Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ільгота, як кажуць, яна і ў Афрыцы ільгота. Хто можа вылічыць, колькі мне патрэбна капеек?”


Радыё Свабода, Менск Агляд званкоў на Свабоду за 7 траўня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць СМС- паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Віктар Бутто, Менск: “Ну чаму ў 1986-м годзе ваенкаматы не адпраўлялі на пражываньне і працу ў 30-кілямэтровую забруджаную радыяцыяй Чарнобыльскую зону такіх, як Аляксандр Сасноў, былы дэпутат, нават міністар працы, які вельмі жадае, каб адмянілі ільготы ліквідатарам ЧАЭС СССР. Хаця такіх “рэфарматараў” можна і цяпер адправіць на месяцы два-тры, каб яны пажылі ў намёце сярод людзей, што паляць і ўжываюць сьпіртное, папрацавалі без рэсьпіратараў і дазымэтраў і без рукавіц, ужывалі забруджаную ежу і ваду забруджаную ня менш, чым у 15 разоў за норму і гэтак далей”.

Спадарыня: “Расейскія чарансоценныя арганізацыі паўлегальна гуляюць па Беларусі, а іх выведка – адкрыта. Ды, відаць, ня вельмі зручныя справы ў расейскага ФСБ у нас, калі яны мусяць скарыстацца паслугамі такога Сініцына, які таптаў наш бел-чырвона-белы сьцяг, нашу “Пагоню,” і здрадніка Парфяновіча. Нюхам адчуваюць настрой на Беларусі. Нічога, вытрымаем. Вытрымала ж маленькая мужная і цывілізаваная Эстонія. Для эстонцаў нацыянальная годнасьць даражэй за ўсё. А мы што зломкі?! Наступае час вельмі-вельмі балючы для расейцаў – зразумець, што Бог і гісторыя, колькі б часу не прайшло, не даруе зьнявагі іншага народу. Дзякуй. Усяго найлепшага Вам у працы”.

Спадар: “Я беларус. Мне 70 гадоў. Я падтрымліваю ўрад Эстоніі ў рашэньні пераносу бронзавага саўдата-вызваліцеля на могілкі. Лічу, што там яму будзе лепш. Яшчэ не вядома, чым скончылася б вайна, калі б не амэрыканскія судэбэкеры. А абураным прапаную дапамагчы пахаваць так, як трэба, нашых воінаў на нашай зямлі. Яшчэ дагэтуль валяюцца косьці і выкопваюць трупы. Хто тады мы і зь кім нас можна параўнаць? А таксама паставіць бронзавы бюст закатаваным на Беламорска-Балтыйскім канале ў турмах раскулачаных і расстраляных у Курапатах і не рабіць вандалізму з помнікамі гэтым людзям, хоць будзе куды хадзіць і пакланіцца нармальнаму чалавеку. А мы чамусьці ўвекавечваем памяць дэспатаў і забойцаў, і чамусьці яны знайшлі прытулак у Беларусі: гэта Сталін, Жукаў, Дзяржынскі. Я хачу заявіць, што Беларусь ня звалка для чалавечых адходаў! Няма ім тут месца! Я служыў у Севераморску, куды прыяжджаў Жукаў, і мне паціху расказвалі афіцэры…”

Спадар, Маладэчна: “У чарговы раз вялікадзяржаўнасьць Расеі згубіла яе ў спрэчцы і ўзаемаадносінах з маленькай незалежнай краінай, як Эстонія. Той помнік, што стаіць у цэнтры шуму, гаму, там рух аўтамабіляў, тралейбусаў, людзей… Я там паўгады жыў, ведаю. Там спакою няма. І таму ўрад вырашыў, мажліва, слушна перанесьці яго шуму і гаму туды, дзе спакой. І гэта аналягічна помніку ваенным маракам у Кадрыове на ўскрайку Таліна. Туды ходзяць людзі і сёньня. Гэта той жа помнік расейскім маракам. І сёньня туды ходзяць і эстонцы, і расейцы, я ўпэўнены. Ён нікому там не перашкаджае. І прыгожы помнік “Русалка” там. Тое самае эстонцы зрабілі і тут. Мажліва, слушна. А Расея ў чарговы раз павяла сябе… проста сьмешна для ўсёй Эўропы. З такімі дзеяньнямі яна ў хуткім часе будзе высьмеяная ўсімі краінамі. І вось на гэтым фоне “гаўканьне,” прабачце, беларускай падтрымкі. Як сабачка маленькі гаўкае ў падтрымку Расеі. І проста сьмешныя дзеяньні нашых падпявалаў. Дзякуй”.

Ларыса, Менск: “У нашай дзяржаву склалася такое становішча, што стала мала грошай у казьне. Таму дзяржава вырашыла пазбавіць людзей тых ільготаў, якія яны доўгі час мелі. Але паўстае пытаньне: ці пазбавяцца ільгот нашы чыноўнікі? І яшчэ такое пытаньне: чаму чуткі распаўсюджваюцца хутчэй, чым урад афіцыйна абвесьціць, хто будзе пазбаўлены ільгот і якіх. Асабліва хочуць ведаць пра гэта нашы пэнсіянэры, тыя, хто атрымлівае невялікі пэнсіі. Трэба павялічыць пэнсіі, стыпэндыі і заробкі. Тады ня трэба нам ніякіх ільгот”.

Спадар: “Праслухаў інтэрвію з Парфяновічам. З яго няясных адказаў я зразумеў, што гэта наглядная ахвяра моўнай палітыкі “Вялікага брата” зноў зьбіраецца запрасіць яго гарантам нашых нацыянальных каштоўнасьцей. Гэта як запусьціць казла ў гарод. Парфяновіч і таварышы, Вы ломіцеся ў адчыненыя дзьверы. Ён ужо даўно тут. Трэба думаць, як яго выгнаць, а не станавіцца падобнымі да тых, пра каго трапна сказаў Някрасаў. Няксараў да Вашага ведама, спадар Парфяновіч, і Вашых аднадумцаў-міністраў – гэта такі расейскі паэт-клясык. А сказаў ён літаральна наступнае: “Люди холопского звания сущие псы иногда – Чем тяжелей наказание, тем им милей господа”. І ў заключэньне, людзі, будзьце пільнымі! Вы маеце справу з трунарамі беларускай дзяржаўнасьці”.

Спадарыня: “Усё пазнаецца параўнаньнем. На пытаньне “Чаму Лукашэнка ў адплату кінуў Аляксандра Казуліна ў турэмную камэру на пяць з паловай год?” Ды таму, што праўда выказаная па тэлебачаньні Аляксандрам Казуліным у сакавіку 2006-га году, распранула Лукашэнку дагала. А голаму за звычай сорамна перад людзьмі, перад народам. Вось і атрымліваецца, што праўда для Лукашэнкі як чырвоны плашч тарэадора для быка. Канёк Лукашэнкі – хлусьня. І скача ён на ім па ўсім тэлеканалам, па друку і блефуе аб тым, што вытрымаў расейскую атаку за расейскія крэдыты”.

Міша: “Наконт зносу бронзавага помніка ў Эстоніі лічу, што месца акупантам на могілках. І тое самае будзе са Сталінам, маршалам Жукавым, і Дзяржынскім у Беларусі”.

Спадар: “Ні ператрусамі, ні арыштамі, ні судамі “Малады Фронт” не запалохаць, бо моладзь ніколі не пагодзіцца жыць пры прыгонным праве калгаснай і кантрактнай сыстэмы. Моладзь ня хоча жыць у страху і галечы, як жылі іх бацькі і дзяды. Моладзь хоча свабоды! Яе не спыніць, не стрымаць!”

Спадар: “Мабыць, ня ўсё так добра ў нашай дзяржаве, калі Аляксандр Рыгоравіч вырашыў пайсьці на непапулярныя крокі ў выглядзе пазбаўленьня ільгот. А гэта тычыцца прыкладна траціны насельніцтва. Я зусім не сумняваюся, што гэта зроблена “зь яго падачы,” таму што бяз ведама Аляксандра Рыгоравіча ў нас нічога ня робіцца. Проста ён пайшоў на хітрасьць. Напрыклад, каб у чарговы раз прыдушыць прадпрымальнікаў, дастаткова проста выдаць указ прэзыдэнта, і пытаньне вырашана. А выдаць указ пра пазбаўленьне ільгот ён не рызыкнуў – маўляў, няхай дэпутаты прымаюць рашэньне. А Аляксандр Рыгоравіч, як заўсёды ў такіх выпадках, нібыта ў баку застаецца. А толькі потым пры любым зручным выпадку будзе крычаць, што ён добры, а нягоднікі-дэпутаты ільготы ў Вас адабралі. Дык калі ўжо на тое пайшло, то ільготы трэба адабраць у першую чаргу ў міліцыі, у камітэтчыкаў і ўсіх астатніх, да іх прыроўненых, каб яны з жыру не бясіліся”.

Ганна Сяргееўна, Бабруйск: “Я ад свайго імя і імя інвалідаў Рэспублікі Беларусь праз Вашу хвалю хачу зьвярнуцца да дэпутатаў, распрацоўшчыкам сацыяльных ільгот, ураду і спытаць, дзе можна знайсьці сродкі для дапамогі ахове здароўя, родадапамозе, нашым шматдзетным сем’ям. Па-блюзьнерску пазбаўляць ільгот няшчасных інвалідаў. Яны пакрыўджаны Богам, а часта людзьмі, і ледзь выжываюць, атрымліваючы мізэрную сацыяльную падтрымку. А вось у былых дэпутатаў, цяперашніх пэнсіянэраў, якія атрымліваюць ільготныя і нашмат большыя пэнсіі, чым урач, гэтую ільготу трэба тэрмінова зьняць. А за якія заслугі атрымліваюць вялікія ільготныя пэнсіі былыя чыноўнікі выканкамаў, аблвыканкамаў, міністэрстваў і ўраду? Яны давялі народ да жабрацтва, шыкоўна жылі і цяпер шыкоўна жывуць, атрымліваючы вялікія пэнсіі. У іх таксама трэба тэрмінова зьняць гэтыя прывілеі. Неабходна адмяніць прызначэньне ільготных, вялікіх пэнсій работнікам міліцыі, вайскоўцам, якія прасядзелі ў сваіх кабінэтах і якім нічога ў жыцьці не пагражала. Чаму былы начальнік міліцыі атрымлівае ільготную і ў два разы большую пэнсію, чым урач?! За якія заслугі?! А хіба слушна, што начальнікаў кадраў МНС, начальнік клюба ў войску атрымлівае заробак нашмат большы, чым грамадзянскія асобы, што працуюць па той самай спэцыяльнасьці? Гэты сьпіс можна працягнуць. Вось дзе можна знайсьці вялізныя сродкі, і ня трэба будзе здымаць ільготы ў няшчасных, пакрыўджаных людзей”.

Спадар: “Плянуемае рашэньне скасаваньня розных ільготаў і іх частковая замена грашовымі выклатамі, на мой погляд, мае пазытыўны фактар для разьвіцьця нашага грамадзтва. Не маючы доступу, да ўсяго спэктру ільготаў, прывяду пару прыкладаў. Аб’яднаньне “Беларуськалій” – горна-хімічная манаполія, на якой манапольныя і заробкі. Уладкавацца туды на працу проста з вуліцы – марная справа, ня гледзячы на тое, што большасьць месцаў у асноўнай вытворчасьці носіць шкодны характар. Чаму ж людзі, атрымліваючы не благія пэнсіі ў паўтары-два разы большыя за сярэднія, ва ўзросьце 45-50 гадоў не пераводзяцца на працу з нармальнымі ўмовамі, а трымаюцца за свае месцы да 60-65 гадоў, а працадаўца не сьпяшаецца паляпшаць ім ні ўмовы працы, ні замяняць іх моладзьдзю? Па-першае, ні тэхнічна, ні юрыдычна не зацікаўлены гэткія прадпрыемствы зьмяншаць колькасьць месцаў са шкоднымі ўмовамі працы, бо адлічваюць у пэнсійны фонд аднолькава зь іншымі, дзе няма шкоднай вытворчасьці. Такі льготны пэнсіянэр да гэтага ж, у адрозьненьне ад беспрацоўнага, за палову езьдзіць у транспарце, вызваляецца ад падаткаў на нерухомасьць, зямлю і гэтак далей. Якая тут сацыяльная справядлівасьць? А вось прыклад на вёсцы. Бабуля за сваю пэнсію ў 200-300 тысячаў рублёў купляе дровы, а настаўнік, які зарабляе да мільёна, атрымлівае тыя дровы бясплатна. Гэта таксама на сёньняшні дзень лічыцца справядлівым”.

Спадар: “Зьдзіўляе пазыцыя Парфяновіча і Сініцына,я кія прыдумалі свой маніфэст аб зьнішчэньні Беларусі. Я як гісторык успомніў, што ў 19-м стагодзьдзі быў Парфяновіч, які здрадзіў Кастусю Каліноўскаму і выдаў яго. Цяпер знайшоўся другі Парфяновіч, таксама здраднік, які хоча прадаць Беларусь Расеі і хоча дулю паказаць Лукашэнку і нашаму беларускаму народу, што ён разумнейшы за ўсіх. Па гэтаму і Сініцына, і Парфяновіча, і Фралова, і Скрабца я асуджаю за тое, што яны не патрыёты Беларусі, а здраднікі. Усяго Вам добрага”.

Яцкевіч Аляксандр Анатольевіч, Віцебск: “Вельмі цікавае пытаньне было закранутае аб тым, ці адчувае сябе народам беларускі народ, беларуская нацыя. Што мне прыходзіцца назіраць сёньня, калі сачу за моладзьдзю? Прыходжу да такой высновы, што выпустошваецца ня толькі мова, але наагул народная культура. Да яе такое абыякавае, грэблівае стаўленьне. І я вось думаю, што гэта ўсё адно. Сёньня знайдзіце такі народ, які б не паважаў сваю культуру. Калі няма народнай культуры, значыць, гэта ўжо не народ. Гэта нейкі мутант, не вядома які і адкуль. Але гэта не народ у поўным сэнсе гэтага слова. Вялікі дзякуй”.

Спадар: “Што можна сказаць пра ільготы? Ільгота, як кажуць, яна і ў Афрыцы ільгота. Хто гэта можа вылічыць, колькі мне патрэбна капеек? Сёньня, можа, патрэбна патраціць пяць тысяч, а заўтра, каб некуды зьезьдзіць ці нейкія лекі дастаць, ці яшчэ нешта, патрэбна дваццаць. А хто гэта вымерае і як потым дзяліць? Людзі жывыя, жыцьцё ідзе ва ўсіх па-рознаму. І як гэта можна? Гэта ўжо зусім абраза. Дзякуй вялікі”.

Спадарыня: “Віншую Радыё Свабода зь Днём радыё. Дзякуй за высокі прафэсіяналізм, грамадзянскую самаахвярнасьць і непаўторна прыгожыя Вашы галасы”.

Спадар: “Свабода,” я хачу па пытаньню выбараў у Францыі сказаць. Гэта цывілізаваная краіна, у якой прайшлі выбары дэмакратычна, свабодна. І паглядзіце, пасьля выбараў сапернікі адзін аднаго павіншавалі зь перамогай і паразай. Але не як у нашай краіне, нецывілізаванай, якая толькі разьвіваецца, б’юць саперніка, пінае палкоўнік нагамі і АМАП. А галава дзяржавы распраўляе вусы і кажа: “Слушна марскому пехацінцу ўляпілі”. Вось такая ў нас рэспубліка, якая толькі разьвіваецца. Вось суадносіны. Потым хачу сказаць наконт пераносу помніка ў Таліне. Гэта іх унутраная справа. Расея – гэта экспансіўная рэспубліка, якая свой нос паўсюль суне, як КДБ, так і правячая верхавіна. Так што іх справа сапці у дзьве дзіркі і маўчаць. Яны ў Таліне столькі бяды нарабілі, як і ў Беларусі, і ва ўсіх рэспубліках. 106 мільёнаў нашых грамадзян зьнішчыць! Гітлер зьнішчыў зьняволеных 20 мільёнаў! Удумайцеся ў гэтую лічбу!”

Сталы слухач: “Я за справядлівасьць. І згодны, што нягоднікі, якія нешта зрабілі з Захаранкам, павінны быць вельмі сурова пакараныя, на пажыцьцёвы тэрмін і гэтак далей. Але мяне зьдзіўляе, што яго жонкі зь дзецьмі… Толькі падумайце, жонка зь дзецьмі паехала ў іншую краіну! Паехала ў Нямеччыну і там жыве. Напрошваецца пытаньне: ці ня там Захаранка? Не дарма яна паехала туды. Вось напрошваецца такое нядобрае пытаньне. Няхай разьвеюць мае падазрэньні. А можа атрымацца, што гэта так. Гэта нібыта нейкая правакацыя. Я згодны, што, калі нешта зрабілі з Захаранкам, без усялякіх размоваў трэба знаходзіць нягоднікаў. Але вось тут нечым дрэнным пахне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG