Паводле Енэко Ландабуру агрэсіўная прырода палітыкі Масквы адносна суседзяў робіць для Эўразьвязу жыцьцёва неабходным умацаваньне сувязяў з яго ўсходнімі суседзямі. Чакаецца, што новая праграма Ўсходняга партнэрства будзе зацьверджаная на саміце Эўразьвязу ў сакавіку, а ў траўні ў Празе адбудзецца сустрэча лідэраў Эўразьвязу з кіраўнікамі 6 краінаў, якім партнэрства прапаноўваецца – Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Кіраўнік зьнешнепалітычнага аддзелу Эўракамісіі падкрэсьліў, што Ўсходняе партнэрства – найлепшы крок для яе ўдзельнікаў калі-небудзь далучыцца да Эўразьвязу. Разам з тым Енэко Ландабуру даў зразумець, што гэта справа вельмі далёкай пэрспэктывы
"Пытаньне аб ўступленьні ў Эўразьвяз не стаіць на парадку дня, падабаецца вам гэта ці не. Гэта палітычная рэальнасьць. У Эўразьвязе няма кансэнсусу наконт пачатку перамоваў аб сяброўстве – гэта факт".
Партнэрства прапануе шасьці суседзям пэрспэктыву вольнага гандлю, спрашчэньне візавага рэжыму, пазьней – дамовы аб асацыяцыі. Спадар Ландабуру падкрэсьліў, што новая прапанова Брусэлю не спадабалася Маскве. Але гэта ня нашая праца – праводзіць палітыку, якая б падабалася спадару Пуціну – сказаў прадстаўнік Эўракамісіі.
Аднак некаторыя эўрадэпутаты скрытыкавалі падыходы Эўракамісіі як недастатковыя. Мары Ан Іслэр Бэгуін, якая ўзначальвае групу Эўрапарлямэнту па Паўднёвым Каўказе заявіла:
"Мне здаецца, што новыя прапановы – спроба прыхаваць слабасьць палітыкі добрасуседзтва. Што вы прапаноўваеце гэтым 6 краінам? Пагадненьне аб асацыяцыі, спрашчэньне візавага рэжыму, вольны гандаль – нічога новага ў параўнаньні з тым, што ўжо прапанавана, напрыклад, Украіне і Грузіі. І акрамя таго, гэта ўсё расьцягнутае на вялікі час".
Спадарыня Бэгуін выказала меркаваньне, што нядаўнія пагадненьні аб стратэгічным партнэрстве, падпісаныя Злучанымі Штатамі з Грузіяй і Ўкраінай – значна больш сур'ёзная ініцыятыва, чым прапановы Эўракамісіі. Дэпутатка сказала, што Эўракамісія павінна прапанаваць ўсходнім суседзям ясную пэрспэктыву сяброўства ў Эўразьвязе, якая адзіная магла быць дастаткова моцным стымулам для рэформаў.