Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нікітчанка: Радыяцыяй забруджана ўся Беларусь


Сярод ахвотных, якіх праверылі ў Горадні на прадмет назапашваньня радыяцыі, не знайшлося ніводнага чалавека, у чыім арганізьме не было б стронцыю.


Офіс Таварыства беларускай школы ў Горадні нагадвае сёньня паліклініку. Член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі прафэсар Нікітчанка і навуковы супрацоўнік Максім Казырэнка прапануюць ахвотным вызначыць на спэцыяльным абсталяваньні колькасьць радыяцыі, назапашанай у арганізьме.

Спадарыня пэнсійнага веку трымае ў руках раздрукоўку з спэцыяльнага апарату, які вызначыў у яе ўтрыманьне цэзію й калію.

Пытаюся, што ёй патлумачыў спэцыяліст.

Спадарыня: “У мяне цэзій падняўся, раней да Чарнобылю яго наагул у мяне не было. А калій з запасам, калій — 40”.

Яшчэ адна спадарыня кажа, што пасьля выбуху Чарнобыльскай АЭС часта езьдзіла да бацькоў, якія жывуць на Магілёўшчыне.

Спадарыня: “Перабольшаная колькасьць у мяне цэзію, трэба выводзіць, а калію замала — трэба дабаўляць”.

Навуковы супрацоўнік Максім Казырэнка, які правёў у спадарыняў праверку, дае параду, як зьмяншаць утрыманьне ў арганізьме цэзію і падвышаць —калію.

“Цэзій можна выводзіць пэктынамі: яблыкаў больш есьці, зэфір, чакаляд, мармэляд і імкнуцца не ўжываць грыбоў, ягадаў, дзічыны. Бо праблемы могуць быць у кожнага свае, але ў асноўным — парок сэрца”.

Пытаюся ў прафэсара Нікітчанкі: якія ягоныя высновы пасьля падобных праверак па ўсёй Беларусі?

Іван Нікітчанка
“Радыяцыяй забруджана ўся Беларусь, і любы чалавек, дзе б ён ні жыў, можа атрымаць хранічную ўнутраную дозу радыяцыі, якая небясьпечная й абавязкова прывядзе да хваробаў”.

“А як вы ахарактарызуеце Гарадзеншчыну ў гэтым сэнсе?”

“Таксама забруджаная, хаця вялікіх дозаў мы не выяўлялі. Праўда, былі толькі ў чыстых зонах. Але гэта ўжо паўсюль хранічна”.

“Дык выходзіць, што людзей без утрыманьня ў арганізьме таго ж цэзію ў нас ужо й няма?”

“Практычна так. Да прыкладу, учора ў Мастах толькі ў трох чалавек не знайшлі ўтрыманьня цэзію ў арганізьме. А вось тут пакуль яшчэ ніводнага не было”.

Спадар Нікітчанка скрытыкаваў улады, якія дагэтуль, нягледзячы на вопыт мэдыкаў, сьцьвярджаюць, што ў Беларусі людзі не хварэюць ад радыяцыі, і ня ладзяць абавязковыя штогадовыя праверкі.

“Калі мы ўсё ж выб’ем сыстэму радыяцыйнай абароны, то трэба ўжо будзе сюды грошы накіроўваць, а не на будаўніцтва лядовых палацаў. Але яны гэтага ня хочуць, хаця й самі ад гэтага паміраюць. Нічога не разумеюць, бо мэнталітэт у іх такі”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG