Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс: беларусы не купляюць нават цьвікі


У некаторых рэгіёнах на няпоўны працоўны дзень пераходзяць прадпрыемствы, якія выпускаюць тавары для хатняга ўжытку. Расьце напружанасьць на рынку працы. Новыя адрасы крызісу называюць карэспандэнты “Свабоды”.


НАВАГРАДАК

У Наваградку на Гарадзеншчыне завод мэталічных вырабаў працуе па скарочаным графіку — чатыры дні на тыдзень.

На тутэйшым заводзе 300 рабочых. Прадукцыю, — а гэта мэталічная сетка, цьвікі, сэйфы ды іншае, — прадпрыемства пастаўляе на ўнутраны рынак.

Намесьніца дырэктара завода Леакадзія Шайпук з жалем у голасе кажа, што іхная прадукцыя на замежным рынку ня мае попыту з-за высокага кошту. Цяжка прадаць тавары і ў Беларусі. Меркаваньне Леакадзіі Шайпук:

“Дай Бог, каб горш ня стала...”

“Зараз ужо ня тыя вялікія заказы, што былі раней. Прадпрыемствы гандлю не разьлічваюцца. Бюджэт таксама пусты — заказалі прадукцыі, а ня плацяць. Самае балючае сёньня пытаньне — гэта збыт. Калі ён ёсьць, то ўсё астатняе прыкладаецца”.

Далей Леакадзія Шайпук распавядае, што на працягу апошніх гадоў на прадпрыемстве стараліся купляць новае абсталяваньне, але каб цалкам мадэрнізаваць завод — нестае грошай.

Няясна пакуль і з пэрспэктывамі. Паводле спадарыні Шайпук, галоўнае, каб ня стала горш далей:

“Пра якія пэрспэктывы сёньня можна казаць, калі плянуем адно, а атрымліваецца зусім іншае? Мы ж і ў выставах бяром удзел, і рэкляму даём сваёй прадукцыі, але калі ў народу няма грошай, акрамя як на хлеб, то што ён можа браць?.. Народ сёньня не працуе, ён бярэ толькі хлеб і малако. Дай Бог, каб мы яшчэ ўтрымаліся хоць так, як ёсьць, каб горш ня стала”.

МАГІЛЁЎ

Магілёўскія будаўнічыя арганізацыі папярэджваюць, што ня будуць браць на працу студэнтаў у летнія вакацыі. Падрабязнасьці ад Андрэя Белагубава.

Прамыслоўцы вінавацяць фінансавы крызіс. Кіраўнікі будаўнічых арганізацыяў заяўляюць, што цяпер яны абцяжараныя клопатам, чым заняць сваіх працаўнікоў.

Ад студэнцкай дапамогі адмаўляюцца будаўнікі

Летась гарадзкая ўправа працы, занятасьці й сацыяльнай абароны здолела часова працаўладкаваць каля адной тысячы студэнтаў. Сёлета сытуацыя цалкам іншая:

“Мы зьвярталіся ў шмат якія будаўнічыя арганізацыі. У асноўным ідуць адмовы. Пакуль яны плянуюць загружаць працай толькі сваіх работнікаў”, — кажа кіраўнік управы Віталь Кірыеў.

Чаму будаўнічыя арганізацыі адмаўляюцца ад студэнцкай дапамогі?

“Мы самі ня ведаем, ці будзем мы ўлетку працаваць. Працы няма, дык чаму мы павінны браць студэнтаў? На гэты год не зацьверджана гадавая праграма фінансаваньня аб’ектаў. Калі яна будзе зацьверджана, тады мы будзем ведаць, у якіх аб’ёмах яе трэба выконваць, якія працоўныя рэсурсы для гэтага патрэбныя”, — адказалі ў адным з будаўнічых трэстаў Магілёва.

Праўда, у найвялікшай у Магілёве будаўнічай арганізацыі “Лаўсанбуд” плянуюць узяць на працу студэнтаў, але пэўнай колькасьці не называюць:

“У нас там абмежаваная колькасьць. Трэба, каб кіраўнікі адпаведных філіялаў пралічылі гэта ўсё й падрыхтавалі для іх працоўныя месцы”, — паведаміла супрацоўніца аддзелу кадраў “Лаўсанбуду”.

Летась міністэрства працы на праграму часовай занятасьці моладзі выдзеліла больш за дзьвесьце мільёнаў рублёў. Сёлета чыноўнікі не чакаюць павелічэньня фінансаваньня й прапануюць моладзі заняцца сацыяльнай працай і рамонтам навучальных аўдыторыяў.

ГОМЕЛЬ

У Гомелі грамадзкасьць распачынае інфармацыйную кампанію. Насельніцтву будуць тлумачыць, што мусіць рабіць улада дзеля сацыяльнай абароны людзей.

Гаворыць старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

“У першую чаргу гэта задача й прызначэньне ўлады, каб вырашаліся праблемы, якія існуюць у грамадзтве. Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы ня маюць адпаведных рэсурсаў. Але каб праблемы сапраўды вырашаліся, іх трэба выяўляць і агучваць”.

Кіраўнік рэгіянальнай структуры ПКБ Уладзімір Сякерка зьвяртае найперш увагу на беспрацоўе ў рэгіёне:

“Трэба нарэшце сказаць праўду пра беспрацоўе”

“Напрыклад, што рабіць з працаўладкаваньнем людзей, якія зараз вяртаюцца з Расеі, Украіны, Польшчы? Трэба нарэшце рэальна сказаць праўду пра беспрацоўе менавіта ў Гомельскай вобласьці. Лічбы беспрацоўя, якія афіцыйна называюцца, выклікаюць сьмех ня толькі ў палітычна ангажаваных людзей, але і ў звычайнага насельніцтва. Яны ж бачаць, колькі побач непрацуючых, і асабліва ў малых гарадах”.

Актывіст ініцыятывы “Гомельскі дэмакратычны форум” Пётра Кузьняцоў лічыць, што пры абмеркаваньні крызісных праблем варта зьвяртаць увагу на наступнае:

“Праблемы існуюць двух узроўняў. Лякальныя — напрыклад, зь пітной вадой, жыльлёва-камунальнай гаспадаркай і гэтак далей. І ёсьць праблемы, якія тычацца эканомікі, мэханізмаў, якія існуюць у вобласьці.

На рэгіянальным узроўні яны маюць характар, скажам так, эфэктыўнага выкарыстаньня мясцовых рэсурсаў, да якіх мае доступ мясцовая ўлада. І калі ў часы такога жорсткага фінансавага крызісу гэтыя сродкі выкарыстоўваюцца неэфэктыўна, гэта прыводзіць да абвастрэньня лякальных праблемаў на канкрэтных месцах”.

Рыхтуючы свае прапановы, гомельскія прадстаўнікі дэмсілаў дамовіліся ўдзельнічаць у мажлівым дыялёгу зь мясцовай уладай толькі кансалідавана, без падзелу на першыя й другія ролі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG