Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс, прыхарошаны прапагандай


Як выжываюць людзі ва ўмовах крызісу і як ўлада выкарыстоўвае прапаганду, каб супакоіць насельніцтва?


МАГІЛЁЎ

Змагацца з эканамічнымі праблемамі на Магілёўшчыне цяпер будуць ня толькі прамыславікі, але і ідэолягі. Іх роля — падрыхтаваць насельніцтва да выкарыстаньня ўладай непапулярных захадаў. Ад ідэолягаў патрабуюць узмацніць прапаганду:

“Давядзецца падвоіць, патроіць працу ідэалягічных кадраў па тлумачэньні ўнутранай і зьнешняй палітыкі дзяржавы. Адным словам, пераканаць людзей у шчырасьці ўлады, у прыняцьці неабходных, хаця й непапулярных рашэньняў”, — заклікае падначаленых кіраўнік ідэалягічнай управы Магілёўскага аблвыканкаму Валеры Ільянкоў.

Ён прызнае, што ўплыў афіцыйных мэдыяў на насельніцтва нязначны:

“Трэба зьвярнуць увагу на адсутнасьць па-сапраўднаму рэзанансных крытычных матэрыялаў. Эканамічнай тэматыкі пры асьвятленьні актуальных пытаньняў эканамічнага разьвіцьця ў газэтах — ні духу”.

Юрыст незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Каралёў лічыць, што ўлада спрабуе хоць як схаваць уласную бездапаможнасьць у вырашэньні эканамічных праблемаў. Калі яна наважваецца заяўляць пра непапулярныя захады, то трэба спачатку, каб яна наважылася вярнуць людзям права на публічны пратэст, заяўляе спадар Каралёў:

“Можа здарыцца такое, што людзі самі пачнуць выпускаць пару, і гэта прывядзе да непрадказальных дзеяньняў з боку людзей. Яны пачнуць, да прыкладу, перакрываць рух на вуліцах. І ўлады потым пра гэта пашкадуюць”.

ЛУНІНЕЦ

На заводзе “Палесьсеэлектрамаш”, што ў Лунінцы на Берасьцейшчыне, пытаньне пра скарачэньне колькасьці працоўных разглядаецца яшчэ з восені. Аднак масавыя звальненьні не пачаліся і сёньня. Сытуацыю тлумачыць дырэктар прадпрыемства Сяргей Карпаў:

“Я са сваім калектывам знайшоў агульную мову. Пайшоў па цэхах, расказаў людзям пра сапраўдныя праблемы. Цяпер яны мяне ў горадзе сустракаюць, пытаюцца, ці будзем далей працаваць. Запэўніваю, што будзем. Хаця б чатыры дні, плюс 2/3 заробку за пяты. Пераконваю, што не дамо адзін аднаму памерці”.

На заводзе ў Лунінцы працуюць цяпер больш як 1300 чалавек. Прыбыткі прадпрыемства меншыя, чым да крызісу. Расея і Ўкраіна
Раней Расея і Ўкраіна былі даўжнікі, цяпер — заводы ў Беларусі.
скарацілі закупы электрарухавікоў, у тым ліку да побытавай тэхнікі. Таму цяпер на ўнутраным рынку беларускія заводы пакідаюць адзін аднаго бяз працы. Сяргей Карпаў удакладняе:

“Я не магу сказаць, што ў мяне ўсё добра. Хранова тут усё! Беларусь ня можа купіць столькі рухавікоў з Лунінца, бо ў нас яшчэ ёсьць Магілёўскі завод электрарухавікоў і завод “Эласт”. Нам даводзіцца перавесьці на чатырохдзёнку тры цэхі. Раней Расея і Ўкраіна былі даўжнікі. Цяпер — прадпрыемствы Беларусі”.

ГАНЦАВІЧЫ

У вёсцы Вялікія Круговічы Ганцавіцкага раёну ў вясковай краме прадаўцы штодзень абціраюць сухую каўбасу алеем, каб не цьвіла. Утварыліся залежы чакаляду. Не разыходзіцца рыба. Сыходзяць тэрміны продажу піва і напояў.

У Круговічах людзі эканомяць, бо пачалі расьці кошты на тавары і паслугі. І наадварот — праца вяскоўцаў увачавідкі стала таньнець. Гаворыць Віталь Муха:

“Толькі што падаражэлі дровы. Хоць ва ўсім сьвеце кошт паліва, у прыватнасьці бэнзіну, падае. Вяскоўцам, якія выжываюць дзякуючы
У вёсцы падаражэлі дровы і ўпаў кошт малака
прадуктам сваёй гаспадаркі, таксама становіцца цяжэй, бо, напрыклад, малако, якое яны здавалі, упала ў цане на дзесяць працэнтаў. Даводзіцца пераходзіць на самазабесьпячэньне, а таксама дапамагаць дзецям, якія жывуць у горадзе. Таму што прадукты з крамаў зараз становяцца не па кішэні і гараджанам, а тым больш вяскоўцам зь іхнімі пэнсіямі ды зарплатамі”.

Асабліва скардзяцца на жыцьцё пэнсіянэры.

“Пэнсіі засталіся такія самыя, а цэны падскочылі. Выжыць можна, толькі калі застаюцца сілы на сваю гаспадарку. У краму наведвацца даводзіцца ўсё радзей. Толькі па хлеб і цыгарэты”, — кажа 72-гадовы жыхар вёскі Вялікія Круговічы Віктар Трафімчык.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG