Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарка, cкварка ды крызіс


Узровень спажываньня алькаголю ў Беларусі — адзін з найвялікшых у сьвеце. У які бок паўплывае на сытуацыю эканамічны крызіс? Стануць беларусы піць больш ці менш?

Паводле Міністэрства аховы здароўя, летась на аднаго беларуса было выпіта 12,5 літраў сьпірту, між тым як яшчэ 5 гадоў таму грамадзянін краіны выпіваў крыху болей за 8 літраў. Нагадаю, Усясьветная арганізацыя здароўя лічыць, што пры перавышэньні ўзроўню ў 8 літраў пачынаецца незваротная дэградацыя асобы. Што выратуе беларусаў ад дэградацыі? Ці можа так стацца, што дапаможа тут сусьветны эканамічны крызіс, які няўмольна набліжаецца да Беларусі?

Намесьнік галоўнага ўрача Менскага наркалягічнага дыспансэру Ірына Канановіч пацьвярджае лекавыя якасьці крызісных сытуацый што да чалавечага арганізму.

“Звычайна, калі крызіс, тады нармальныя людзі мабілізуюцца. Сусьветная статыстыка, ня толькі па алькаголі, кажа, што падчас крызісу і менш хвароб, менш самагубстваў ды ўсяго гэткага. І калі ў нас крызіс сапраўды пачнецца, асабліва беспрацоўе, то людзі нацэляцца на выжываньне, а не на нешта іншае”.

Сусьветная статыстыка, ня толькі па алькаголі, кажа, што падчас крызісу і менш хвароб, менш самагубстваў ды ўсяго гэткага.
Пакуль, паводле Ірыны Канановіч, у яе няма зьвестак, што ў сувязі з крызісам павялічылася спажываньне сьпіртных напояў. Доктарка адзначыла складанае становішча са спажываньнем алькаголю падлеткамі і моладзьдзю: хоць рэзкага скачку тут няма, але агульная колькасьць пітушчай моладзі турбуе адмыслоўцаў. Найперш у званы трэба біць з-за таго, што моладзь масава п’е піва і праз гэта хутка прывучаецца да спажываньня мацнейшых напояў.

А вось галоўны нарколяг Беларусі Аляксей Аляксандраў не выключае росту спажываньня алькаголю:

“Калі лічыць крызіс за псыхасацыяльны стрэс, за фактар рызыкі, які пераадольваюць звычайна праз алькаголь, то так, зь вялікай верагоднасьцю спажываньне сьпіртнога можа павялічыцца. Але, на мой погляд, гэты псыхасацыяльны стрэс можна пераадолець і праз пасьпяховыя рашэньні кіраўніцтва, якія ўжо зараз рэалізуюцца. І калі яны будуць працягвацца, то можна будзе абысьціся і бяз большага спажываньня алькаголю ды вышэйшага ўзроўню захворваньняў на алькагалізм”.

Пад пасьпяховымі рашэньнямі кіраўніцтва спадар Аляксандраў разумее эканамічныя і палітычныя захады ўраду, але якія дакладна — галоўны нарколяг Беларусі не патлумачыў. Сярод захадаў, каб пераадолець падлеткавае п’янства, Аляксей Аляксандраў назваў дзейнасьць пры дзіцячых паліклініках “Центраў, прыязных падлеткам”:

“У нашай краіне арганізаваныя „Цэнтры, прыязныя падлеткам“ і „Цэнтры, прыязныя моладзі“. У іх маладыя людзі навучаюцца супрацьстаяць ня толькі алькаголю, але і іншым праблемам жыцьця, у тым ліку спраўляцца са стрэсамі. У гэтых цэнтрах яны могуць атрымаць параду ня толькі дарослага, але і аднагодкі, які навучыўся пераадольваць стрэс без алькаголю, навучыўся казаць „не“ наркотыкам”.

Бывае і гадоў 12, розныя. Пачынаюць зь піва, джын-тоніку, потым спажываюць піва з гарэлкай.
Паводле Аляксея Аляксандрава, у Менску дзейнічае 14 такіх цэнтраў — “амаль у кожнай другой дзіцячай паліклініцы”. Мне, аднак, не пашанцавала. Я абзваніў 25-ю, 23-ю і 20-ю паліклінікі — там пра такія фармаваньні барацьбы з п’янствам моладзі ня чулі. Затое ў 4-й паліклініцы далі тэлефон наркалягічнага падлеткавага кабінэта, дзе наўпрост вядзецца лячэньне маладых п’яніц. Паводле фэльчаркі, моладзь п’е ўсё больш, усё часьцей бацькі прыводзяць на прыём непаўналетніх аматараў “зялёнага зьмія”:

“Бывае і гадоў 12, розныя. Пачынаюць зь піва, джын-тоніку, потым спажываюць піва з гарэлкай. Збольшага ім старэйшыя паказваюць прыклад, наліваюць. І ўвогуле падлеткі глядзяць на дарослых, на тое, як п’юць вакол”.

Шчасьце, калі чалавек пасьпявае зразумець, што ягонае п’янства напэўна загубіць і ягонае дзіця. Зразумець і зрабіць адпаведныя захады. Паэт Адам Глёбус кінуў піць і дае такія парады тым, хто хоча стаць на цьвярозы шлях:

Асноўная праблема ўсіх п’яніц, што яны любяць толькі сябе.
“Асноўная праблема ўсіх п’яніц, што яны любяць толькі сябе. Гэта такая форма эгаізму. Прычым такога эгаізму малакаштоўнага. І таму, каб кінуць піць, трэба вынесьці праблему зь сябе. Трэба паглядзець, каму ты ў гэтым сьвеце больш патрэбны, чым самому сабе. Вось калі ты чалавека нейкага палюбіў, ці лічыш, што дзіця трэба выхаваць, унукаў гадаваць, займацца жанчынамі — кім заўгодна. Галоўнае — вынесьці праблему зь сябе. Калі ты займаесься ня толькі сабой, тады кінуць піць магчыма”.

Адмыслоўцы прадказваюць: крызіс хоць і мабілізуе чалавечыя якасьці, але саміх людзей часта разьядноўвае. Чалавек рабіў на заводзе, быў часткай калектыву, а як звольнілі, дык сядзіць дома, сам-насам зь бядой. Як быць, калі не хапае сваіх сіл і не дапамагае дзяржава? Хтосьці зьвяртаецца да рэлігіі, хтосьці — да грамадзкіх арганізацый. А вось таварыства ананімных алькаголікаў — гэта своеасаблівае спалучэньне рэлігіі, грамадзкай ініцыятывы і асабістых намаганьняў.

У Беларусі дзейнічае болей за 60 групаў ананімных алькаголікаў, а яшчэ 20 гадоў таму не было ніводнай. Каардынатар рэспубліканскага аб’яднаньня ананімных алькаголікаў Уладзімер Клімаў скардзіцца: у Польшчы каля 2 тысяч такіх груп, там дзяржава ім рэальна дапамагае. А ў Беларусі — хаця б утрымацца на сёньняшнім узроўні. Арганізацыя бедная, грошай на інфармаваньне пра сваю дзейнасьць нестае. Паводле Ўладзімера Клімава, ад п’янства можна вылечыцца, толькі сьвядома кінуўшы піць. Што да лекараў, якія запаланілі газэты рэклямай сваіх паслугаў па “вывядзеньні з запою” ці “кадзіроўцы” — каардынатар ананімных алькаголікаў лічыць іх махлярамі:

“На горы і няшчасьці зарабляюць вялікія грошы. Але якія грошы могуць быць у прапітага алькаголіка? Толькі грошы ягоных сваякоў, якія што заўгодна заплацяць, апошнія нагавіцы закладуць. Але ж гэта ілюзія — кадзіроўка. Гэта маё прыватнае меркаваньне”.

Уладзімер Клімаў ня ўзяўся адказаць на пытаньне, ці болей стануць піць беларусы ў сувязі з крызісам. Патлумачыў, што ўліку алькаголікаў іх ананімныя браты не вядуць.

Крызіс — гэта заўсёды і рост цэнаў. Дык ці паўплывае на колькасьць выпітага беларусамі ўздым коштаў алькаголю? Адказ пісьменьніка Ўладзімера Арлова:

“Згадваецца стары анэкдот. Настаўніца кажа:”Партыя прыняла рашэньне падвысіць кошты на гарэлку. Вовачка, ты мусіш радавацца, бо цяпер твой тата-алькаголік будзе менш піць. А Вовачка заплакаў і кажа: “Не, я буду менш есьці”.

Потым Уладзімер Арлоў дадаў, што гэта, хіба, больш тычыцца Вовачкі зь іншай краіны. А беларускі тата пра свайго Вовачку, спадзяецца пісьменьнік Арлоў, усё ж не забудзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG