У пакінутым сёньня ў міністэрстве запісе ў кнізе прапаноў спадар Сіліверст прапануе міністру накіраваць у Калінкавіцкі раён адмысловую мэдычную камісію, каб вывучыць сытуацыю з заўчаснай сьмяротнасьцю.
Паводле спадара Сіліверста, асабліва нізкай працягласьцю жыцьця вызначаюцца былыя вайсковыя ліквідатары. З 37 такіх ліквідатараў — адзінаццаць памерлі, сямёра — у маладым веку сталі інвалідамі, яшчэ двое — накіравалі дакумэнты ў мэдычную экспэртную камісію на прызнаньне іх інвалідамі.
Між тым толькі аднаму вайсковаму ліквідатару мэдыкі зьвязалі інваліднасьць з удзелам у мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.