Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сіліверст дамогся помніка ў Калінкавічах


Калінкавіцкі райвыканкам пагадзіўся на прапанову ліквідатараў усталяваць помнік ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.

Пра гэта чарнобыльскаму ліквідатару, інваліду другой групы Васілю Сіліверсту паведаміла намесьніца старшыні райвыканкаму Алена Клічкоўская.

Спадар Сіліверст асабіста з паўдзесятка разоў зьвяртаўся ва ўладныя структуры з прапановаю ўсталяваць калі ня помнік, то хаця б нейкі памятны знак, які б нагадваў людзям пра страшную трагедыю. Як вайсковы ліквідатар, Васіль Сіліверст дбаў найперш пра ўшанаваньне памяці менавіта гэтай катэгорыі ахвярных людзей. Васіль і сам, будучы афіцэрам запасу, паўгода служыў і працаваў у 30-кілямэтровай чарнобыльскай зоне:

“Я лічу, што мы шмат дамагаліся, каб хоць нейкую памяць пра ліквідатараў пакінуць нашым продкам. Наш раён таксама пацярпеў ад катастрофы. Гэтую тэму людзі не павінны забываць. Паколькі зараз у Беларусі вырашылі пабудаваць сваю атамную станцыю, помнік будзе яшчэ й напамінкам тым, хто яшчэ добра не падумаў, ці патрэбная гэтая станцыя”.

Паводле спадара Сіліверста, у Калінкавіцкім раёне на пачатак студзеня налічвалася 1349 чарнобыльскіх ліквідатараў, зь іх больш за палову – інваліды.

Помнік у Калінкавічах плянуецца ўсталяваць у сквэры ў мікрараёне Паўночны. На гэта райвыканкам выдаткаваў 100 мільёнаў рублёў.

Самі чарнобыльцы плянуюць у бліжэйшы час прапанаваць райвыканкамаўскай камісіі свой эскіз ахвярнага збудаваньня.

Помнікі чарнобыльцам у рэгіёне ня рэдкасьць. Здараюцца і казусы. У Рэчыцы, напрыклад, на тэрыторыі прамысловай зоны нафтавікоў усталявалі своеасаблівы помнік – памерлым і жывым ліквідатарам.

Апавядае чарнобыльскі ліквідатар Уладзімер Кошчанка, чыё імя таксама высечана на мэмарыяле:

“У нас, у Рэчыцы, жывым і мёртвым ліквідатарам усталявалі адзін помнік. І прозьвішчы ўсіх ліквідатараў паводле алфавіту высеклі. І калі людзі прыяжджаюць, асабліва дзеці, то часьцяком канфліктная сытуацыі ўзьнікаюць. Дзеці пытаюцца: “Тата, дык ты ж не памёр – а чаму табе помнік пастаўлены?” Неадназначна гэта, вельмі неадназначна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG