаты гарсавету, і людзі паўсюль насамрэч за кіёскі, але вось такое рашэньне прыняў адзін чалавек. Не павінны быць — і ўсё. Паводле зьвестак, яму зараз рапартуюць, колькі кожны дзень шапікаў прыбралі. Ён асабіста аб’яжджае і кантралюе, ці гэта так”.

У 1990-х гадах Менгарвыканкамам кіраваў Міхаіл Марыніч, які потым быў міністрам зьнешнеэканамічных сувязяў ды амбасадарам у Чэхіі і Латвіі. Пазьней Марыніч пайшоў у апазыцыю, спрабаваў вылучыцца на прэзыдэнта, адседзеў год у турме. Былы палітвязень прыйшоў да высновы, што на чале такога вялікага гораду як Менск абавязкова павінен стаяць чалавек, выбраны наўпрост жыхарамі гораду. Цяперашняя сыстэма, пры якой старшыню фактычна прызначае прэзыдэнт, на думку Міхаіла Марыніча, спараджае свавольства, некампэтэнтнасьць і карупцыю:

Міхаіл Марыніч
“Тая ж будоўля „Менск-арэны“ ці раёну прэстыжнай забудовы „Лебядзіны“, якія аддадзены для забудовы сям’і Юрыя Лужкова. Дзе мы бачылі ці чыталі, што абвешчаны конкурс замежных інвэстараў? Я гэтага ня бачыў і ня чуў”.

Міхаіл Марыніч прывёў у прыклад сыстэму самакіраваньня сталіцы суседняй Літвы. Днямі гарадзкая ўправа Вільні адмовілася ад правядзеньня на Новы год традыцыйнага фаервэрку на плошчы Гедыміна: маўляў, мільён даляраў на прыгожую забаву — дорага, лепш гэтыя грошы накіраваць на пакрыцьцё выдаткаў гарадзкіх транспартнікаў. У тым ліку на парадкаваньне вулічных прыпынкаў.
Дзеяньні менскіх уладаў, якія разбураюць ужо абсталяваныя прыпынкі, Міхаіл Марыніч патлумачыць ня можа.
Дзеяньні менскіх уладаў, якія разбураюць ужо абсталяваныя прыпынкі, Міхаіл Марыніч патлумачыць ня можа.

Грамадзкая арганізацыя “Фонд Сапегі” ўжо другое дзесяцігодзьдзе прапагандуе ў Беларусі эўрапейскія прынцыпы самакіраваньня. Міраслаў Кобаса адзначае: беларускія законы ад гэтых прынцыпаў адыходзяць усё далей.

“У нас жа ў законе напісана, што выканаўчы орган мясцовай улады падпарадкоўваецца вышэйшаму органу ўлады, а не грамадзянам. Райвыканкам — аблвыканкаму, той прэзыдэнту. Адсюль усё і вынікае. Навошта чыноўнік будзе прыслухоўвацца да простых грамадзянаў і рабіць так, як ім зручна? Ён робіць, як лепш яму”.

Уладальніца зьнесенага ў Малінаўцы шапіка Марыя Ёфэ кажа, што ніколі б не галасавала за прызначанага мэра на вольных выбарах, каб такія праводзіліся.

“Ну чаму яго прызначаюць? Бо наводзіць лоск? А што ўнутры — каго цікавіць? Што людзі пакутуюць — хто гэта будзе ўлічваць? Таму я і лічу, што людзі павінны вызначаць, хто будзе кіраваць горадам, а ня так, што кіраўніка прызначаць будуць зьверху”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG