Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Новікава: “Мы развучыліся любіць”


Грамадзкая рэдактарка гэтага тыдня на радыё “Свабода” Марыя Новікава – адна зь пераможцаў праведзенага нашым радыё конкурсу бардаўскай песьні. Намінацыя, дзе Марыі не было роўных, называлася “Свабода на барыкадах”.

Марыя Новікава закончыла музычную вучэльню ў Наваполацку, затым – сталічны пэдунівэрсытэт імя Максіма Танка, цяпер працуе ў школе мястэчка Самахвалавічы, што пад Менскам. Адначасова ўжо тры гады яна – арганістка вядомага на ўсю Беларусь касьцёлу сьвятых Сымона і Алены.

Сёньня Марыя Новікава разважае над тым, кім ёсьць чалавек чалавеку.

– Кажуць, чалавек чалавеку – воўк. Вораг. Бойся! Абараняйся! Ату яго, ату!

А прыгледзісься і бачыш – усё, як у вершы Ірыны Дарафяйчук:

Чалавек чалавеку – зачынены склеп,
Чалавек чалавеку – пустэча...

Жывем і ня бачым, што побач робіцца. У двары. На вуліцы. На адной лесьвічнай пляцоўцы можам гадамі жыць і імёнаў суседзкіх ня ведаць.

Ды што там – ва ўласнай кватэры можна жыць дзьвюма пустэчамі і так і не пачуць адно аднаго за ўсё жыцьцё... Мне гэта добра вядома.

Мой бацька ў 2006 годзе памёр. Ён, бядак, моцна піў, а быў добрым чалавекам. Усім дапамагаў – ніхто дрэннага слова сказаць ня можа. Каму дапамагаў, тыя й паілі. З трынаццаці гадоў памятаю яго цьвярозым можа толькі пару дзён...

Так за жыцьцё і не пагаварылі. Страшна робіцца: не пагаварылі... А разам жылі, у адной кватэры. Праўда, ён для мяне пустэчай ня быў. Ня стаў.

Цяпер назад азіраюся – бачу: пакінуў на дзіва трывалую спадчыну. Дагэтуль ягоныя слоўцы ў гаворцы вылазяць, і, напэўна, схільнасьць вось гэтая не згаджацца зь няпраўдай – адтуль. І думаю: пасьля яго ў спадчыну найважнае засталося – не мільёны, не машыны, а мудрасьць нейкая жыцьцёвая і прага свабоды...

Толькі ж ня ўсім так шанцуе ў блізкім чалавеку чалавека разгледзець.

Вось і цьвярджу цяпер сваім вучням, сябрам, усім кажу: ня бойцеся лішні раз добрае слова чалавеку сказаць! Не лянуйцеся паслухаць, не адмахвайцеся, каб пустэльняй яму ня стаць.

Часам людзі разводзяцца і высьвятляецца: а яны і не былі блізкімі ніколі... Ім ад дня вясельля не было пагаварыць пра што. Сумеснай тэмы не знаходзілася.

Ды тэмы ладна, не ў гаворцы справа: іншы раз удваіх і памаўчаць можна! Але тут – іншае: разам тут проста нецікава... Ня бачаць ужо цэлы сьвет у іншым чалавеку. У тэлевізары бачаць, а ў жывым чалавеку неяк нязручна...

А сакрэт просты: развучыліся любіць. Розумам усё ведаем, а любові не асягнулі.

Закрытыя сэрцы. Падробкі мы…

Так незваротна, так бездапаможна
Мы разышліся ў часе назаўжды.
З вачэй вада. У душы – агонь трывожны.
У словах лёд, над лёсам – знак бяды.
Няма рашэньня ў крыжаванкі гэтай.
Твой цень адбіўся на шляхах другіх,
Зь нябёс вада, няма дарогі ў лета...
І на вадзе кругі, кругі, кругі...

Каб не губляць дарогу ў лета, паверце, што чалавек чалавеку – каханьне. Сьвятло. Мы няшчасныя, бо ня верым...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG