З 2020 году многія папулярныя распрацоўнікі гульняў пакінулі Беларусь. Асабліва шмат такіх кампаній стала пасьля пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. У красавіку 2022 году беларускі рынак пакінуў адзін з самых буйных гульцоў — кампанія Wargaming, вытворца папулярнай гульні World of Tanks.
Сёлета зь беларускага рынку выйшла кампанія Belka Games — распрацоўнік папулярных мабільных гульняў, Playtika — ізраільскі распрацоўнік слот-гульняў для мабільных плятформаў і сацыяльных сетак, які меў офіс у Менску, SayGames — буйны распрацоўнік мабільных гульняў.
Якія асноўныя прычыны выхаду выворцаў гульняў зь беларускага рынку, што ад гэтага страчвае краіна і якія асноўныя цяжкасьці ў рэлякацыі ёсьць для кампаній? Пра гэта Свабода распытала ІТ-мэнэджара з больш як 20-гадовым досьведам, які працуе ў гэтай галіне.
«Адціснуць ІТ-кампанію вельмі цяжка»
Аляксандар (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) пачынаў кар’еру ў сфэры распрацоўкі гульняў на пачатку «нулявых». Пасьля падзей 2020 году выехаў зь Беларусі, цяпер працягвае дзейнасьць у той жа сфэры, жыве ў адной з краін Эўразьвязу. Сярод асноўных прычын выхаду зь беларускага рынку кампаній — распрацоўнікаў гульняў ён называе высокія рызыкі вядзеньня бізнэсу, санкцыі і рэпрэсіі.
«Кампаніі працуюць на міжнародны рынак, а санкцыі абмежавалі магчымасьць супрацы зь Беларусьсю. Аднак гэта толькі наступствы. Калі гаварыць больш глябальна — гэта рэпрэсіі супраць супрацоўнікаў, зьнікненьне прававога поля. Дзяржава парушыла свае ж абяцаньні. Сьпярша казалі, што правілы для ПВТ ня будуць мяняцца, а пасьля іх памянялі. Супрацоўнікі ня хочуць быць у Беларусі, бо баяцца за сябе», — пералічвае суразмоўца.
Адно з самых значных парушэньняў абяцаньняў з боку дзяржавы, пра якія расказвае Аляксандар, адбылося ў студзені 2021 году. Тады беларускія ўлады паднялі стаўку падаходнага падатку для рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій з 9 да 13%, хаця абяцалі гэтага не рабіць.
Таксама ў Беларусі ўлады не цураліся нацыяналізацыі. Такі лёс яшчэ да падзей 2020 году напаткаў некалькі буйных прадпрыемстваў, не спыняўся працэс і пасьля жніўня 2020-га.
Нацыяналізацыя ў Беларусі пагражала ў тым ліку кампаніі Wargaming, аднак выйсьці зь беларускага рынку ўдалося раней.
Паводле Аляксандра, забраць сабе ІТ-кампанію па прыкладзе прамысловых прадпрыемстваў для дзяржавы складана.
«Адціснуць ІТ-кампанію вельмі цяжка. Можна забраць завод і забраць усе станкі. А ІТ — гэта людзі, гэта галовы. Пасадзіць іх у турму і каб яны на цябе працавалі? Не ўяўляю, як можна забраць сабе ІТ-кампанію», — разважае Аляксандар.
«У Беларусі застаецца знаёмая інфраструктура і родныя»
Нягледзячы на шматлікія праблемы, у Беларусі ўсё яшчэ застаюцца працаваць кампаніі, якія робяць гульні. Напрыклад, беларуска-брытанскі распрацоўнік мабільных гульняў і прыкладных праграм Gismart, вытворца галаваломак і лягічных гульняў Easybrain, распрацоўнікі мабільных гульняў Awem Games, гульняў у стылі Lifestyle Swag Masha ды іншыя. На думку Аляксандра, у Беларусі для кампаній і людзей пакуль існуе некалькі стрымальных фактараў.
«Гэта родная і знаёмая інфраструктура. Ты ведаеш, як тут жыць і працаваць. У Беларусі ёсьць блізкія і сябры, якія ня зьедуць. Кошт жыцьця таксама адыгрывае ролю: адукацыя, наяўнасьць уласнага жыльля, мэдыцына. Пры пераезьдзе гэтага з сабой ня возьмеш. Гэта ня столькі плюс, колькі стрымальны фактар», — кажа суразмоўца.
Што да маштабаў рэлякацыі зь Беларусі, то Аляксандар зьвяртае ўвагу на выезд больш як 20 тысяч супрацоўнікаў з ІТ-сфэры. Гэтая статыстыка была актуальнай на 2022 год. Цяпер такіх людзей можа быць больш.
«Беларусь губляе грошы ў выглядзе падаткаў; для краіны, дзе жывуць крыху больш за 9 мільёнаў, гэта вялікая колькасьць. Беларусь страчвае надзею застацца ІТ-краінай», — мяркуе Аляксандар.
«Юрыдычна перавесьці кампанію ня так складана»
Што да рэлякацыі зь Беларусі, то даражэй за ўсё па грашах у гэтым працэсе — перавезьці людзей, расказвае суразмоўца. Юрыдычна працэдура не выглядае вельмі складанай.
«Ня ўсе лякацыі зараз ляяльныя, але гэта дробная праблема, якая вырашаецца. Самае дарагое — перавоз людзей, гэта зьвязана ня толькі з квіткамі. Гэта новы офіс, гэта больш высокія заробкі. Беларусь для ІТ была добрая тым, што там ніжэйшы кошт жыцьця, чым у суседзяў. Некаторыя супрацоўнікі езьдзяць у Беларусь, і гэтыя рызыкі таксама трэба закладаць у бюджэт. Такія работнікі могуць трапіць пад рэпрэсіі», — зазначае суразмоўца.
Каб забясьпечыць людзям такі ж узровень жыцьця, як у Беларусі, ім трэба плаціць больш. Гэта зьвязана з цэнамі на жыльлё, ахову здароўя ды іншыя патрэбы, пералічвае Аляксандар.
Згодна з апошнім дасьледаваньнем цэнтру Beroc, 44% мігрантаў зь Беларусі захавалі кар’еру без адчувальных стратаў пры пераезьдзе. На гэта паўплывала і тое, што ІТ-спэцыялістаў перавозілі на новае месца працы.
«Беларуская ІТ даволі добра сябе зарэкамэндавала ў сьвеце, беларускія спэцыялісты цаніліся заўжды. Якасьць была добрай, была добра пабудаваная ўнутраная адукацыя. Кампаніі выхоўвалі спэцыялістаў унутры. Гэта якасныя мазгі. Кампаніі выгадней перавезьці супрацоўніка, які сябе зарэкамэндаваў, чым браць новага на новым месцы», — тлумачыць тэндэнцыю суразмоўца.
Пры гэтым умовы пераезду ў розныя краіны мяняюцца. Сьпярша Літва і Польшча зрабілі добрыя праграмы для ІТ, аднак пасьля ў Літве пачалі ўзьнікаць розныя складанасьці зь легалізацыяй. Пакуль, паводле Аляксандра, застаюцца прывабнымі Польшча, Эстонія, Армэнія.
«Трэба глядзець, што важна для кожнай асобнай кампаніі. Якія ў іх патрабаваньні. У многіх каманды цалкам ці часткова раскіданыя па розных лякацыях. Гэта могуць быць міні-офісы ці проста індывідуальныя прадпрымальнікі», — расказвае Аляксандар.
«Беларуская дзяржава ня ўмее ў ІТ»
Ад беларускай дзяржавы ніколі не ішла ініцыятыва самім рабіць кампутарныя гульні і зарабляць на гэтым грошы. Напрыклад, стварыць кампанію зь дзяржаўным капіталам. Цяпер ніша вызваляецца праз эміграцыю. Аднак, на думку нашага суразмоўцы, замяніць гэтыя кампаніі дзяржава ня зможа.
«У Беларусі нават не арганізоўвалася такіх фондаў, каб дзяржава нешта такое спансавала. Такое ёсьць у Расеі, але там быў нядаўна прыклад гульні „Смута“, якую ўсе чакалі, а атрымалася ня вельмі. Магчымыя нейкія рэчы на энтузіязме асобных людзей, не зьвязаных зь дзяржавай. Гэта можа выстраліць, але агулам сфэру не разьвівае», — параўноўвае Аляксандар.
«Смута» выйшла сёлета ў красавіку, і многія рэчы расьсмяшылі геймэраў: галоўны герой мог скакаць на кані пад вадой, дзе-нідзе ён правальваўся ў тэкстуры. Таксама карыстальнікі наракалі на бедныя дыялёгі і бляклую сюжэтную лінію.
«У ІТ нешта робіцца за кошт заказчыкаў, нешта на ўласныя грошы. У распрацоўцы гульняў шмат што робіцца на інвэстыцыі. На маю думку, беларуская дзяржава ня ўмее ў ІТ, спэцыялістаў выжылі за кошт рэпрэсій, а давер заказчыкаў і інвэстараў падарваны на гады наперад», — даводзіць суразмоўца.
На думку Аляксандра, выхад кампаній і спэцыялістаў, а таксама санкцыі перашкаджаюць у разьвіцьці ІТ-сфэры ў Беларусі.
«Моцныя спэцыялісты выехалі, заказчыкі таксама сышлі. Рынак стаў арыентавацца на ўласныя грошы, якіх мала, ці на ўнутраны рынак Беларусі і Расеі. Жыцьцё ў кокане не спрыяе інавацыям. ІТ-сфэра міжнародная, ты робіш рашэньні бязь межаў. Можна зрабіць нейкую праграму для лякальнага банка, але гэта наўрад ці разьвівае індустрыю ў цэлым. Гэта ўсё вядзе да адставаньня: няма сучасных рашэньняў праз санкцыі, няясна, дзе браць новых спэцыялістаў», — мяркуе суразмоўца.
Дэградацыі сфэры ўнутры краіны, паводле суразмоўцы, спрыяе і праблема з адукацыяй. Сфэра адукацыі спэцыялістаў унутры кампаній будавалася доўгія гады самастойна. Цяпер такая магчымасьць падарваная.
Па дадзеных на кастрычнік гэтага году доля ІТ-сэктару ў ВУП Беларусі была на ўзроўні 5%. У 2021 годзе яна складала 7,4%.
Форум