Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах скардзяцца на сэрца


Сёньня ў Баранавічах упершыню ў сакавіку змагла працаваць з хворымі на сэрца пацыентамі цэнтралізаваная хімічная лябараторыя. Ад пачатку месяца тут не было хімічнага кампанэнту расейскай вытворчасьці.


Сталы баранавец Алесь Корань да выхаду на пэнсію працаваў лекарам. Ён і паведаміў “Свабодзе” пра скандальную сытуацыю ў Баранавіцкай цэнтральнай паліклініцы. Са словаў суразмоўцы, некаторым сардэчнікам трэба кожны месяц здаваць аналіз крыві, каб вызначаць дозу лекаў. Інакш узьнікае пагроза сьмерці або паралюшу. Аднак, як цьвердзіць суразмоўца, у сакавіку ў цэнтральнай лябараторыі адмовілі ў прыёме больш як сотні чалавек:

“Гэтых прэпаратаў — то аднаго не хапае, то другога. І так бесьперапынна. Так не бывае, што ўсё адразу ў нас ёсьць”.

Інфармацыю пацыента Кораня спраўджвае супрацоўніца біяхімічнай лябараторыі. Не называючы свайго імя, жанчына тлумачыць:

“Рэактыву не было. У сувязі з тым, што імпартны. Не былі выдзелены сродкі спачатку. У сувязі з тым, што закупляецца рэактыў праз рэспубліканскую “Мэдтэхніку” — там таксама свае складанасьці”.

А ці ў дастатковай колькасьці закупілі рэактыў?

“Я не магу вам так сказаць. Пакуль хопіць. Вось у чацьвер езьдзілі па прэпарат у Менск. У пятніцу мы яго зь міжбальнічнае аптэкі забралі”, — удакладніла суразмоўніца.

Алесь Корань, якога хвалюе праблема перабояў зь лекамі ў Баранавічах, не прамінуў заўважыць, што дзяржаўныя СМІ зараз рэклямуюць посьпехі беларускай мэдыцыны па перасадцы сэрца. У той жа час, як лічыць Алесь Корань, у Беларусі цяпер шмат якія хворыя не атрымліваюць абавязковых мэдычных паслуг.

“Я ў бальніцы стараюся не хадзіць. Яны ня могуць выпісаць таго, што мне трэба. Іншы раз кажуць, каб папрымаў якія лекі. Але бясплатна яны выпісаць ня могуць. А каштуе 90 тысяч. Маўляў, дапаможа ці не — пасьля паглядзім”, — кажа пэнсіянэр Алесь Корань.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG