Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Тамковіч атрымае прэмію імя Захаранкі


Аляксандар Тамковіч
Аляксандар Тамковіч

Сёньня на сядзібе Партыі БНФ адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэата прэміі імя зьніклага грамадзкага дзеяча Юрыя Захаранкі. Заснавальнікам прэміі, якая мае назву “З адкрытым забралам” – рух “Абаронцы Айчыны”. Нягледзячы на тое, што прэміяй звычайна адзначаюцца дэмакратычныя актывісты, якія мелі дачыненьне да службы ў войску ці іншых сілавых структурах, па выніках 2008 году ўзнагароду атрымае журналіст Аляксандар Тамковіч.

Паводле аднаго з заснавальнікаў прэміі, праваабаронцы Алега Волчака, апрача Аляксандра Тамковіча (на здымку) ў “шорт-лісьце” на атрыманьне прэміі імя Юрыя Захаранкі фігуравалі кіраўнік арганізацыі “Саюз Чарнобыль-Беларусь” Аляксандар Валчанін і старшыня аргкамітэту ў стварэньні аб’яднаньня вэтэранаў баявых дзеяньняў у Аўганістане Аляксандар Камароўскі. Аднак экспэрты ўрэшце аддалі перавагу незалежнаму журналісту – летась за прафэсійную дзейнасьць Аляксандар Тамковіч падвяргаўся судоваму перасьледу з боку ўладных чыноўнікаў:

“Мы сачылі за дасягненьнямі ўсіх нашых афіцэраў. Аляксандар Тамковіч – таксама наш калега; ён ваенны журналіст, закончыў на выдатна Львоўскую вучэльню. І мы зьвярнулі ўвагу, што Тамковіч, нягледзячы на сваю хваробу, выдаў чатыры кнігі. Пісаў ён і пра праваабаронцаў, і пра палітзьняволеных, і пра праблемы ў журналістыцы. Гэтым ён паказаў, што не замкнуўся ў сабе, у сваіх праблемах, а застаўся патрыётам, знаходзіцца на вастрыні падзеяй. Мала за тое, сваім пяром робіць нашу беларускую гісторыю”.

Аляксандар Тамковіч – сябра праўленьня Беларускай асацыяцыі журналістаў. Паводле адукацыі вайсковы журналіст. Закончыў факультэт журналістыкі Львоўскай ваеннай вучэльні, працаваў у газэце “Во славу Родины”. Ад пачатку 1990-х – намесьнік галоўнага рэдактара тыднёвіка “Свободные новости”. Некалькі гадоў таму цяжка захварэў, аднак працягваў друкавацца ў незалежнай прэсе. Аўтар шэрагу кнігаў-інтэрвію з вядомымі ў Беларусі грамадзкімі дзеячамі. Кажа, што прэмія імя Захаранкі для яго вельмі сымбалічная:

“Для мяне гэта вельмі пачэсна. Не скажу, што я вельмі добра ведаў Юрыя Захаранку, але знаёмы быў. Адна з апошніх сустрэчаў адбылася дома ў Міхаіла Чыгіра. Здарылася так, што ў “Мэрсэдэсе” Захаранкі паляцеў рухавік. І я на сваёй “Аўдзі” цягнуў яго якраз на тую стаянку, дзе яго неўзабаве скралі”.

Аляксандар Тамковіч кажа, што пра свой удзел у адборы патэнцыйных ляўрэатаў нават не здагадваўся – да моманту, пакуль арганізатары гэта не канстатавалі як факт:

“Я даведаўся пра тое, што атрымаў перамогу, ад Алега Волчака і Сяргея Аніські. Яны завіталі да мяне і проста павіншавалі з гэтай перамогай. Я толькі потым з інфармацыйных паведамленьняў даведаўся, што быў конкурс і было шмат ахвотных атрымаць гэтую прэмію. І для мяне ўсё гэта ў літаральным сэнсе стала прыемнай нечаканасьцю”.

У розны час ляўрэатамі прэміі імя колішняга міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі былі экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў генэрал Валеры Фралоў, праваабаронца Гары Паганяйла, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2006 году Аляксандар Казулін, удзельнік ваенных дзеяньняў у Аўганістане, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Прэмія ад імя руху “Абаронцы Айчыны” штогод уручаецца за асабістую мужнасьць, прадэманстраваную ў экстрэмальных абставінах.

Юрый Захаранка зьнік пры загадкавых абставінах амаль 10 гадоў таму -- 7 траўня 1999 году па дарозе са стаянкі да дому. У дэмакратычным асяродку не сумняюцца, што нэўтралізацыя яскравага апазыцыйнага палітыка тлумачыцца ягонай непрымірымай пазыцыяй у змаганьні з рэжымам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG