АЎТАР І ТВОР
ЮРАСЬ ПАЦЮПА: “Я ЦЭЛЫ ГОД ЗЬБІРАЎ САБАК!”
“Хай будзе беларускі постмадэрнізм!” – напісаў Юрась Пацюпа яшчэ ў канцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. У ягоных тагачасных вершах Дыяген Сінопскі і Францішак Багушэвіч сьпявалі савецкія гімны, Бацька Народаў натхняў хлебаробаў на бітву за ўраджай, а падводная лодка на гумавай хадзе ехала наўпрост у камунізм. Усе гэтыя творы і склалі зборнік “Сабака”, які нядаўна выйшаў у выдавецтве “Лімарыюс”. З аўтарам сустрэўся Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Юрась, прыпамінаю, што гадоў дзесяць таму тыднёвік “Літаратура і мастацтва” паведамляў ужо пра выхад зборніка “Сабака”. Дык што, гэта другое выданьне?”
Юрась Пацюпа: “Тое выданьне было віртуальнае. Яно існавала ў маёй галаве, пра яго ведалі тыя людзі, якія чулі мае вершы, якія іх чыталі. Праблема ў тым, што ў свой час, калі Алесь Аркуш арганізаваў выдавецтва “Полацкае ляда”, ён прапанаваў мне выдаць там зборнік. Але нешта мяне не задавальняла, нешта хацелася дапісаць і перапісаць, думалася пра больш дыхтоўную кнігу. Многія вершы я так і не апублікаваў, лічыў іх недасканалымі. Адкладваў-адкладваў, але пра зборнік шмат дзе гаварыў, чытаў зь яго творы. Таму, мабыць, гэтая інфармацыя ўвайшла людзям у вушы і запомнілася. І неяк у прадмове да аднаго майго тэксту Юрась Залоска, які тады працаваў у “ЛіМе”, напісаў, што ў Пацюпы выйшаў новы зборнік “Сабака”. І ў гэткі спосаб даў яму віртуальнае жыцьцё. І я гэтую містыфікацыю не аспрэчваў”.
Скобла: “У мастацкім аздабленьні твайго зборніка ўзялі ўдзел ажно 18 паэтаў – кожны намаляваў свайго сабаку. У народзе кажуць: які гаспадар, такі і сабака. У зборніку малюнкі не падпісаныя. А хто аўтар, напрыклад, гэтага мілага цюцькі, які сядзіць за кампутарам?”
Пацюпа: “Можа быць, і ня варта рассакрэчваць аўтараў, але для слухачоў “Дому літаратара” адкрыю таямніцу... Аўтарка сабачкі, які сядзіць за кампутарам, – Аксана Спрынчан. На вокладку патрапіў сабака Людмілы Рублеўскай, якая, дарэчы, нечакана для мяне выявіла сябе таленавітай мастачкай. Людка Сільнова намалявала ажно два сабакі: адзін зь іх скруціўся, як сьлімак, ён нават падобны да нейкага кашалёчка, а другі скача ў неба. Вельмі пазнавальныя і адметныя сабачкі Адама Глёбуса. Я іх адумысна паставіў побач з сабачкам Сільновай. Калі ейны сабачка скача ў неба, то Глёбусаў – брутальны, злы, выскаліў зубы, фаласам амаль што рые зямлю і адначасна выпражняецца… Сабачка Анжаліны Дабравольскай – паэткі ад Бога – плача. Побач ляжыць каса. Напэўна, хтосьці сабакам сена косіць. Можа, Анжаліна мела на ўвазе аўтара кніжкі…”
Скобла: “А ці складана было знаных паэтаў прымусіць маляваць?”
Пацюпа: “Ой, гэта было страшэнна цяжка, і я так замучыўся! Я цэлы год патраціў на зьбіраньне гэтых сабак! Хацеў ужо кінуць гэтую турботную справу, патэлефанаваў выдаўцу і сказаў, што ў мяне няма здароўя іх зьбіраць, што мне прасьцей новы зборнік напісаць. Але пакуль ішлі карэктуры, сабачкі паціху маляваліся, і я ў апошні момант паднапружыўся і сабраў яшчэ. Балазе, некаторыя паэты намалявалі па некалькі сабачак”.
Скобла: “Прэзэнтацыя зборніка “Сабака” ў сьнежні мінулага году адбылася на філфаку Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Як рэагавалі студэнты на іранічна-парадыйныя вершы, напісаныя яшчэ ў 80-я гады? У іх жа адлюстраваныя яшчэ нейкія савецкія рэаліі”.
Пацюпа: “Студэнты – істоты загадкавыя, таму часам цяжка зразумець іхнюю рэакцыю, але ў цэлым добра рэагавалі, калі я чытаў. Мяне больш зьдзіўляла іншае. Калі я выходзіў з чытаньнем гэтых вершаў у Менску, то для аўдыторыі яны не выглядалі нейкімі састарэлымі. Усе – як напісаныя літаральна ўчора”.
Скобла: “У зборніку “Сабака” ня толькі твае вершы, але і творы, прысьвечаныя табе, – пародыі й панегірыкі. Мне кінуўся ў вочы адзін панегірык Андрэя Пяткевіча, дзе ён цябе ўзьвялічвае да нябёс. Ажно прыгледзеўся і бачу, што гэта акраверш, дзе першыя літары кожнага радка складаюць зусім не панегірычную фразу:
Пацюпу верш свой прысьвячаю!
Адзіны ў Беларусі ён Паэт.
Цудоўныя ў яго радкі выходзяць.
Юрась! Табе паслала неба ўзнагароду
Паэзію адчуць і зразумець.
Айчыну ўславіш імем ты сваім!
Газэты на бялюткіх крылах
Радкі твае па сьвеце разьнясуць.
Адчыніць дзьверы Муза на Парнас.
Філёзафам ты станешся ў вякох,
Аквінскаму Фаме падобным.
Мінуць стагодзьдзі, пасталеюць дрэвы,
А ты ў душы народа застанешся –
Наш сьціплы і выдатнейшы Паэт!
А ты тады не пакрыўдзіўся на Андрэя за такі “панегірык”?
Пацюпа: “На самога Андрэя я не пакрыўдзіўся. Але пакрыўдзіўся на другіх. Справа ў тым, што ён падараваў мне гэты верш і не папярэдзіў пра яго падвойны сэнс. Папярэдзіў другіх. І яны хітра пасьмейваліся, а я нічога не разумеў! Пакуль мне Пяткевіч сам не прызнаўся. Я рады, што гэты верш амбівалентны. Фразай “Пацюпа – графаман” усе панегірыкі перакрэсьліваюцца. А фраза – наадварот, перакрэсьліваецца панегірыкамі, таму – усё нармальна”.
Скобла: “Я ведаю, што ты складаеш слоўнік беларускай мовы. Чым цябе не задавальняюць тыя слоўнікі (а іх нямала), якія ёсьць?”
Пацюпа: “Я не адзін слоўнік складаю, а адразу некалькі. Сякія-такія напрацоўкі я ўжо апублікаваў. Скажам, у часопісе “Аrche” я надрукаваў невялічкі слоўнік фразэалягізмаў. Там гэтых фразэалягізмаў – на ўсе выпадкі жыцьця. А чаму я хачу зрабіць вялікі расейска-беларускі слоўнік? Таму што за дваццаць гадоў новай хвалі беларускага адраджэньня ніхто не парупіўся зрабіць адпаведны сытуацыі слоўнік”.
Скобла: “Пачакай жа, здаецца ў 1993 годзе выйшаў трохтомавы Расейска-беларускі слоўнік”.
Пацюпа: “Дык ён жа паўтарае ўсе памылкі і хібы ранейшага, “крапівоўскага” слоўніка. А пра той слоўнік Янка Станкевіч напісаў, што ў ягонай беларускай частцы больш расейскіх словаў, чым беларускіх. Там расейскія калькі сядзяць адна на адной! Колькі там усяго патрэбнага бракуе! Колькі там супярэчнасьцяў! Чытачу той слоўнік дае, ну я не скажу, што камень, але ён дае чэрствы хлеб замест хлеба мовы. Таму я патроху раблю свой слоўнік. Займаюся ім ужо недзе каля дзесяці гадоў. Фактычна ўсё маё жыцьцё ў літаратуры – гэта набліжэньне да гэтага слоўніка. Таму што як толькі я пачаў пісаць вершы па-беларуску, то пачаў цікавіцца адметнымі словамі, стараўся, каб мая мова была багатая, цікавая і прыгожая”.
ЮРАСЬ ПАЦЮПА. ВЕРШЫ СА ЗБОРНІКА “САБАКА”
Санет майго шчасьлівага савецкага дзяцінства
Палае сон пра дальныя краіны,
і пяцікутнае сьвятло зьвязды
на подушку ліецца, паязды
злучаюць мары у саюз адзіны;
вось сацрэалістычная карціна:
цьвітуць, нібы працоўны май, сады,
на палатне сьмяецца праз гады
ў пракураныя вусы дзед Скарына.
Ах, мне і сорамна і страшна жыць,
бо я ня ўмею партыю любіць,
бо я нічога іншага ня ведаў;
а на гумовай трактарнай хадзе
праз стэпы атамная лодка едзе –
ад нас гасьцінцы ў камунізм вязе.
1990
Санет да роднага ката
Мой родны кот, пярэсты, мілы,
я помнік для сябе узьнёс
вышэй за свой уласны нос,
крыху вышэй за бацьку-Ніла.
Вось панясу у «Нашу Ніву»
свой помнік, вершаў цэлы стос,
каб Дубавец іх там разьнёс
і ў кожны дом, і ў калектывы.
А там, як прыйдзе мой фінал,
скажу: «О так, я нефармал,
яшчэ учора камсамолец,
а пазаўчора піянэр,
за вершы (вучаць іх у школе!)
стаў простым клясыкам цяпер».
1991
Бэнзапіла
І
Аб’ект мае скразное матэрыяльнае прызначэньне і ўжываецца для пілаваньня дрэваў, сьпілоўвання сукоў, расьпілоўвання дроваў.
II
Аб’ект мае пераноснае матэрыяльнае прызначэньне і выкарыстоўваецца як меч-самасеч для расьсяканьня вояў, падразаньня варожых коней, зьнішчэньня зброі. На базе рухавіка бензапілы можа быць сканструяваны рыцарскі жалезны мота-конь.
III
Аб’ект мае пераноснае духоўнае прызначэньне і тарнуецца як электрагітара на хард-рок-канцэртах. Лепш браць старыя савецкія мадэлі «Дружба», «Урал», што мацней равуць, асабліва калі добра газуеш. Дым ад аб’екту тут будзе якраз дарэчы, – дзеля эстэтычнага афармленьня сцэны.
2004
Perpetuum mobile
Тут,
нікому не відзён, Бацька Народаў пасе сваіх каменных аленяў.
Каменны хлопчык з каменным мячыкам доўга ўзіраецца ў яго Гамэравымі вачыма.
Па ўсёй краіне ткуцца звонкія песьні на кроснах, аднойчы заведзеных Бацькам.
Вось яна, Сонечная Краіна каменных гарністых!
I толькі мірныя мэханізатары дзень і ноч, зіму і лета змагаюцца на перадавым рубяжы жніва, часамі адбіваючы з бартавьгх кулямётаў подлыя правакацыі палітычных прастытутак.
Сёньня ўвечары будзе выступаць міністар абароны.
1989
ДЭБЮТ
ДАР’Я ЛІС: “СЬВЯТЛО Ў МАЕ ВЕРШЫ ІДЗЕ АД ЛЮДЗЕЙ”
“Вясновы jazz” – так называецца першая кніга Дар’і Ліс. Гэта невялічкі зборнік, у якім усяго 25 вершаў і 5 апавяданьняў. Але калі вам патрапіцца на вочы гэтая дэбютная кніга маладой аўтаркі (што даволі праблематычна, бо наклад выданьня 200 асобнікаў), – не прамініце яе. Вам будзе гарантавана гадзіна душэўнага сьвятла, якое кароткімі зімовымі днямі, згадзіцеся, ёсьць не малым падарункам лёсу. З Дар’яй Ліс, якая нарадзілася і жыве ў знакамітым мястэчку Залесьсе на Смаргоншчыне, па тэлефоне гутарыць Валянціна Аксак.
Валянціна Аксак: “Вашае імя – новае ў беларускай літаратуры. Раскажыце крышачку пра сябе”.
Дар’я Ліс: “Я нарадзілася ў Залесьсі. Так атрымалася, што жыву тут і цяпер. Вельмі люблю свае прыгожыя мясьціны, хоць падчас сумую па вялікіх гарадах. Зрэдку выбіраюся ў Менск па справах, да сястры, на нейкія сустрэчы”.
Аксак: “Чытаючы вашы вершы, спынілася на такім вось зімова-калядным: “Калядны вечар, / Палае сьвечка / На вакне – / Як знак дарожнаму: / Сьвяты вечар, / Сьвята сустрэчы, / Сьвята сьвятла”. Скажыце, адкуль у вашых вершах столькі сьвятла? Вы жывяце ў вёсцы, якая (маю на ўвазе ўвогуле вёску, а не вашу канкрэтна) далёкая ад сьвятланоснасьці, шэрая, змрочная, з занядбанымі сядзібамі, са сьпітымі людзьмі, зь цяжкай, часам катаржнай працай. Яке вы знаходзіце сьвятло ў сваім вясковым сьвеце?”
Ліс: “Мне проста шанцуе на харошых людзей. І гэтае сьвятло, напэўна, ідзе ад тых людзей, якія побач са мной, якія побач са мной калі не фізычна, то духоўна, – ад маіх бацькоў, ад маіх сваякоў, нават ад маёй вёскі, таму што ня так ужо шмат занядбаных сядзібаў у Залесьсі. Што да праблемы алькагалізму, то яна аднолькава тычыцца і нашых гарадоў, і нашых вёсак”.
Аксак: “Скажыце, а калі вы пачалі пісаць вершы, ці калі адчулі нараджэньне вершаў у сабе?”
Ліс: “Пачала пісаць на першым курсе ўнівэрсытэту. Магчыма, прычынай таму было першае каханьне, магчыма, жаданьне выказацца, выплеснуць свае думкі на паперу”.
Аксак: “Першае каханьне як пачатак паэтычнай творчасьці – гэта даволі традыцыйна, прынамсі, для беларускай паэзіі. А ці былі ў вас куміры на пачатку творчасьці, ці мо яны і цяпер ёсьць сярод беларускіх паэтаў? Хто для вас літаратурны настаўнік ці аўтарытэт у сучаснай беларускай літаратуры?”
Ліс: “Наогул я згодная са сьцьверджаньнем: не ствары сабе куміра. Але аўтарытэты ў беларускай і ўсясьветнай літаратуры, безумоўна, ёсьць. Па-першае – гэта Ўладзімер Караткевіч, яго проза, яго “Каласы пад сярпом тваім”, “Калядная рапсодыя”. Ну і люблю вершы Алеся Разанава і прозу Людмілы Рублеўскай”.
Аксак: “Выбітная паэтка Данута Бічэль напоўніла ўступ да вашай кніжкі сьвятланосным, мо нават Боскім пачуваньнем вашых твораў, даўшы чытачу адпаведны накірунак успрыманьня. А хто выбіраў аўтарку прадмовы?”
Ліс: “Так сталася, што рэдактарку і аўтарку ўступу да маёй кнігі выбралі выдаўцы. Але гэта такая шчасьлівая выпадковасьць для мяне. Дарэчы, творчасьць гэтай аўтаркі таксама блізкая маёй душы, і яе вершы, такія сур’ёзныя і недасяжныя ў многім для мяне, прымушаюць мяне вучыцца і шмат думаць. Мне наогул цяжэй сказаць, што мне не падабаецца”.
Аксак: “Акрамя вершаў вы пішаце яшчэ артыкулы для газэты “Свободные новости плюс»…”
Ліс: “Так, я раблю для газэты штотыднёвую калёнку агляду навінаў з маімі невялікімі камэнтарамі. Мне падабаецца гэта рабіць. Яшчэ я пішу для гэтага выданьня навіны пра жанчын у палітыцы і артыкулы на гістарычную тэматыку зь нейкімі цікавінкамі з прыватных жыцьцяў вядомых людзей”.
Аксак: “Вы пішаце газэтныя артыкулы пра палітыку, і ў вашай кнізе значная частка вершаў мае публіцыстычнае гучаньне. Ці не стварае гэта вам і вашым блізкім праблемаў?”
Ліс: “Здаецца, пакуль што ўсё нармалёва, і я веру, што мае чытачы разумеюць, што кожны мае права пісаць пра тое, што яго “чапляе” ў гэтым жыцьці”.
Аксак: “Вашы пляны і мары? Іх звычайна багата ў маладых людзей, але скажыце пра самыя-самыя, жаданыя і запаветныя”.
Ліс: “Каб былі здаровыя блізкія і сябры. Гэта насамрэч – самае важнае, хоць падчас мы не разумеем такіх простых рэчаў. І яшчэ я мару пра падарожжы і хачу паболей новай цікавай працы. Рознай, абсалютна рознай. А яшчэ – усьмешак”.
КРЫТЫКА
ЧАСАМ ЯНЫ ВЯРТАЮЦЦА
Павал Касьцюкевіч. Душпастарскія спатканьні для дачнікаў. – Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. – 168 с. – (Кнігарня “Наша Ніва”)
Ісьціну, ісьціну кажу вам: “Душпастырскія спатканьні для дачнікаў” – пісьменьніцкі дэбют Паўла Касьцюкевіча, але назваць гэтую кнігу працай пачаткоўца можа хіба той, хто адмаўляе творчы пачатак у справе перакладу мастацкай літаратуры. Апавяданьні Паўла Касьцюкевіча паўставалі паралельна зь яго перакладамі кароткай прозы сучасных пісьменьнікаў Ізраіля, сабранымі ў кнігах “Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам” (проза Этгара Керэта; Мн: “Логвінаў”, 2007), “Чалавек, які скраў Сьцяну Плачу” (15 ізраільскіх апавяданьняў; Мн: Логвінаў, 2009). Касьцюкевіч-пісьменьнік, безумоўна, кшталтаваўся пад уплывам Касьцюкевіча-перакладчыка. У тэксьце “На адной назе пра ізраільскую літаратуру” – прадмове да сваёй другой перакладной кнігі – Касьцюкевіч дайджэстуе:
“Ізраільскія пісьменьнікі назвамі сваіх твораў зусім па-рэклямнаму цьвеляць чытача. (…) І – сакавітай мовай. (…) Яшчэ адна прынада для ізраільскага чытача – навеяны моднымі сюррэалізмам і абсурдызмам выгін сюжэтнай лініі. (…) Але ўсё ж перад намі літаратура, а не рэклямная прадукцыя.”
Так з тэарэтычных выкладак перакладчыка вымалёўваецца творчы мэтад пісьменьніка. Вы ня знойдзеце ў Касьцюкевіча анансаванага назвай “душпастырства” – хіба што замаскаванае, імпліцытнае. Назва прыгатаваная паводле ізраільскага рэцэпту, але сам выбар загалоўнай мэтафары паказальны: Гэтае “ісьціну, ісьціну кажу вам!” пакрысе ператвараецца ў лейтматыў маладой беларускай літаратуры. Проза Касьцюкевіча, у якой у роўных прапорцыях спалучыліся сучаснасьць Ізраіля і Беларусі ды традыцыі габрэйскага і беларускага народаў, здаецца мне эталёнам новага літаратургана напрамку, які мне прыемна называць “нью эйджам”.
Па-ангельску Касьцюкевіч называе свой зборнік паводле найбуйнейшага твору, што ў яго ўваходзіць: “Good morning, Korea!” – “Добрай раніцы, Карэя!” Апавяданьне гэтае – сымбалічны ключ ад гораду пад назвай “празаік Павал Касьцюкевіч”. Сымбалічны таму, што важкі: гэта самы працяглы тэкст у “капілцы” (капліцы?) нашага аматара звышкароткіх жанраў. Касьцюкевіч падазрона, як на беларускага незалежнага інтэлектуала, далёкі ад таго, каб праводзіць лабавыя паралелі паміж камуністычнай карэйскай Поўначчу і сувэрэнннай Беларусьсю. Гэтыя паралелі далікатныя і ненавязьлівыя, яны замаскаваныя пад тое эстэцкае сузіральніцтва, зь якім апошнім часам у колах лявацкай моладзі модна ўспрымаць карэйскую праблематыку.
Як і ўсе іншыя тэксты, твор заўважна аўтабіяграфічны. Аўтар вызначае яго жанр так: “нутраная адысея”. Герой Касьцюкевіча Чон У Чхі пакутуе на падваеньне асобы: адна палова яго душы і мозгу належыць Поўначы, другая – Поўдню, мяжа праходзіць па бэтоннай перагародзе ў яго галаве. Твор мае і рэальнае вымярэньне: гэта можа быць незвычайная, але цалкам верагодная гісторыя карэйца, палова жыцьця якога прайшла ў Пхеньяне, а палова – у Сэуле. Але для нашых мэтаў істотна менавіта мэнтальнае вымярэньне Касьцюкевічавай Карэі:
“У апошнюю ноч, калі перагарода амаль завершаная, Чон У Чхі робіць выбар: ён наважыўся на адчайны рывок у сваю п’яную, загульную Поўнач, дзе ні мазгоў, ні справаздачы, толькі цьмяныя агні паўстанкаў і тамбур зь бляшаным вядром, у якім гіганцкай артутнай жамчужынай пераліваецца каламутная вада, закалыхваючы млявыя шыцікі недапалкаў” (“1. Пачатак падарожжа”).
Ці не такі самы кульбіт зьдзейсьніў быў Касьцюкевіч у сваіх ваганьнях паміж рэальнай і гістарычнай радзімамі – Ізраілем і Беларусьсю? Зрэшты, магчыма сакрэт ягонай Карэі ў тым, што яму проста падабаюцца фільмы Кім Кі Дука.
Кніга ўвогуле напісаная падвойным кодам. Ізраіль тут неаддзельны ад Беларусі, гумар ад сьлёзаў, незласьлівая сатыра “апавяданьняў для мужчын” – ад кранальнай чуласьці “апавяданьняў для жанчын”. Гэтая падвойнасьць бліскуча абыграная ў тэксьце, героі якога – састарэлыя габрэі, эмігранты з Усходняй Эўропы, якія дажываюць жыцьцё ў кібуцы – ізраільскім калгасе:
“Хаім ды Цыпі непрыязна ставяцца адно да аднаго, таму бавяць большасьць часу разам. Непрыязнасьць вынікае з сутыкненьня надта ўжо розных мэнтальнасьцяў. Цыпі з Расеі, з Касьцюковічаў. А Хаім з Пружанаў (Польшча). (“Мапа”).
Зрэшты, усе Героі Касьцюкевіча – сэнтымэнтальныя дзядкі: як старыя, так і маладыя. Сэнтымэнтальнасьць – вядучы патас зборніка, за “камэдыклабнасьцю” дыялёгаў гэтай прозы хаваецца моцны зарад любові і настальгіі:
“ – А там вы ляталі?(…) – Адзін раз, доктар. Над Менскам, зімой 1964-га. Па радыё ўжо абвесьцілі, што гэта Гарві забіў Кенэдзі. А мне, ведаеце, так стала вусьцішна, іду па вуліцы, а нешта такое віруе ў жываце, і тут як нейкі стрыжань падымае ў паветра. Ачомалася, гляджу – Менск пада мною, а я адляцелася на самы пачатак Горкага. Потым па-над таполямі кірую ў бок сквэру. І далей: па-над Опэрным, Дом тэлебачаньня, па-над Круглай, па Варвашэні, уздоўж Якуба Коласа, ля ЦУМу, рэспубліканская больніца, парк Чалюскінцаў. Тут расьцяроб якісь пачаўся – кідае туды-сюды: то на Чкалава, то на Лодачную…” (“Менскае каханьне Лі Гарві Освальда”).
Арыгінальная проза Касьцюкевіча блізкая мне тым, што ён дагэтуль ня надта ўяўляе сабе, чаго ён хоча ад літаратуры, выдатна ведаючы, як яе рабіць. Яго “Душпастарства” – з тых кнігаў, калі аўтар зьбірае пад адну вокладку тэксты, напісаныя з розных нагодаў, і старанна падганяе іх пад адну канцэпцыю. У беларускай літаратуры такія кнігі зазвычай атрымліваюць аўтаматычную фору: “першая кніга пісьменьніка”. Я не хачу даваць Касьцюкевічу такой форы. Яго кніга – пробнічак файнай парфумы, з тых, што раздае фірма ў рэклямных мэтах. Я паспрабавала, пробнік скончыўся – і цяпер мне хочацца цэлы флякон.
Марыя МАРТЫСЕВІЧ