Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі раяць Эўразьвязу


Што б вы параілі Эўразьвязу: ці варта запрашаць Аляксандра Лукашэнку ў Прагу на саміт “Усходняга партнэрства”?


Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

Вінцук Вячорка
“Я параю Эўразьвязу гэтага не рабіць, бо гэта азначала б размываньне самой маральна-каштоўнаснай асновы ЭЗ. Беларусь павінна быць ва “Ўсходнім партнэрстве” як краіна, аднак яе далучэньне да канкрэтных праграмаў, графік і ступень павінны быць абумоўленыя рэальнымі зьменамі ў кірунку вяртаньня гэтых самых каштоўнасьцяў у нашую краіну.

Павінны быць зробленыя крокі, якія даўно названы і намі, і Эўрапейскім парлямэнтам яшчэ ўвосень мінулага году”.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін:

Сяргей Калякін
“Я думаю. што пасьля выказваньняў, якія Лукашэнка зрабіў апошнім часам, яго наагул нікуды нельга запрашаць. Я маю на ўвазе ягоныя выказваньні адносна апазыцыі, якую назваў ворагамі народа і гэтак далей. Гэта проста хамства, як ён сябе паводзіць. І калі Эўропа хоча мець стасункі з хамам, то няхай запрашае. Я мяркую, што такі палітык у Празе непатрэбны”.

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч:

Сяргей Гайдукевіч
“Калі такое пытаньне стаіць, калі ідзе дыскусія, ці запрашаць Лукашэнку, гэта ўжо для беларускага боку вельмі вялікі рух наперад. Раней гэта і ўявіць сабе было складана. Канечне, трэба запрашаць Лукашэнку. Што тут такога неверагоднага? Вядзецца дыялёг, прыяжджаў Саляна, разглядаюцца пытаньні ў Фэрэра-Вальднэр, ставяцца ўмовы. Ну і што? Ну пастаўце наўпрост. Што, няўжо дрэнна, калі там будзе знаходзіцца нехта і прэзыдэнты будуць? Ёсьць магчымасьць пагутарыць наўпрост, задаць пытаньні. Няўжо гэта дрэнна? Трэба глядзець на пэрспэктыву. Нічога тут страшнага няма, хто паедзе. Галоўнае, каб нешта рухалася і мянялася ў краіне. Таму няхай запрашаюць прэзыдэнта. Я за тое, каб запрасілі”.

Адзін з сяброў аргкамітэту Беларускай Хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец:

Павал Севярынец
“Запрашаць — калі ў Беларусі пачнуцца сыстэмныя дэмакратычныя зьмены. І не запрашаць, калі такіх зьменаў ня будзе.

Гэта вырашаць эўрапейцам. Калі яны хочуць размаўляць з Лукашэнкам наўпрост, ня толькі ў Менску, але і ў эўрапейскіх сталіцах, гэта іхняе права і гэта іхні выбар. Але яны павінны здаваць сабе справу, што і за прапаганду ў Беларусі пасьля такіх сустрэчаў, і за наступствы саміх візытаў, як рэкляму так званай беларускай мадэлі, эўрапейцам давядзецца несьці адказнасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG