Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Служыць радзіме — абавязак Васяў і Пецяў, а ня Франкаў?”


Гвалтоўны прызыў у войска моладзевых палітычных актывістаў, эканамічны крызіс і ягоныя праявы ў Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Прымусовы прызыў у войска моладзевых палітычных актывістаў Франка Вячоркі, Івана Шылы і Зьмітра Хведарука асудзілі ў кіраўніцтве Эўрапейскага парлямэнту. Выказваньні на гэтую тэму:

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Тое, што ўчынілі ўлады над Іванам Шылам, Франкам Вячоркам, Зьмітром Хведаруком, — чарговая агідная правакацыя і злачынства, якога ня бачыў увесь белы сьвет. Здаецца, зусім нядаўна Іван са сваімі сябрамі праводзіў конкурс малюнкаў на асфальце. Прызавыя месцы тады атрымалі малюнкі “Чырвоны касьцёл”, “Альгердава дзіда”, “Герб Пагоня” і інш. Было цікава і ўрачыста. А сёньня я вельмі хвалююся за яго лёс, як і за лёс іншых маладафронтаўцаў. Жыве Беларусь!”

Зіноўеў: “Вось у ваенны шпіталь Вячорку адправілі незаконна: ён жа ня быў ваенным тады”.

Анішкевіч, Маладэчна: “Што ж вы зацыкліліся на гэтых Франках? Іншых тэмаў няма? Служыць радзіме і абараняць яе — гэта абавязак Васяў, Пецяў, Міколаў, але ня Франкаў? Позву ў рукі — і самі павінны зьявіцца ў ваенкамат. У войску іх навучаць, як радзіму абараняць, а за ўхіленьне павінна быць пакараньне. Сорам! Ім канстытуцыя дае толькі правы? Без абавязкаў? Выснова напрошваецца такая: хто рвецца да ўлады з апазыцыі, для іх толькі б урваць болей для сябе, а радзіма і народ беларускі — гэта толькі сродак для дасягненьня сваіх мэтаў”.

Спадарыня Ларыса, Менск: “Гвалтам адправілі ў войска хлопцаў прызыўнога ўзросту, бязь пільнага мэдыцынскага дасьледаваньня. Калі 25 і 30 год таму маіх сыноў прызывалі ў войска толькі пасьля пільнага мэдыцынскага агляду. Дарэчы, служылі ў Прыбалтыцы і на Паўночным марскім флёце. Па 3 гады. Ніякай дзедаўшчыны. Проста ў войску быў парадак”.

Спадар: “Няхай зробяць рахунак сумленьня вайсковыя структуры, вайсковыя часткі, вязьніцы, ваенкаматы, суды. Войска ў Беларусі і Расеі — гэта дурдом альбо другая турма”.

Расея забараніла ўвоз на сваю тэрыторыю прадукцыі Белавескага мясакамбінату, у якой выявілі шкодныя для здароўя рэчывы. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Гары Табачнік, Менск: “Нарадзіўся такі “сьпіч” з нагоды забароны ўвозу мяса на тэрыторыю Расеі. Беларусы, вас атручваюць ня толькі гарэлкай, але ж і мясам! Вельмі цікава, ці пойдзе гэтае мяса на кілбасы?”

У кіраўніцтве Белавескага мясакамбінату адказаць на пытаньне адмовіліся. Вось што з гэтай нагоды мяркуе эканаміст Міхась Залескі:

“Гэта не такое простае пытаньне, як падаецца на першы погляд. Расейцы не пускалі таксама і амэрыканскія прадукты, бо таксама лічылі іх непрыдатнымі для спажываньня. А паглядзіце на ўпакоўку тых жа самых расейскіх прадуктаў — там увесь набор фарбавальнікаў, араматызатараў і гэтак далей. Таму многае робіцца для таго, каб абараніць свой унутраны рынак”.

У наступных тэлефанаваньнях — тэма эканамічнага крызысу і ягоных наступстваў у Беларусі:

Спадар: “З нагоды фінансавага крызісу я больш цяпер гляджу не на краіну Беларусь, а на Расею. Бо калі ў Расеі пачнецца каляпс ці бунт бессэнсоўны і бязьлітасны, то дастанецца ня толькі Беларусі, але і ўсяму сьвету. Энэргетычны крызіс і ўсё на сьвеце”.

Спадар: “Цэны павышаюцца ў два разы. Дзе ж тады старшыня Саўміну і тыя, хто абяцаў пакараць за павышэньне цэн? Дзе гэта? Паводле Крылова — гэта кот Васька, які слухае ды есьць”.

Спадарыня: “Каму дрэнна, няхай выяжджаюць зь Беларусі. А то крычаць: кепска, дрэнна! Мы молімся за Лукашэнку! Няхай дасьць Бог яму здароўя, што ён адстаяў сталіцу, і вёскі, і гарады — усё прывёў у парадак. А каму мала — трэ было працаваць. Я, напрыклад, зарабіла на такую пэнсію, што мне ня страшна нічога, ніякія павышэньні цэн! Мне хапае. Гэта сорам слухаць такія званкі! Людзі ўжо за мяжой — і то зайздросьцяць нашай Беларусі! Тыя, хто не задаволены, відаць, у паліцаях былі, а цяпер брэшуць, старыя людзі — які сорам!”

Віктар, Рэчыца: “Зараз у рэспубліцы практычна няма дзяржаўных прадпрыемстваў, якія працуюць эфэктыўна без датацый. Штогод на сяло ўрадам вылучаецца 1,5 мільярда даляраў. Таму хацелася б даведацца пра меркаваньне кампэтэнтных спэцыялістаў па выхадзе са складанага становішча ў сельскай гаспадарцы”.

На пытаньне адказвае акадэмік Іван Мікітчанка:

“Так, сельская гаспадарка ў нас стратная. Ну, а што трэба рабіць? Зямлю трэба перадаць гаспадару. Гаспадар не павінен сядзець на вуліцы Карла Маркса. Гаспадаром павінен быць той, хто на ёй працуе”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG