Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ: Бедныя стануць яшчэ бяднейшымі


Міжнародны валютны фонд перасьцерагае, што сусьветны эканамічны крызіс, які ў сваёй пачатковай стадыі ўдарыў па высокаразьвітых краінах ды па краінах зь пераходнай эканомікай, цяпер ужо падступаецца да самых бедных эканомік плянэты.

Дырэктар-загадчык МВФ Дамінік Строс-Кан сказаў учора ў Вашынгтоне, што 22 краіны зь ліку найбяднейшых у сьвеце будуць патрабаваць вялізную крэдытную дапамогу, каб пазьбегчы эканамічнага абвалу.

Паводле найноўшага дасьледаваньня МВФ, высновы зь якога прадстаўляў Строс-Кан, валютныя рэзэрвы ў гэтых 22 найбяднейшых краінах у гэтым годзе ўпадуць да ўзроўню, які адпавядае іх трохмесячнай выручцы за экспарт. Пры самым мяккім варыянце крызісу, ім трэба будзе дадаткова пазычыць 25 мільярдаў даляраў, каб залатаць дзіры ў дзяржаўных бюджэтах. Калі эканамічная сытуацыя ў высокаразьвітых краінах пагоршыцца радыкальна, бедным эканомікам спатрэбіцца ня менш, чым 140 мільярдаў даляраў, каб ня абрынуцца.

Дамінік Строс-Кан
Пераважная большасьць краінаў зь нізкімі даходамі пазьбегла эканамічных цяжкасьцяў на першым этапе крызісу, калі на Захадзе банкрутавалі банкі, а заходнія ўрады і фінансавыя інстытуцыі стваралі фонды падтрымкі некаторых флягманаў нацыянальнай і міжнароднай індустрыі. Цяпер крызіс прыходзіць да бедных праз гандаль ці, кажучы дакладней, празь яго скарачэньне. Па-першае, фінансавы крызіс выклікаў сусьветную эканамічную рэцэсію, і багатыя краіны сталі значна менш імпартаваць ад бедных. Па другое, у сувязі з рэцэсіяй значна паменшалі грашовыя пераводы гастарбайтэраў, якія або наогул страцілі працу ў багатых краінах, або сталі зарабляць адчувальна менш. Па-трэцяе, замежныя інвэстары абмежавалі ўкладаньні ў бедныя краіны.

Сярод гэтых бедных краінаў, якія ў найбліжэйшым часе могуць вельмі балюча адчуць наступствы сусьветнага крызісу, знаходзіцца адна эўрапейская, Альбанія, і дзьве постсавецкія — Малдова і Кыргызстан. Астатнія — з Афрыкі, Сярэдняй Амэрыкі і Азіі.

У Вашынгтоне Строс-Кан працытаваў таксама жахлівы прагноз Сусьветнага банку, які ацэньвае, што калі цяперашні крызіс будзе працягвацца, у самых бедных краінах сьвету да 2015 году можа памерці ад 1,4 да 2,8 мільёна дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG