Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД прэсінгуюць у аўтаномным рэжыме


Заснавальнікі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі адчулі на сабе ціск з боку ўладаў. У Міністэрстве юстыцыі знаходзяцца дакумэнты на рэгістрацыю партыі. Сьпісы заснавальнікаў і дэлегатаў зьезду трапілі ў ідэалягічныя аддзелы райвыканкамаў па месцы іх жыхарства. Людзям тэлефануюць, выклікаюць на размовы і нават прапануюць звальняцца з працы.

Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Павал Севярынец расказаў, што цягам месяца каля чатырох сотняў падпісантаў і дэлегатаў устаноўчага зьезду мелі тэлефонныя размовы. Некаторым зь іх пагражалі праблемамі на працы.

Каля двух дзясяткаў чалавек выклікалі на размовы ў адміністрацыю прадпрыемстваў, дзе яны працуюць. Некаторым у катэгарычнай форме прапанавалі звольніцца па ўласным жаданьні.

Сярод іх быў Дзяніс Хабіраў з Наваполацку. Дзяніс вучыцца завочна ў Полацкім унівэрсытэце. Ён працаваў грузчыкам на вінным заводзе.

“З паўгоду таму мы ладзілі пікет. Тады прыйшла папера на працу. Мне далі тэрмін, каб «выправіцца», а цяпер — папера за заснаваньне БХД. Калі б я не напісаў па ўласным жаданьні, то мне б сапсавалі працоўную кніжку”.

Сябра БХД Пётар Мігурскі, які працуе дацэнтам у Магілёўскім унівэрсытэце, распавёў, што ў самім Магілёве і ў некаторых раённых цэнтрах сяброў БХД прымушаюць адклікаць свае подпісы.

У нас галоўны закон гэта не КДБ. Галоўны закон гэта Канстытуцыя.
“У нас галоўны закон гэта не КДБ. Галоўны закон гэта Канстытуцыя, якая не перашкаджае нам ствараць розныя партыі, грамадзкія аб’яднаньні і г.д. Гэта справа грамадзянаў, а не кіраўнікоў прадпрыемстваў.

Міністэрства юстыцыі павінна зарэгістраваць без чужой дапамогі, ні мясцовага КДБ, ні кіраўнікоў. Такая мая пазыцыя“.

Павал Севярынец на зьезьдзе БХД
Адным сябрам БХД папросту тэлефануюць і запытваюць, ці ставілі яны свае подпісы ў дакумэнтах, іншым — пагражаюць звальненьнямі. Сустаршыня БХД Павал Севярынец лічыць, што такая неаднароднасьць тлумачыцца ініцыятыўнасьцю і актыўнасьцю супрацоўнікаў КДБ і ідэалягічных аддзелаў у тым ці іншым рэгіёне.

“У тых рэгіёнах, дзе актыўна працуюць аддзелы ідэалёгіі й КДБ, людзей пачынаюць прымушаць выйсьці з БХД, бо яны страцяць працу, пачынаюць «наяжджаць» на вучобе, перасьледаваць нават праз райаддзелы міліцыі. Таму мы гэта зьвязваем з тым, што па ўсёй краіне разбудаваны рэпрэсіўны апарат, які без загаду «не чапаць» згары, дзейнічае ўжо практычна ў аўтаномным рэжыме.

Рэжым ужо не замыкаецца на адным чалавеку наверсе, які аддае загад — і ўся сыстэма пайшла яго выконваць, а рэпрэсіўная сыстэма працуе ўжо на мясцовым узроўні“.

Павал Севярынец не выключае, што чыноўнікі рыхтуюць асобны сьпіс з прозьвішчаў тых, хто адклікаў свой подпіс, каб потым скарыстацца ім для адмоўнага адказу. Але ён упэўнены, што рашэньне аб рэгістрацыі БХД будзе выключна палітычным і ня будзе залежаць ад таго, як аформленыя дакумэнты на рэгістрацыю партыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG