Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежныя літаратары стварылі сваю “Кнігарню пісьменьніка”


“Кнігарня пісьменьніка” — пад такім назовам Саюз беларускіх пісьменьнікаў вырашыў запачаткаваць сваю выдавецкую сэрыю. У ёй пабачаць сьвет кнігі тых літаратараў, якіх не друкуюць дзяржаўныя выдавецтвы.

Творчае натхненьне аднаму пісьменьніку дае прырода, іншаму — каханьне, камусьці — вандроўкі, але ніводзін літаратар ня можа зноў самазасяроджана схіліцца над чыстым аркушам паперы, пакуль не пачуў чытацкіх водгукаў пра ўжо напісанае. У некаторых сяброў перасьледаванага ўладай Саюзу беларускіх пісьменьнікаў нявыдадзеныя рукапісы ляжаць у шуфлядах не адзін год. Гаворыць старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч:
Алесь Пашкевіч

“Найстарэйшая літаратурная творчая арганізацыя — Саюз беларускіх пісьменьнікаў — раней мела ўплыў і на адпаведныя профільныя міністэрствы, мела ўплыў і на літаратурнае выдавецтва “Мастацкая літаратура”, мела сваю кнігарню. На сёньня Саюз беларускіх пісьменьнікаў адпаведных уплываў на дзяржаўныя пляны ў кнігавыдавецтве ня мае. Таму было вырашана запачаткаваць сваю кніжную сэрыю, каб быць ня толькі стваральнікамі літаратурных тэкстаў, але і мець магчымасьць непасрэдна выдаваць тое лепшае, што зьяўляецца ў сучаснай творчасьці, і тое, што ня можа зьявіцца ў дзяржаўных выдавецтвах”.

Першыя тамы “Кнігарні пісьменьніка” ўжо падрыхтаваныя да друку, паведаміў спадар Пашкевіч.

“Падрыхтавана і ўжо ў друкарні кніга Ўладзімера Някляева “Цэнтар Эўропы”. Гэта проза знанага паэта, аповесьці і апавяданьні. Падрыхтавана і вось-вось будзе здадзена ў друкарню кніга Віктара Казько, якую склала эсэістыка і публіцыстыка. Трэцяй будзем выдаваць кнігу нядаўна памерлай паэткі Ніны Мацяш, вырашылі выдаць кнігу яе выбраных перакладаў”.

Дадамо, што чацьвёртай кнігай сэрыі заплянаваная “Анталёгія сучаснай маладой жаночай прозы”.

Вядома, што на сёньня ў Беларусі ёсьць прыватныя выдавецтвы, што выдаюць кнігі пісьменьнікаў, якія недаспадобы дзяржаве. Але гэта адбываецца пры адной умове: сёньня — грошы, заўтра — кніга. “Кнігарня пісьменьніка”, зазначыў спадар Пашкевіч, сама будзе шукаць фундатараў для кніг сваіх аўтараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG