Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шукаем будаўнікоў для АЭС


Акцыянэрнае таварыства Белэнэргабуд набірае працоўных на меркаванае будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі.


Пакуль, паводле энэргабудаўнікоў, яны фармуюць толькі базу зьвестак на ахвочых узводзіць АЭС і толькі ў межах сваёй арганізацыі. Днямі абвестку пра такі набор зьмясьціла адна з гарадзкіх магілёўскіх газэт. Згодна зь ёй на будоўлю запрашаюцца працоўныя будаўнічых спэцыяльнасьцяў.

У Магілёве падборам кадраў займаецца філіял будаўнічай управы мясцовай цеплаэлектрацэнтралі. Там паведамілі, што пакуль ахвочых будаваць АЭС няма, а за больш падрабязнай інфармацыяй параілі зьвяртацца ў Менск да кіраўніцтва Белэнэргабуда.

У Белэнэргабудзе паведамілі, што такія ахвотнікі ёсьць:

“Я проста запісваю й кажу, што “Сказаць вам, што заўтра вы паедзеце на атамную электрастанцыю я ня маю права. Можа гэта будзе пры канцы першага кварталу. Можа ў лютым спатрэбяцца людзі”. Няхай будзе база зьвестак на гэтых людзей. У патрэбны момант мы іх можам выклікаць. Калі мы пашырым гэтую маленькую аб’яву я не адграбуся, выбачайце, ад людзей”, – зазначыў прадстаўнік адміністрацыі Белэнэргабуду.

А ці гатовыя магілёўцы выправіцца на будаўніцтва АЭС?

Спадар: “Ну за заробак нармальны. Каб чалавек мог праіснаваць там нармальна ды набыць нечага. Два мільёны, тры мільёны – гэта той заробак”.

Спадар: “Хутчэй за ўсё не. З аднаго боку грошы, а з другога боку радыяцыя небясьпечная. Здароўе – самае галоўнае на дадзены момант”.

Спадар: “Каб я там жыў, як чалавек. Пажадана кватэру й каля трох мільёнаў”.

Спадар: “Мне там няма чаго рабіць. Мне ня трэба нічога. У мяне ўсё ёсьць”.

Белэнэргабуд для узьвядзеньне АЭС шукае спэцыялістаў будаўнічых спэцыяльнасьцяў. Акурат у іх мае патрэбу і магілёўская будаўнічая галіна. Гораду цяпер нестае больш за шэсьцьсот будаўнікоў, а мясцовая ўлада мае вялікія пляны ўзьвядзеньня жытла.

Шмат мясцовых будаўнікоў пакрысе вяртаюцца з заробкаў з Расеі. Гастарбайтэры наракаюць, што там цяпер крызіс і расейцам не да будоўляў.

Ці затрымаюцца яны на радзіме і ці варта спадзявацца на іх ўдзел у будаўніцтве беларускай АЭС?

“У нас заробак 350-400 даляраў ад сілы, і хто працаваў у Расеі – проста адседзіць дома зіму і зьедзе зноў, калі адновіцца будаўніцтва ў Расеі”, – мяркуе магілёўскі будаўнік Мікалай Расюк.

Паводле яго, на расейскіх будоўлях беларускія гастарбайтэры зарабляюць ад сямісот да адной тысячы даляраў.

Што да ўзьвядзеньня сіламі беларускіх будаўнікоў сваёй жа АЭС, то спадар Расюк, зазначае, што ўсё будзе залежаць ад памераў заробку, на якім беларускія ўлады прызвычаіліся эканоміць.

Горацкі актывіст, адзін з ініцыятараў збору подпісаў супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС Эдуар Брокараў зазначае, што калі пачнецца ўзьвядзеньне станцыі, пэўна ж, будаўнікі знойдуцца:

“Там будуць відаць добрыя заробкі, і няхай гэтыя грошы заробяць лепш нашыя людзі. Дзяржава давяла людзей да беспрацоўя, жабрацтва і цяпер кідае ім нейкі кавалак. Гэтых людзей асуджаць цяжка, што яны захочуць усё ж такі атрымаць у сваёй краіне, а не ў нейкай Маскве, дзе яны працуюць як парабкі”.

Нагадаем, 20 сьнежня Дзяржаўная камісія па выбары месца разьмяшчэньня зямельнага ўчастка для будаўніцтва АЭС у Беларусі прыняла рашэньне пра будаўніцтва станцыі на Астравецкай пляцоўцы ў Гарадзенскай вобласьці. Ад яе да Менску – 134 кілямэтры, да мяжы зь Літвой – дваццаць, а да Вільні – 53.

Разглядаліся таксама варыянты будаўніцтва на Чырвонапалянскай (Чавускі раён) і Кукшынаўскай (Горацкі раён) пляцоўках Магілёўскай вобласьці.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG