Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята беларусаў, якія лічаць сябе “крыху ірляндцамі”


Сёньня ў многіх краінах сьвету адзначаецца Дзень сьвятога Патрыка – вядомага распаўсюдніка хрысьціянства ў Ірляндыі.

Патрык (сапраўдная імя якога Мэйвін) нарадзіўся ў 387 годзе нашай эры ў Рымскай Брытаніі ў каталіцкай сям’і. Ва ўзросьце 16 гадоў ён трапіў у палон да піратаў. Тыя даставілі яго ў Ірляндыю. Жыхары гэтай выспы на той час пакланяліся паганскім багам.

Нарэшце Мэйвіну-Патрыку ўдалося зьбегчы з палону. Трапіўшы на радзіму, ён прыняў сан манаха. Празь некаторы час, паводле загаду Папы Рымскага, ізноў вярнуўся ў Ірляндыю, каб распаўсюджваць сярод мясцовых жыхароў хрысьціянскае вучэньне. Так на прыкладзе ліста канюшыны ён патлумачыў людзям сымбаль Сьвятой Тройцы. Ірляндцы прыпісваюць Патрыку шмат цудаў. Адно зь іх – у Ірляндыі абсалютна няма зьмеяў.

Традыцыя адзначаць Дзень сьвятога Патрыка налічвае амаль тысячу гадоў. Напачатку і да 1970-х гадоў гэты дзень лічыўся выключна рэлігійным сьвятам. Сёньня ж ягоная галоўная прыкмета – весялосьць. Кожны, хто лічыць сябе хоць крышку ірляндцам – а такія ёсьць і сярод беларусаў – у гэты дзень шмат сьмяецца, апранае штосьці зялёнае, прышпільвае да адзеньня ці валасоў лісьцікі канюшыны або проста маленькія зялёныя стужкі, п’е піва Гінэс, слухае ірляндзкую музыку, спрабуе таньчыць складаны ірляндзкі стэп, бярэ ўдзел у шэсьці па вуліцах роднага гораду і віншуе са сьвятам усіх, хто сустракаецца яму на шляху.

Адзін зь менскіх бараў, дзе ад часу яго адкрыцьця ў 2005г. вось ужо чатыры гады запар адзначаецца дзень сьвятога Патрыка, называецца “Дрожжы Юнайтэд” Ён месьціцца па вуліцы Сьвярдлова, 2. У Менску лічаць, што тут пануе сапраўдная атмасфэра ірляндзкіх пабаў. Гучыць “нежывая”, але “ірляндзкая” музыка.

Паводле адміністратара “Дрожжы Юнайтэд”, 17 сакавіка тут асабліва шмат наведнікаў:
У ірляндзкай музыцы ёсьць штосьці агульнае з нашай беларускай.

“Адзначаем. На сёньня ў нас практычна ўсе месцы замоўленыя. Нейкай асаблівай праграмы у нас ня будзе. Зь ірляндзкага прапануем піва Гінэс, а таксама іншыя гатункі”.

Будучы архітэктар Сяргей, які жыве непадалёк ад гэтага менскага пабу, лічыць сябе крыху ірляндцам. 17 сакавіка ён абавязкова прышпільвае да сваіх валасоў невялікую зялёную стужку ды ідзе ў “Юнайтэд Дрожжы”, каб пад ірляндзкую музыку папіць сапраўднае ірляндзкае піва Гінэс.

Сяргей: “У гэтай музыцы ёсьць штосьці агульнае з нашай беларускай. Я неаднойчы чуў, што ў старажытныя часы, калі былі войны паміж паўночнымі народамі і славянамі, людзей бралі ў палон. І тады адбылася асыміляцыя. У Беларусі зьявіліся нейкія ірляндзкія карані. А там – беларускія.”

Як і Сяргей, ягоны сябар Алег таксама зьяўляецца фанатам Ірляндыі, Ён перакананы, што ірляндзкі характар блізкі да беларускага. І ў ірляндцаў, і ў беларусаў у гісторыі ёсьць шмат сумных паралеляў – голад, войны, прыгон… Адзінае, што дапамагае выжываць у такіх умовах – гэта ўменьне радавацца жыцьцю.

Штогод 17 сакавіка, беларускія фанаты Ірляндыі, начапіўшы на сябе зялёную ірляндзкую атрыбутыку, ладзяць у Менску адмысловыя шэсьці.

Алег: “Нам вельмі прыемна, калі некаторыя людзі, калі бачаць нас, кажуць: “А, гэта дзень сьвятога Патрыка…” Яны віншуюць нас, далучаюцца да нас. Такіх людзей вельмі мала, аднак усё ж гэта вельмі радуе”

Мяркуецца, што падобнае шэсьце будзе праведзена і сёньня. Яго арганізатары – прадстаўнікі менскай школы ірляндзкага танца – заклікаюць менчукоў сустрэцца сёньня а 17-й ў сквэры ля помніка Янку Купалу. Яны чарговым разам пройдуцца па вуліцах беларускай сталіцы і павіншуюць мінакоў з гэтым днём. Такім чынам яны далучацца да сотняў такіх вулічных парадаў ва ўсім сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG