Украіна гатовая аднавіць транзыт газу пасьля таго, як Расея адновіць пастаўкі. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка ў часе размовы са старшынём Эўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу.
Сёньня ў Сочы працягваліся расейска-ўкраінскія перамовы пра газ.
Папярэдні раўнд адбыўся ў чацьвер 8 студзеня. Бакі пакуль не дамовіліся пра ўмовы пастаўкі газу праз Украіну ў Эўропу. Пасьля таго, як Расея перакрыла транзытную трубу, бяз паліва засталіся 10 краінаў Эўропы.
Расейска-ўкраінская газавая вайна ў камэнтарах слухачоў Свабоды:
Спадар, Маладэчна: “Хачу сказаць некалькі слоў у абарону “Нафтагазу” Ўкраіны. Расея ўсёй сваёй магутнасьцю цісьне на былыя рэспублікі пасьля падзелу. У разьведцы радовішчаў газу, нафты і г.д. нароўні з таджыкамі, узбэкамі, беларусамі ўдзельнічалі таксама і ўкраінцы. А пасьля падзелу гэта засталося толькі Расеі. Адкуль такія завоблачныя цэны для Ўкраіны, практычна нароўні з Эўропай? Расея кажа пра цэны для Ўкраіны і маўчыць пра тое, што транзытныя цэны таксама трэба павышаць”.
Спадар: “У газавым канфлікце паміж Расеяй і Ўкраінай вінаваты Пуцін. Ён шмат у чым вінаваты”.
Спадар:
“Ва Ўкраіне транзыт, расейскі газ праходзіць,
А кошт яго Ўкраіне не падыходзіць.
Украінцы хочуць у Эўразьвяз,
А Крэмль назад, да сябе вярнуць.
Ён вялікі і магутны,
Але гісторыя не бывае наадварот.
Трэба Кіеву і Крамлю да кошту газу шукаць іншы падыход.
А не амбіцыі ўпярод.
Каб з палівам была Ўкраіна, Эўропа — і ўсім будзе згода!
Казаў слухач “Свабоды”.
Другая папулярная тэма ў тэлефанаваньнях гэтымі днямі — наступствы фінансавага крызісу ў Беларусі.
Ад 1 студзеня абменны курс беларускага рубля да іншых валютаў панізіўся на 20%. Насельніцтва кінулася скупляць тавары і валюту. Нацыянальны банк Беларусі паведаміў, што золатавалютныя рэзэрвы краіны скараціліся на 18%. Нацбанк таксама прызнаў, што пачаўся адток банкаўскіх укладаў. У працяг тэмы — такія тэлефанаваньні:
Спадарыня: “Адметная беларуская мадэль разьвіцьця накрылася медным тазам. На няшчасьце абдуранага электарату, законы разьвіцьця эканомікі не залежаць ад хачух ці кулакоў галоўных начальнікаў. Але цяпер самы час пасьля чатырнаццаці гадоў падману запэўніць свой народ, што хлусіць яму больш ня будуць”.
Спадар: “Апошні дыктатар Эўропы, ён жа праваслаўны атэіст, чалавек, вышэйшы за Бога, выступаючы 7 студзеня ў праваслаўным храме, тонам, які не дазваляе пярэчыць, выказаў сваю любімую фразу: “Крызісу ў краіне няма”. Канечне, хто б зь ім стаў спрачацца! Тым больш што наш дыктатар увёў крымінальную адказнасьць за размовы пра крызіс. Але мільёны людзей усё ніяк ня могуць адысьці ад шоку 2 студзеня, калі іх грашовыя ўклады ў рублях абясцэніліся адразу на 20 адсоткаў. Пацярпелі самыя безабаронныя слаі насельніцтва — пэнсіянэры, якія ўсё жыцьцё падрывалі сваё здароўе, запаўняючы нікому не вядомыя засекі радзімы. Ашчаджалі грошы, адкладалі на дамавіну, якая каштуе нятанна нават у нас у Беларусі. І вось гэтыя грошы абясцэніліся. І хто іх верне гэтаму няшчаснаму пэнсіянэру? Ніхто. Прыйдзецца яму недзе ўзяць сілы, жыць і ашчаджаць далей. Але як жыць, калі рубель абясцэньваецца, валюта даражэе?”
Спадар: “Я з гумарам гляджу на гэты ажыятажны попыт у Менску на пабытовую тэхніку. Вось баюся ўявіць, каб у Беларусі быў вольны гандаль зброяй. Хто багацейшы, набыў бы ў кватэру танк замест мэблі, хто бяднейшы — мінамёт. Ну, а жабракі б ужо купілі пісталет які-небудзь. Вось і ўяўляю: тры халадзільнікі, можа, і непатрэбныя, а вось тры пісталеты, можа, і спатрэбіліся б хоць арэхі калоць”.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.