Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс: фэрмэры крыўдуюць на ўладу


Карэспандэнты “Свабоды” пацікавіліся становішчам беларускіх фэрмэраў.

БЕРАСЬЦЕ-ГОМЕЛЬ


Сёньня ў адной з самых буйных на беларускім Палесьсі вёсцы Альшаны, якую называюць яшчэ “агурковай рэспублікай”, адбываўся сход фэрмэраў. Як паведаміў “Свабодзе” дырэктар абласнога аграпрамысловага саюзу Мікалай Казак, улада зьвярнулася да прыватнікаў з просьбай выправіць сёлета сытуацыю з вытворчасьцю кансэрваванай гародніны. Чыноўнік кажа:

У Берасьці цяпер кансэрвуюць агуркі… зь Індыі.
“Аказваецца, што цяпер у Берасьце завозяць агуркі зь Індыі. Прадпрыемства ў свабоднай эканамічнай зоне апрацоўвае гуркі хіміяй і кансэрвуе ў слоіках. Каб такога ня здарылася ўвесну, улетку і ўвосень, то сёньня нашы спэцыялісты наведваюць менавіта Альшаны. Там сабралася група фэрмэраў, зь якімі будуць падпісвацца дамовы на вытворчасьць агуркоў”.

У фэрмэраў шмат прэтэнзіяў да ўлады. Да прыкладу, сёньня на Берасьцейшчыне кобрынскі фэрмэр Уладзімер Банцэвіч атрымаў апраўдальныя дакумэнты з абласнога суду. З кваліфікаванага агранома Банцэвіча зьнялі ранейшыя абвінавачаньні. Цяпер у яго няпэўная сытуацыя:

Зараз я на раздарожжы: ні грошай, ні крэдытаў
“Ня ведаю. Я цяпер на раздарожжы стаю. У мяне ж суды цягнуліся. І вось толькі абласны суд мяне апраўдаў. Зараз ні грошай, ні крэдытаў. Ня ведаю, што будзе…” Уладзімер Банцэвіч — адзін з 207 фэрмэраў у Беларусі, якія цалкам ці часткова прыпынілі сёлета далейшае разьвіцьцё гаспадаркі.

Якім чынам крызіс шкодзіць фэрмэрству, распавядае Міхаіл Шруб. Яго цяпер турбуе, як прадаць адкормленых на фэрме парсюкоў:

“Ніхто нічога не бярэ практычна. Мясакамбінаты затавараныя. Таму складана здаць, а яшчэ цяжэй атрымаць грошы”.

Як жа плянуе фэрмэр веснавую пасяўную, калі застаецца бяз грошай?

“Так, ёсьць праблемы, і вельмі вялікія. Калі мы здаём прадукцыю і не атрымліваем за гэта грошы, то, канечне, шанцаў выжыць становіцца ўсё менш”.

Калгасы й саўгасы не жадаюць выпускаць з рук дзяржаўныя датацыі.
Яшчэ адзін прыклад уціску фэрмэра на Гомельшчыне. Бацька й сын Парфянковы ўжо каторую вясну запар дамагаюцца павелічэньня зямельнага надзелу ля вёскі Касьцюкоўка. Гаворыць Леанід Парфянкоў:

“У нас крызіс пакуль толькі адзін у гаспадарцы — недахоп пасяўных плошчаў. Гэта асноўны крызіс нашай гаспадаркі! Дадаткова трэба гектараў трыста зямлі. Ужо не хапае прадукцыі нават на ўласны гандаль. Мы адмаўляем ужо нашым пакупнікам-гуртавікам, паколькі большасьць прадукцыі рэалізуем самі. У нас чатыры гандлёвыя пункты, і ўжо ў красавіку ці на пачатку траўня мы скончым рэалізацыю ўсёй сваёй прадукцыі”.

Гаспадарка Парфянковых спэцыялізуецца на вырошчваньні садавіны, бульбы й гародніны. Гароднінай фэрмэры маглі б гандляваць да новага ўраджаю, калі б былі большымі пасяўныя плошчы.

Як мяркуе спадар Парфянкоў, зямлі не дабіцца з прычыны таго, што калгасы й саўгасы атрымліваюць дзяржаўныя датацыі менавіта ў разьліку на наяўныя гектары й ня хочуць выпускаць з рук такую дармовую крыніцу грошай:

“Калгасам, якія разьмешчаны побач, трэба вельмі шмат зямлі. Яны яе неэфэктыўна выкарыстоўваюць, затое на кожны гектар атрымліваюць датацыі. І, вядома, ніхто іх так не аддасьць. Калі б плацілі падатак на зямлю, то, я думаю, у нас у раёне зьявілася б вельмі шмат зямлі, якая была б непатрэбная калгасам”.

МАГІЛЁЎ


Паляпшэньня сытуацыі ў фінансавы крызіс не чакаюць фэрмэры Магілёўшчыны.

Вось што кажа пра агульную сытуацыю ў рэгіёне фэрмэр з-пад Бялынічаў спадар Зьміцер:

“На паліва падымуцца цэны, і будзе тады адчувальна. Цяпер жа ў прынцыпе збыт прадукцыі запаволіўся. Мяса не ідзе ў нас. Няма той рэалізацыі, што раней была. Атрымліваецца перанасычэньне прадукцыі сельскагаспадарчай. Мясакамбінаты не бяруць, малочныя камбінаты пакуль бяруць, бо вымушаныя браць. Цэны ж скінулі на малако”, — тлумачыць сытуацыю фэрмэр зь Бялыніччыны Зьміцер.

Пра запасы прадукцыі кажа й фэрмэр з Бабруйшчыны Ўладзімер:

“У мяне таксама ляжыць нерэалізаванай бульбы сорак тон харчовай і тры — пасяўной. Пакуль з гэтым цяжка”.

У Саюзе фэрмэраў Магілёўшчыны спадзяюцца, што прыватныя сельскія гаспадаркі вытрымаюць крызіс. Аднак прызнаюць, што фэрмэрам давядзецца цяжка. З 275 гаспадарак, якія ёсьць у рэгіёне, наўрад ці хоць адна наважыцца на пашырэньне. Бліжэйшым часам ня варта чакаць і павялічэньня колькасьці гаспадарак.

“Няма такіх напрамкаў у дзяржавы — падтрымкі фэрмэраў-пачаткоўцаў. Крэдыты ён ня можа атрымаць. Тэхніку ён ня можа атрымаць, бо яна даецца за крэдыты. Па лізінгу ня можа таксама атрымаць тэхніку, бо ён толькі пачынае. У яго там трыццаць-пяцьдзясят гектараў”, — зазначае супрацоўнік саюзу фэрмэраў.

У Беларусі няма дзяржаўнай палітыкі падтрымкі фэрмэрства.
Былы дырэктар саўгасу “Дрыбінскі” Мікалай Юркоў ня мае пэўнага адказу, ці выстаяць у крызіс беларускія фэрмэры:

“Фэрмэр кожны сам па сабе — гэта ж ня фэрмэрства. Гэта ж павінна быць дзяржаўная палітыка. Яны на такім узроўні, на якім знаходзяцца калгасы, могуць канкурыраваць і выжыць. Калгасы ўжо даўно ў крызісе. А калі адчыняць межы з прадукцыяй — тады хто яго ведае. Я ведаю фэрмэраў, якія перажывуць крызіс, аднак на якім узроўні перажывуць?”

У саюзе фэрмэраў Магілёўшчыны паведамілі, што за апошні год прыватныя гаспадаркі павялічылі валавы аб’ём вытворчасьці на дваццаць два працэнты, а калгасы — толькі на пятнаццаць.



Фэрмэрскі рух пачаўся ў Беларусі напрыканцы 1989 — на пачатку 1990 году. З больш як 6 тысяч фэрмэрскіх гаспадарак, створаных у той час, цяпер дзейнічаюць крыху больш за 2 тысячы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG