Суддзя Першамайскага райсуду Андрэй Прэйс прысудзіў Валер”ю Шчукіну штраф памерам дзьве базавыя велічыні, або 70 тысяч рублёў. Ён прызнаў вядомага актывіста вінаватым, разгледзеўшы міліцэйскі пратакол, складзены 11 сьнежня мінулага году. Згодна з гэтым дакумэнтам, спадар Шчукін нібыта непрыстойна паводзіў сябе ў гарадзкім клінічным шпіталі №2, куды прыехаў у якасьці журналіста і праваабаронцы.
На пачатку пасяджэньня судзьдзя Андрэй Прэйс не дапусьціў да ўдзелу ў працэсе сябра БХК Паўла Левінава ў якасьці грамадзкага прадстаўніка падсуднага. І таму падсудны Шчукін адмовіўся даваць паказаньні падчас працэсу і мяркуе абскарджвацm судовае рашэньне:
“Канешне, буду абскарджваць! Мяне пазбавілі юрыдычнай дапамогі, таму я не сказаў ні слова, і на кожнае пытаньне судзьдзі адказваў толькі адно: “Мне патрэбная дапамога!”
Спадар Шчукін кажа, што мог бы бараніць сябе й самастойна, аднак вырашыў прынцыпова настойваць на тым, каб Паўла Левінава дапусьцілі да ўдзелу ў працэсе. Удалося дамагчыся толькі таго, што разам з прадстаўніком БХК Шчукіну дазволілі пазнаёміцца з матэрыяламі справы.
Інцыдэнт, які стаўся падставай для разьбіраньня, адбыўся 11 сьнежня ў 2-м гарадзкім шпіталі Віцебска. Спадар Шчукін разам са сваякамі прыйшоў адведаць няпаўнагадовага Максіма Андрэева, якога зьбіраліся зьмясьціць у сацыяльны прытулак. Маці падлетка імкнулася давесьці, што гэта супрацьзаконна, і зьвярнулася па дапамогу журналіста й праваабаронцы.
Валеры Шчукін кажа, што ён убачыў падлетка ў дужа знэрваваным стане. 16-гадовы Максім апавёў, што гэта – вынік гаворкі зь лекарам-псыхіятарам Зьмітром Сырнікавым, які прыехаў, каб забраць яго ў псыханэўралягічны дыспансэр.
Валеры Шчукін запатрабаваў, каб адмысловец-псыхіятар не аказваў ціск на хлопца. Але спадар Сырнікаў заявіў, што праваабаронца яго абражае, і выклікаў міліцыю. Ахоўнікі правапарадку падстаў для затрыманьня не знайшлі, і тады Зьміцер Сырнікаў напісаў пісьмовую заяву пра нібыта хуліганскія паводзіны Шчукіна. Міліцыянты тут жа склалі пратакол, дадаўшы, што вядомы журналіст і праваабаронца лаяўся ў іх прысутнасьці.
Прадстаўнік БХК Павал Левінаў адзначае, што на сёньняшнім судзе ў якасьці сьведкаў міліцыянтаў не было. Але не было і сваякоў хлопца, інтарэсы якога адстойваў Валеры Шчукін.
“Маці і старэйшага брата, які таксама ўсё бачыў, суд чамусьці не выклікаў у якасьці сьведак. Не было й супрацоўнікаў міліцыі, не было таксама ні дактароў, ні хворых --суседзяў па палаце. Затое былі клясны кіраўнік Максіма Андрэева, школьны псыхоляг і работнік дзіцячага прытулку”, -- распавёў Павал Левінаў.
Адразу па сканчэньні судовага працэсу абодва праваабаронцы пачалі складаць заяву, каб абскардзіць рашэньне Першамайскага суду. Яшчэ раней Валеры Шчукін напісаў заяву ў пракуратуру з патрабаваньнем прыцягнуць лекара Зьмітра Сырнікава да судовай адказнасьці за паклёп.