Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс з прыкметамі рэкету


Сёньня ў райцэнтры Крупкі на Меншчыне ўсе прыватныя гандляры на тутэйшым рынку атрымалі пісьмовае папярэджаньне. Райвыканкам сваім рашэньнем абавязвае іх заключыць дамовы зь міліцэйскім аддзелам пазаведамаснай аховы.

Пра навіну “Свабодзе” расказала спадарыня Ганна. Яна ж зачытвае і тэкст пісьмовай пагрозы з боку ўлады:

“У выпадку невыкананьня патрабаваньняў органаў выканаўчай улады на паседжаньне Крупскага выканаўчага камітэту будзе вынесена пытаньне аб прыпыненьні ліцэнзій на права ажыцьцяўленьня вамі гандлёвай дзейнасьці”.

У Крупках рынак месьціцца праз дарогу ад будынка райаддзелу міліцыі. На пульт дзяжурнага выведзена агульная сыгналізацыя. “То ці варта цяпер змушаць людзей плаціць яшчэ дадаткова грошы за сыгналізацыю на кожнай будцы?” — не разумее спадарыня Ганна.

На ўсталяваньне сыгналізацыі — 1 млн. 400 тысяч, яшчэ 350 тысяч — штомесячная плата.
“Па-другое, гэта вельмі дорага! Толькі на ўсталяваньне патрабуецца 1 мільён 300 тысяч рублёў. А пасьля кожны месяц плаціць па 300-350 тысяч рублёў”.

Ня толькі ў Крупках улада спрабуе празь міліцыю спагнаць у бюджэт дадатковыя грошы. Пра такія ж патрабаваньні ў Капылі, Клецку, Салігорску і Слуцку кажа старшыня стваранай грамадзкай кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў. Аднак суразмоўца папярэджвае, што прымус міліцыі незаконны:

Віктар Гарбачоў
“Гэтая міліцэйская паслуга павінна быць толькі са згоды людзей. Па-другое, ёсьць канкрэтны дакумэнт аб пазбаўленьні гандлёвай ліцэнзіі. Няма там пункту, што можна пазбавіць ліцэнзіі, калі прадпрымальнік не жадае ўсталяваць сыгналізацыю. Такое патрабаваньне юрыдычна няправільнае. Перадусім гэта сьведчыць пра тое, што ў Беларусі глыбокі крызіс. Тым больш што міліцыянты прыходзяць да прадпрымальнікаў і кажуць, што ў краіне грошай няма”.

У праўдзівасьці сытуацыі пераконвае й сёньняшняе тэлефанаваньне на “Свабоду” Ўладзімера Крылова з Крупак. Як ён паведамляе, заробак настаўнікам і мэдыкам у раёне затрымліваюць яшчэ ад мінулага панядзелка:

“У райвыканкаме папярэдзілі, што цяперашні заробак выплацяць, а наступны будзе ажно праз тры месяцы. І за мінулы месяц заробак затрымліваюць. Абяцалі 15-га сакавіка. А не даюць і па сёньня…”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG