Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына: арганізацыя Партыі БНФ — бяз офісу


Магілёўскі гарвыканкам не зацьвердзіў пастанову ўправы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Ленінскага раёну аб выдзяленьні абласной арганізацыі партыі БНФ памяшканьня пад юрыдычны адрас. Камунальнікі сваё рашэньне прынялі яшчэ 20 лютага, а гарвыканкам — 10 сакавіка.

Кіраўнік незарэгістраванай партыйнай арганізацыі Рыгор Кастусёў паведаміў, што чыноўнікі аргумэнтавалі сваё рашэньне адсутнасьцю ў памяшканьні другога ўваходу.

Рыгор Кастусёў
“Такое рашэньне было прынятае, як вынікае з паперы, якую я атрымаў сёньня ў гарвыканкаме, яшчэ дзясятага сакавіка. У гэтым памяшканьні два пакоі. Адзін зь іх выдзелены для абласной грамадзкай арганізацыі “БНФ «Адражэньне»”, і чыноўнікі прынялі станоўчае рашэньне па ім. Другое ж мы намагаліся аформіць на партыйную структуру. Камунальнікі пагадзіліся, бо яно ў іх пуставала амаль два гады, а вось чыноўнікі выказаліся супраць”, — зазначыў спадар Кастусёў.

Паводле партыйца, абвешчаная ў Менску лібэралізацыя да Магілёва не дайшла.

“Гарвыканкаму лепей адмовіць, чым на нешта пагадзіцца. Адмову магілёўскім чыноўнікам прасьцей патлумачыць. Я ня думаю, каб камунальнікі згаджаліся на выдзяленьне памяшканьня самастойна, без папярэдняга ўзгадненьня з гарвыканкамам. Ад дзясятага сакавіка я ў гарвыканкам хаджу, як на працу. То мне чыноўнікі казалі — усё добра, то пазьбягалі сустрэч, ну, а цяпер адмовілі”.

Абласная арганізацыя партыі БНФ страціла статус зарэгістраванай — якраз праз адсутнасьць юрыдычнага адрасу — яшчэ ў 2001 годзе. Ад таго часу ўсе спробы знайсьці памяшканьне заставаліся няўдалымі. Выдзеліць памяшканьне пад юрыдычны адрас адмаўляюцца як дзяржаўныя арганізацыі, так і прыватныя бізнэс-структуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG