Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі з рэгіёнаў — пра пэрспэктывы бізнэсу


У рэгіёнах Беларусі прыватныя прадпрымальнікі адмоўна выказваюцца пра 179-ю пастанову Мінэканомікі. Многія лічаць, што абмежаваньне грашовай надбаўкі на кошт імпартаваных тавараў разбурыць іхні бізнэс.


“Гэта адкат назад у разьвіцьці бізнэсу”

Вось што заявіў сёньня “Свабодзе” старшыня Каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Беларусі Анатоль Зьмітровіч (Сьветлагорск):

“Мы цяпер — апошнія ў ланцужку разьмеркаваньня тавару. Напачатку яго атрымліваюць аптовыя базы, пасьля — пасярэднікі. Калі яны, як той казаў, лягуць пад гэтым прэсам, то мы — таксама, і літаральна на працягу аднаго месяца. Мяркуем, што дакумэнт Мінэканомікі — гэта адміністрацыйны бар’ер на шляху разьвіцьця бізнэсу, адкат назад”.

Анатоль Зьмітровіч распавядае таксама, як прадпрымальнікі тлумачаць новы ціск беларускага ўраду на іхні бізнэс:

“Гэта патрэбна толькі для выкананьня аднаго з прагнозных паказчыкаў: скараціць адмоўнае сальда. Але ж так ня робіцца! Урад цяпер шукае крайніх. Але ж ня мы вінаватыя, што беларуская прадукцыя не прадаецца. За 10 гадоў ці нават 15 ня здолелі наладзіць выраб добрай прадукцыі, а цяпер шукаюць вінаватых у гэтым”.

“Пэрспэктывы адмены вельмі мізэрныя”

Адзін з распачынальнікаў малога прадпрымальніцтва ў Беларусі Валер Леванеўскі лічыць, што ўрад ня выканае патрабаваньня скасаваць пастанову Мінэканомікі № 179. Аргумэнты суразмоўцы:

“Вельмі цікавым спосабам увялі абмежаваньні. Ня ўказам прэзыдэнта, як гэта здаралася раней, а пастановай Мінэканомікі. Нібыта прэзыдэнт тут увогуле ні пры чым.

Пэрспэктывы адмены гэтай пастановы вельмі мізэрныя. Гандлёвы сэктар — гэта хуткія грошы. І канкурэнцыі з боку індывідуальных прадпрымальнікаў дзяржава не пацерпіць”.

“Трэба змагацца за свае правы”

Аляксандар Бандарэнка — індывідуальны прадпрымальнік у райцэнтры Крупкі, старшыня рады мясцовага рынку. У інтэрвію “Свабодзе” ён заявіў, што 179-я пастанова Мінэканомікі многіх прыватных гандляроў зробіць банкрутамі:

Лідэр крупскіх прадпрымальнікаў кажа, што трэба змагацца за свае правы:

“Калі б усе змагаліся, як мы... Арэндная плата была 7,5 эўра за адзін квадратны мэтар, а мы дамагліся, што мясцовая ўлада пайшла на саступкі і цяпер кошт арэнды — 6,6 эўра. Акрамя таго, мы змагаліся, каб усе прыватныя гандляры ў Крупках атрымалі адпачынак. Цяпер за 18 дзён яго з нас не спаганяюць арэндную плату і падаткі”.

“Далучайцеся да нашай барацьбы!”

Сёньня старшыня грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка паведаміў “Свабодзе” пра накіраваны ў Саўмін зварот з патрабаваньнем адмяніць 179-ю пастанову Мінэканомікі. Акрамя таго, як кажа Анатоль Шумчанка, грамадзкія саюзы і арганізацыі прадпрымальнікаў, якія існуюць у Беларусі, павінны аб’ядноўвацца для акцыяў пратэсту.

“Улада проста так ад сваіх рашэньнях не адступіцца. Яны могуць гэта зрабіць, але толькі пад ціскам кансалідаванай агульнай пазыцыі. Гэта тое, што робіць малы бізнэс цягам апошніх дзесяці гадоў.

Сёньня трэба весьці гутарку не пра памеры надбаўкі, а пра неадкладную адмену дадзенага грубага выпаду супраць прадпрымальнікаў Беларусі. Таму і заклікаю: “Далучайцеся да нашай барацьбы!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG