– 23 сакавіка 1918 году фракцыя Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў Радзе БНР вырашыла ўсе галасы свае падаць за незалежнасць.
Анатоль Сідарэвіч. Грамадзкі рэдактар тыдня – адзін з заснавальнікаў адроджанай Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, намесьнік старшыні БСДП(Грамада), гісторык і дасьледчык Беларускай Народнай Рэспублікі Анатоль Сідарэвіч. Цягам тыдня ён будзе расказваць пра тое, як утваралася БНР, пра яе ўрокі для сёньняшніх змагароў за незалежную дэмакратычную Беларусь. |
На разгляд Рады БНР выносілася тры пытаньні: даклад прадстаўнікоў Віленскай Беларускай Рады, даклад мандатнай камісіі і даклад менскага гарадзкога галавы. У выніку абмеркаваньня другога пытаньня Радзе належала абраць свой Прэзыдыюм, сэньёрэн-канвэнт і выпрацаваць модус прадстаўніцтва ў Радзе БНР розных палітычных, грамадзкіх, прафэсійных і рэлігійных арганізацый.
Што такое Рада БНР у дзень 24 сакавіка 1918 году? Гэта перш-наперш сябры Рады дэмакратычна абранага Ўсебеларускага зьезду, які адбыўся ў сьнежні 1917 году. Калі бальшавікі разагналі Зьезд, яго дэлегаты сабраліся назаўтра ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі і абвясьцілі Раду Зьезду часоваю краёваю ўладаю. 21 сьнежня Рада прыняла на сябе ўладныя абавязкі і вырашыла дапоўніць свой склад “прадстаўнікамі сялянаў, рабочых і салдат”, а таксама “нацыянальных меншасьцяў у асобе іх сацыялістычных партый”. Таму ў складзе Рады БНР па стану на 24 сакавіка мы побач зь беларускімі сацыялістамі бачым сацыялістаў-сіяністаў, бундаўцаў, расейскіх сацыялістаў-рэвалюцыянэраў і польскіх сацыялістаў. Не дэлегавалі ў склад Рады сваіх прадстаўнікоў толькі меншавікі і бальшавікі. Дзесяць прадстаўнікоў накіравала Менская гарадзкая дума, дзевяць – земствы, восем – нацыянальныя меншасці, шасьцярых – беларускія вайскоўцы. У Радзе былі прадстаўленыя беларусы, габрэі, летувісы, палякі, расейцы, украінцы.
Такім чынам, увечары 24 сакавіка 1918 году пра лёс Беларусі меўся разважаць яе першы парлямэнт, або перадпарлямэнт, у якім былі прадстаўленыя розныя партыі і ўсе нацыянальныя групы Беларусі. Як жа ад Усебеларускага зьезду і Рады БНР будуць адрозьнівацца сфармаваныя бальшавікамі І Усебеларускі Зьезд Саветаў і ЦВК БССР! Як жа ад Рады БНР адрозьніваецца цяперашняя створаная на бальшавіцкі ўзор Палата прадстаўнікоў!